Адна з асаблівасцяў культуры — яе пераемнасць. Мы пераймаем, назапашваем альбо забываем, дадаём сваё і перадаём увесь гэты набытак тым, хто ідзе за намі. Мы цытуем каго заўгодна, толькі не тых, хто нарадзіўся і жыў на нашай зямлі, дыхаў тым самым паветрам, быў часцінкай нашай гісторыі, а значыцца, і нас саміх. Кожная трапна і ёмка выказанная думка — наш супольны нематэрыяльны скарб, цагліна ў тым, што мы сёння называем беларускай культурай, яшчэ не да канца ўсведамляючы яе архітэктуру і вонкавыя межы. Не так важна, на якой мове былі выказаныя тыя думкі, з якіх паўстаў наш Беларускі Дом. Важна тое, ці спрыялі яны яго паўстанню, ці тлумачылі на свойскі лад жыццё і свет белы.
Гэты зборнік паўстаў як вынік кампаніі шэрагу грамадскіх ініцыятыў і арганізацый, якія заклікалі звярнуцца да найлепшага з беларускай думкі і скласці разам збор з цытатаў беларускіх мысляроў, мастакоў, грамадскіх дзеячоў. Да складання анталогіі айчыннай думкі далучылася шмат людзей, якія дасылалі больш як 250 цытат на адрас праекта.