Асоба і пасада: як прадстаўніку застацца грамадзянінам

Аляксей Качаржэнка

 Чалавек не можа гаварыць і дзейнічаць ад нічыяго імя акрамя ўласнага. Ён не мае непасрэднага доступу да думак іншых людзей і разумее іх досвед толькі праз прызму свайго. Словы, якія ён вымаўляе, выходзяць з ягонага рота, афарбаваныя тэмбрам ягонага голаса, падмацаваныя ягонай мімікай і мовай цела. Гэта – ягоныя словы. Дзеянні, якія ён робіць – гэта ягоныя дзеянні.

Я веру ў свабоду выбару, бо без яе любыя разважанні трацяць сэнс. У фаталістычным светапоглядзе, дзе біялогія і асабістая гісторыя дэтэрмінуюць думкі і дзеянні чалавека, нельга змяніць свайго лёсу. У ім словы і дзеянні нічога не вызначаюць: наадварот, яны накакнаваныя. Калі ж чалавек свабодны выбіраць, кожны ўчынак уплывае на астатак жыцця. Ён робіцца фактам біяграфіі. Яго можна лічыць удалым альбо аб ім шкадаваць, яго можна саромецца альбо ім ганарыцца. Можна на яго забыцца альбо ўсё астатняе жыццё змагацца з ягонымі наступствамі. Нельга толькі яго змяніць і адмовіцца ад адказнасці за яго.

Я веру што нашыя дзеянні кіруюцца нашымі каштоўнасцямі (вядома, сапраўднымі, а не дэклараванымі). Чалавека немагчыма да чагосці змусіць, можна толькі схіліць. Матэрыялныя стымулы і штрафы эфектыўныя калі чалавек абірае дабрабыт. Катаванні і пагрозы забойствам эфектыўныя калі чалавек абірае бяспеку. Пагрозы сваякам, сябрам і знаёмым эфектыўныя калі чалавек абірае спачуванне. Але трэба памятаць, што ва ўсіх гэтых выпадках чалавек робіць выбар: ягоныя дзеянні недэтэрмінаваныя.

Што адбываецца з чалавекам, якога абіраюць ці прызначаюць на пасаду? Яму прапануюць ролю і чакаюць ад яго яе выканання. Кожнай  ролі адпавядае набор норм і каштоўнасцей. Калі чалавек пагаджаецца заступіць на пасаду, ён пагаджаецца дзейнічаць адпаведна з гэтымі нормамі і каштоўнасцямі (акрамя выпадку дыверсіі). Гэта значыць, для чалавека гэтыя нормы прымальныя. Калі не – ён можа адмовіцца заступаць на пасаду, можа дамагчыся змены нормаў, альбо можа іх не выконваць (што, звычайна, вядзе да страты пасады). Нельга, аднак, казаць, што з нечым нязгодны, але робіш гэта таму, што ад цябе гэтага патрабуюць. Гэта робіш ты, і ты вольны выбіраць.

Нельга падзяляць чалавека на іпастасі. Ніхто з нас не адзін у трох асобах. Можна казаць сябе, што на працы ты гвалціш і катуеш, а дома п’еш, бо цябе гэта горка і агідна. Але трэба памятаць, што на працы і дома ты – той самы чалавек і ты абіраеш рабіць усё тое, што робіш.

Сістэма нашых каштоўнасцяў складаная і часта супярэчлівая. На яе фармаванне моцна ўплывае асяроддзе: сям’я, сябры, працоўны калектыў, царква і г.д. Калі грамадства даволі аднастайнае і збольшага падзяляе адны і тыя ж погляды, гэтыя погляды маюць добры шанец пазбегнуць крытычнага аналізу. Пакуль чалавек не вымушаны дзейнічаць, у адной галаве можа суіснаваць несумяшчальнае. Часта толькі ў надзвычайных выпадках апынаецца, што некаторыя каштоўнасці супярэчаць іншым: чалавек трапляе ў сітуацыю маральнага выбару. Рашэнне, якое ён прымае ў гэткіх абставінах вызначае, якім каштоўнасцям ён аддае перавагу. Калі грамадства больш разнастайнае і ў ім няма згоды па шматлікіх пытаннях, чалавек матываваны фармаваць уласныя погляды па гэтых пытаннях. Дзякуючы звычцы абіраць паміж рознымі гледжаннямі яму лягчэй выпрацаваць схільнасць крытычна ставіцца да любых норм. Немагчымасць спасылкі на нормы вымушае браць адказнасць за ўласныя дзеянні (у любых абставінах, у тым ліку на пасадзе). Таму разнастайнасць светапоглядаў і ладаў жыцця – адна з асноўных каштоўнасцяў адкрытага грамадства.

Вельмі часта нормы да якіх звяртаецца чалавек на пасадзе вызначаюцца поглядамі тых, хто яго прызначыў, абраў, ці нейкім іншым чынам вылучыў на гэтую пасаду. Чалавек адчувае адказнасць перад сваімі выбаршчыкамі, партыяй, альбо кіраўніцтвам. Ён разглядае сабе як прадстаўніка іхніх інтарэсаў і можа лічыць сабе абавязаным дзейнічаць адпаведна з іхнімі поглядамі. Але магчымыя розныя падыходы да канцэпту прадстаўніцтва.

З аднаго боку, функцыяй прадстаўніка можа ўяўляцца трансляванне меркаванняў тых, хто яго абраў ці прызначыў, нават калі яны супярэчаць ягоным асабістым перакананням. Той, хто падзяляе гэткае ўяўленне будзе лічыць, што дэпутат парламента павінны галасаваць так, як хацелі б ягоныя выбаршчыкі, а міністр павінны прымаць тыя рашэнні, якія б прыняў прызначыўшы яго прэзідэнт. Галоўная праблема гэтага ўяўлення, аднак, у тым, што ніхто не можа дакладна ведаць, як паступіў бы на яго месцы нехта іншы. Чыімі поглядамі павінны кіравацца, напрыклад, дэпутат? Большасці выбаршчыкаў ягонай акругі, па сведчаннях апытанняў грамадскай думкі? Альбо большасці выбаршчыкаў усёй краіны? Ці, можа, большасці выбаршчыкаў сваёй партыі? Альбо найбольш актыўных выбаршчыкаў, якія прыходзяць на сустрэчы з ім і пішуць звароты? Альбо экспертаў па кожным асобным пытанні, якія ёсць сярод выбаршчыкаў? Марна спрабаваць адсачыць погляды іншых і выбраць паміж імі. Чалавек усё адно будзе кіравацца ўласнымі ўяўленнямі пра гэтыя погляды.

З іншага боку, прадстаўніка можна разглядаць як чалавека, якому дэлегуюць паўнамоцтва вырашаць пытанні так, як падказваюць розум і сумленне. Пры такім падыходзе, напрыклад, міністр не абавязаны ўвесь час думаць як тое ці іншае пытанне вырашыў бы прэзідэнт, які яго прызначыў. Яму не трэба ані здагадвацца пра гэта, ані тэлефанаваць прэзідэнту каб даведацца пра ягонае гледжанне наконт кожнай дробязі. Ён можа прымаць рашэнні, якія ён асабіста лічыць правільнымі. Калі гэтыя рашэнні апынуцца непрымальнымі для прэзідэнта, ён можа зняць міністра з пасады. Гэтаксама, калі дзейнасць дэпутата не задаволіць ягоных выбаршчыкаў, гэты дэпутат не будзе пераабраны.

Прадстаўніцтва як дэлегацыя паўнамоцтваў пазбаўленае супярэчнасцяў уласцівых прадстаўніцтву як трансляцыі меркаванняў іншых. Прадстаўніку-дэлегату не трэба выбіраць паміж уласнай пазіцыяй і сваімі ўяўленнямі пра пазіцыяі тых, хто яго абраў ці прызначыў. Ён кіруецца асабістымі поглядамі і нясе поўную адказнасць за свае дзеянні. (Мабыць, нездарма ў старажытных Афінах прызначэнне на шмат пасадаў вырашала жэрабя: чалавек, прызначаны гэткім чынам не мае выбаршчыкаў, на думку якіх можна спаслацца, і таму пачуваецца ў сваёй дзейнасці больш вольным.)

Уяўленні пра прадстаўніцтва як трансляцыю меркаванняў іншых і пра прадстаўніцтва як дэлегацыю паўнамоцтваў грунтуюцца на розных каштоўнасцях. Галоўнае для тых, хто выбірае ці прызначае прадстаўніка-транслятара – гэта адданасць: вера ў тое, што прадстаўнік адмовіцца ад уласнай сутнасці, знікне як асоба і грамадзянін, і будзе служыць інтарэсам іншых. Галоўнае для тых, хто выбірае ці прызначае прадстаўніка-дэлегата – гэта давер: вера ў тое, што прадстаўнік дастаткова разумны і сумленны, каб самастойна прымаць абгрунтаваныя рашэнні, якія пайдуць на карысць грамадству.

Прадстаўніцтва патрэбнае там, дзе ў выбаршчыкаў альбо кіраўнікоў не хапае часу ці ведаў каб разумна вырашаць нейкія пытанні асабіста. Прадстаўнік павінны мець час і веды для гэтага. Ад яго няшмат карысці, калі ягоны падыход да праблемы не больш грунтоўны за падыход тых, хто яго абраў ці прызначыў. Міністр аховы здароўя, які не падтрымлівае патрабаванне насіць маску падчас пандэміі таму, што супраць гэтага прэзідэнт, шкодзіць грамадству – гэтаксама як і дэпутат, які не падтрымлівае гэткага патрабавання, бо супраць большасць ягоных выбаршчыкаў.

Амаль на любой пасадзе чалавек рана ці позна апынаецца ў сітуацыі калі ўласнае меркаванне супярэчыць меркаванню кіраўніцтва альбо большасці грамадства. У гэткіх выпадках вельмі важна памятаць, што ты чалавек, што вольны дзейнічаць так, як лічыш патрэбным, і што нясеш адказнасць за свае дзеянні. Ты не марыянетка і табою не кіруюць лялькаводы. Вядома, трэба слухаць меркаванні іншых, але нельга дзейнічаць адпаведна з імі, калі яны табе не пераконваюць. Грамадзянін памірае ў той момант, калі пачынае лічыць сабе найперш выканаўцам чыёйсці волі, а не чалавекам.

Выпускное эссе курса «Гражданское общество: вопреки очевидности» (Летучий университет)