Цень прафесара Гайдэгэра

Вось, бадай, не змагу адмаўчацца наконт тэксту Кірыла Мыльнікава “Апошні тэзіс аб Феербахе”, што апублікаваны на сайце Лятучага.

Па-першае, тэкст цікавы ўжо самім сваім выкананнем. Гэта проста бліскучы прыклад шматмернай герменеўтычнай штудыі. Адная і тыя ж фраза Маркса прачытваецца ў розных кантэкстах і пад рознай метадалогіяй. Праз што атрымлівае розныя свае інтэрпрэтацыі і наступствы. Гэта ўжо проста нейкая “герменеўтычная восень” прыйшла. Пры тым, што Кірыла аперуе рознымі філасофскімі падыходамі так, што і філосафам шмат якім не дарма было б павучыцца. Прачытаць Маркса праз акуляры Кажэва, Дэрыда і Бад’ю – гэта натуральна не штука, важна, што з гэтага вынікае. А вынікае пытанне. І гэта – па-другое. Што рабіць постмарксісцкаму філосафу сёння, калі ён жадае даць нейкі практычны адказ на заклік Маркса? І ці заклік тое насамрэч?

Можна канешне “ўключыць прафесара” і бурчэць наконт таго, а чаму тады інтэрпрэтавалі без Горкгаймэра, Грамшы ці Джані Ваццімо. Ды й ці не зашмат было філосафаў, хто так ці інакш прайшоўся па згаданай тэзе?!. Але пытанне застаецца: свет трэба тлумачыць, ці ўсё ж такі змяняць? А калі змяняць, тады як? І на якіх падставах? І ў якім статусе? Цікава, што сам Кірыла збольшага перавёў праблему напрыканцы ў камунікатыўную, што па сутнасці ўсё адно ператварае яе ў дыскурсіўную. І хаця розніца паміж дыскурсам і камунікацыяй такая-сякая яшчэ захоўваецца, яна не настолькі істотная, каб спарадзіць новую традыцыю адказу. Ну вось, як наладзіць такую камунікацыю, якая б дазваляла філосафам змяняць свет, запускаючы адпаведныя працэсы? Проста Габэрмас нейкі. З камунікатыўным розумам і ператварэннем палітыкі ў паседжанне экспертнай супольнасці. Хтосьці ідзе за Кажэвам і пазбаўляецца філасофіі, робячы Шэнген, хтосьці за франкфуртцамі, хаця можна і Дэрыда, і піша тэксты, якія гэты свет перафарматуюць, бо свет і без таго ўжо стаўся сымбалічным. За часамі Маркса яшчэ можна было верыць у тое, што вось існуе аб’ектыўны свет – як жаба на стале вівісектара – і вось натурфілосаф у кампаніі з філосафам яго апісваюць і тлумачаць. А цяпер трэба тую жабу вызваляць і тэрмінова рабіць прынцэсай, не… лепей, грамадзянкай народнай Рэспублікі! Карацей змяняць.

Пры гэтым гаворка ідзе пра свет, мы ж яе (гаворку) чамусьці адразу пераключаем на свет сацыяльны – палітычны: маўляў, на барыкады ісці трэба. Чаму ж такая падмена? Дарэчы, хіба ж моладагэгельянец Маркс не помніў, што разам з змяненнем веды змяняецца і сам яе прадмет, а таму, калі хтосьці свет патлумачыў, той яго і змяніў? Ці ён перастаўляў Гэгеля з галавы на ногі, і таму казаў, што трэба ісці наадварот, спачатку змяніць, а потым змяняць веду аб прадмеце? Але гэта падсякае тады ўсе гэгельянскія карані марксізму: дзе тады прагностыка, дзе дыялектыка?.. І што азначае: надыйшоў час, каб свет змяняць? Чалавек, які бярэ на сябе адказнасць за ператварэнне ўсяго космасу. Перамогшая дыялектыка асветніцтва, водле Горкгаймера і Адорна. Панаванне інструментальнага розуму і гатоўнасць гаспадарыць над прыродай без канчатковага вытлумачэння, чым яна ёсць. Наасфэра, перамогшая біясферу шляхам яе выцяснення.

Прачытаны так Маркс – жупел для ўсіх найноўшых зялёных сетак і таварыств. Гэта значыць, перадусім пытанне этыкі: ці гатовы і мае на тое права чалавек, каб нешта змяняць у гэтым свеце адпаведна сваёй волі? Прыродны свет альбо сацыяльны? Пры гэтым разумеючы, што не рабіць выбару – гэта ў дадзенай сітуацыі таксама зрабіць выбар! Бо тое, што не зробіць філосаф, могуць зрабіць дурныя палітыкі, камерсанты, інжынеры і г.д. Карацей, парадокс ваганеткі. І так, і так – складаны маральны выбар. За наступствы змены сістэмы паводле тваіх высілкаў ты не можаш быць цалкам упэўнены, але і пра тое, што наробяць без твайго ўдзелу, таксама цяжка не думаць.

І вось, скажамо, выбар зроблены на карысць рабіць (ваганетку паслалі налева!). Як тое рабіць? Ствараць палітычныя партыі, пісаць тэксты, весці відэаблог, граць моладзевы рок, пасяліцца ў сквот?..

Натуральна, філосафы, як і сафісты, майстры слова – логамахі – і гэта іх найвастрэйшая зброя. Арганічны адказ тады: дзейнічаць словам. Уплываць на свядомасці, ствараць ідэалогіі, біць на практыкі прамога дзеяння. Праўда, філосафы гэта і без таго даўно робяць. Перагружаць матрыцы? Калі мы жывем у цалкам сканструяваным сымбалічным свеце, як пра тое піша Бадрыяр, натуральна выходзіць на пазіцыю галоўнага архітэктара і адтуль даваць каманду на татальную перазагрузку ўсіх сістэм. Быў адзін Зэон (Цыён), будзе тысяча наперадзе… Уздзейнічаць на калектыўнае выабражальнае і ствараць новыя светы, кажа Кастарыядыс. Спараджаць новыя фантазмы, можа іранічна падтрымаць яго Жыжэк. Паказаць, што выйсця насамрэч няма, і ўсе мы патрапілі ў залатую клетку з замкнёным цыклам вытворчасці, скажа Маркузэ. І таму сэкс, наркотыкі і рок-н-рол, большага не застаецца…

Што дакладна не спыняла рабіць філасофія, дык гэта рэфлексаваць над самой сабой. І філосафы першымі пыталі сябе наконт таго, што потым ставілі ў якасці пытання астатняму чалавецтву. Таму пытанне сёння ўжо позна задаваць пра філосафаў, як ЯНЫ мусяць змяняць свет? Пытанне стаіць пра людзей наогул. Свет варта змяняць? Ці пакуль яшчэ патлумачым?.. Мы гатовыя браць на сябе адказнасць за тыя змены? Бо на Бога ўжо перакласці яе будзе немагчыма! Мы сапраўды можам нешта змяняць, апрача як пераклейваючы шпалеры на сценках нашай свядомасці? Мы гатовыя на ўвесь гэты клопат за свет, за быццё?

І вось з шэрых туманоў шварцвальдскага лесу да цябе падступна набліжаецца прафесар Гайдэгер, і цягне на цягучыя размовы па шляхох лесарубаў. А ў белым марыве пакрысе вытанчаецца й рашчыняецца Пастаў…