Інавацыйны час і мы

Напрыканцы мінулага ўніверсітэцкага году мы правялі арганізацыйна-дзейнасную гульню «Універсітэт і інфраструктура інавацый». Праз пэўны час я хацела б пазначыць некалькі важных момантаў, якія па выніку дала мне гульня. Яны будуюцца на тым, што адбывалася, на выказаных (не мной :)) на гульні і пасля яе тэзах, на разуменні, што гэта азначае для далейшага жыцця і дзейнасці ўніверсітэту.

I. Адбываецца змена асноўнага тыпа руху грамадства ад праграмнага (праектна-праграмнага) да інавацыйнага. Праграмы – у гэтым кантэксце – гэта вялікія па ахопу (маштабаў і часу) арганізаваныя змены, якія базуюцца на прасоўванні новых анталагічных і каштоўнасных уяўленняў пра пабудову грамадства. Яны разлічаныя на ахоп розных інстытутаў і сістэм дзейнасці. Звычайна яны патрабуюць вялікіх рэсурсаў рознага кшталту і падтрымкі праграмуючай функцыі праз «уладу», то бок здольнасць схопліваць і мысленнем, і дзеяннем усе лініі праграмы, а таксама рэагаваць на наступствы і адказваць за іх (прагназаваць, перадухіляць, выпраўляць і інш.). Суб’ектамі такіх праграм становяцца дзяржавы, наддзяржаўныя структуры, моцныя супольнасці (партыі, рухі, грамадскія арганізацыі) і г.д.

Вялікія праграмы па-ранейшаму застаюцца адной з формаў рэалізацыі зменаў, але па свайму ўздзеянню на рэчаіснасць сёння на першы план выходзіць іншы тып зменаў: інавацыі. Паспрабуем пазначыць розніцу гэтых двух спосабаў арганізацыі мыслення і дзейнасці, а па выніку – спосабаў зменаў.

Першае адрозненне: інавацыі адштурхоўваюцца ад вырашэння нейкай пэўнай, лакалізаванай задачы, якая можа быць сфармулявана кропкава і пад якую можа быць сабрана часовая «каманда». Прычым гэта можа быць як актуальная праблема «тут і цяпер», так і «задачка», якая фармулюецца «па фану» – стварыць нешта такое, чаго яшчэ не было.

Другое сутнаснае адрозненне: распаўсюд і ўплыў праз мультыплікацыю. У адрозненні ад праграмы, якая глядзіць на цікавы ёй кавалак свету як на цэласны, хоць і складаны, аб’ект, інавацыйны погляд можна вобразна апісаць як набор кропак, дзе могуць быць укарэненыя рашэнні, якія з’явіліся як інавацыя. Распаўсюд і ахоп ідзе праз памнажэнне.

Трэцяе адрозненне: кантраляванасць наступстваў ці больш шырока – стаўленне да наступстваў. Калі праграмы намагаюцца прадугледжваць развіццё працэсаў, якія імі запускаюцца (хоць гэта далёка не заўсёды атрымліваецца), і, можна сказаць, што «наступствы» і ёсць вынікі праграмы. То для інавацыйнага спосабу наступствы застаюцца па-за дзейнаснай увагай (то бок пра іх могуць разважаць, марыць і нават баяцца, але яны не з’яўляются аб’ектам працы і адпаведна, адказнасці).

Пазначаныя адрозненні, зразумела, схопліваюць не ўсё, але ў першым набліжэнні даюць разуменне сутнаснай змены не толькі хуткасці і характара трансфармацый, якія з намі адбываюцца і ў якіх мы жывем, але і ладу жыцця, формаў дзейнасці, мыслення і камунікацыі.

Зразумела, што зараз інавацыйны рэй трымаюць тэхнічныя «навінкі» і, нават найперш, інавацыі бізнэс-мадэляў, звязаных з развіццём тэхналогій. Сацыяльныя і культурныя інавацыі маюць значна меншую вагу і ўплыў з-за большай складанасці для мультыплікацыі, інертнасці асяродка (сацыяльнага і культурнага) і эканамічнай «непрывабнасці».

Нягледзячы на лакальнасць дзеянняў і адсутнасць практычных амбіцый адносна глабальных зменаў, «дождж інавацый» паступова становіцца галоўным фактарам, які немагчыма ігнараваць, калі мы спрабуем весці асэнсаваную дзейнасць і ўкладацца ў будучыню.

II. Праблемы, якія ўзнікаюць у гэтай новай сітуацыі. Найперш, гуманітарная, сацыяльная і культурная рэфлексія моцна не паспявае за тымі зменамі, што адбываюцца ў матэрыяльным свеце, а з ім і ў прасторы нашага паўсядзённага жыцця і працы. Такім чынам, мы “знаходзім сябе” ўжо ў новых сітуацыях змененымі і разгубленымі ад страты хоць нейкага кантролю за сваім жыццём. Наноў і штодзённа трэба адказваць на пытанні ідэнтычнасці, сваіх межаў, сэнсаў, стасункаў з новай і вечна зменнай рэальнасцю. Наноў трэба вынаходзіць спосабы ацэнкі сваёй дзейнасці, якая з сёння на заўтра ў новым кантэксце можа цалкам змяніць свой сэнс.

У больш шырокім кантэксце, інавацыі і інавацыйная вытворчасць страчваюць магчымасць адказнасці перад будучыняй, бо фактычна застаюцца без якойсьці ацэнкі наступстваў – як добрых, так і благіх. Інавацыі ставяць пытанні адносна ўстойлівых інстытутаў, якія па сваёй сутнасці не адпавядаюць сітуацыі некантраляваных штодзённых зменаў.

III. «Дагнаць» тэхнічныя інавацыі і выпрацаваць адпаведны тэмп для гуманітарнай рэфлексіі замінае моцны разрыў у камунікацыі. Звычайна ён пазначаецца як разрыў камунікацыі «тэхнікаў» і «гуманітарыяў», але гэтае пазначэнне хутчэй зацяняе сутнасць праблемы камунікацыі, чым дазваляе яе зразумець. Яно зводзіць розніцу да тыпаў веды і таго «пра што» гэтая веда. Больш глыбокая розніца палягае ў «карцінах свету» прычым не свету як такога, а найперш анталогіі чалавека і ягонай дзейнасці: Што рухае чалавекам? Якімі рамкамі абумоўлена ягоная дзейнасць? Што ляжыць за межамі адказнасці і ў гэтых межах? А таксама, чым ёсць чалавек у новых стасунках з тэхнічным асяродкам?

Такім чынам, адрозненні знаходзяцца не ў сферы веды і прафесійных кампетэнцый, а ў стаўленні да новага асяродка і шляхах і спосабах суаднясення з ім. Таму больш «адэкватнымі» для разумення гэтага адставання з’яўляюцца апазіцыі: інаватары – кансерватары, вытворцы інавацый – спажыўцы інавацый, тэхнічныя інавацыі – сацыяльныя інавацыі. І гэта, канешне, не закрыты спіс, а тое, што патрабуе аналіза і паглыблення.

IV. Крытычнасць сітуацыі з некантраляванасцю наступстваў «інавацыйнага дажджу» узнікае ў сітуацыі нашага грамадства, якое выступае хутчэй «прыёмнікам» для інавацый, якія памнажаюцца і захопліваюць нашую тэрыторыю, а не крыніцай і месцам іх узнікнення. І гэтыя хвалі знешніх інавацый не звязаны з лакальным кантэкстам, не арыентуюцца на лакальныя праблемы і на лакальных суб’ектаў.

Таму важнымі крокамі ў тым, каб пераўтварыцца з «пацярпелых ад інавацыяў» у асэнсавана існуючых у гэтым новым свеце, ёсць перабудова погляду на тое, што адбываецца, з успрымаючых (і нават аналізуючых і разумеючых) да суудзельнічаючых. І гэты суудзел (звяртаючыся да пазначанай вышэй праблемы) звязаны з развіццём сацыяльна-гуманітарнага складніка ў інавацыйнай дзейнасці. І гэта не толькі ўвага да сацыяльных, культурных ці гуманітарных тэхналогій і інавацый (якія найбольш завязаныя на лакальны кантэкст і праблемы). Гэта не толькі спалучэнне сацыяльна-гуманітарных задач з тэхнічнымі сродкамі іх вырашэння. Гэта яшчэ і ўключэнне сацыяльна-гуманітарнай рэфлексіі і аналізу ў наступствы развіцця тэхналогій. І, напэўна, найбольш амбітнай задачай з’яўляецца распрацоўка метадаў і падыходаў для ацэнкі зменаў асяродку (экалогіі грамадства) ад кропкавых, памножаных у колькасці, не спалучаных паміж сабой інавацыйных уздзеянняў.

Але для таго, каб рухацца ў гэтых накірунках, трэба атрымаць агульныя падставы для тых, хто працуе ці шукае магчымасці працаваць з інавацыямі. Апірышча для камунікацыі, знаходжанне мовы, на якой могуць быць апісаныя сацыяльна-гуманітарныя праблемы інавацыйнай эпохі. Фактычна такая магчымасць камунікацыі і супольнай працы і ёсць адным з галоўных недастаючых элементаў інфраструктуры інавацый у Беларусі.

V. Пры чым тут універсітэт? І тым больш Лятучы ўніверсітэт? Універсітэт можа выступаць тут у двух якасцях: прастора і супольнасць. Як прастора, універсітэт можа стаць месцам сустрэчы і арганізацыі камунікацыі паміж пазначанымі вышэй тыпамі суб’ектаў, а затым і месцам супольнай працы – распрацовак, якія накіраваныя на пытанні існавання ў новым свеце чалавека і калектыўных суб’ектаў. Як прастора ўніверсітэт можа стаць тым месцам, дзе вывучаюцца, аналізуюцца і канструююцца новыя веды і канцэпты, звязаныя з новымі формамі сацыяльнага, інстытуцыйнага і чалавечага існавання.

Універсітэт як супольнасць, якая мае свае сродкі для стаўлення да новага часу (навуковыя, метадалагічныя, гуманітарныя і мастацкія падыходы) можа стаць суб’ектам у такой камунікацыі.

Можа стаць, а можа і не стаць :). Але хто ж тады будзе адказваць за растучы разрыў паміж тэхнічным прагрэсам і адстаючай (ужо амаль крытычна) гуманітарнай рэфлексіяй і развіццём чалавека?

07. 12. 2017