Крытычны аналіз адной сацыяльнай аналітыкі

Адносіны да некаторых тэкстаў вызначаюцца перадусім асобай іх стваральніка. Для мяне, і, магу меркаваць, не толькі, асоба Анатоля Сідарэвіча – гэта яскравы прыклад левага сацыяльнага аналітыка, аднога з нешматлікай групы беларускіх палітыкаў, якія спалучаюць свае практычныя высілкі з інтэлектуальнымі развагамі. Да таго ж дадатковую цікавасць спрычыняе і той факт, што, няхай і ўскосна, але я таксама спрычыніўся да паўставання гэтага тэксту (прынамсі праз тыя акцэнты, што зрабіў у серыі артыкулай па “Новай сацыяльнай аналітыцы” на сайце “Наше мнение”, і давёў тады да аўтара). Надрукаваны як артыкул для “Нашай Нівы”, а таксама размешчаны ва ўласным блогу аўтара тэкст пад назвай “Выбар і лёс народа. Чытаючы Карла Маркса” робіць захад у бок публіцыстычнай (альбо папулярнай) сацыяльнай аналітыкі.

Перадусім варта адзначыць, што аўтар спалучае ў сваім падыходзе два галоўныя чыннікі: марксісцкі класавы падыход да аналізу сацыяльнага поля і гістарычны спосаб разважання (правядзенне гістарычных аналогіяў паміж здарэннямі розных часоў і культураў). Падобнае спалучэнне можа даваць свой вялікі плён, прынамсі з пункту гледжання ўцямнасці, навочнасці і зразумеласці праведзеных параўнанняў, высноваў і назіранняў. Але, як і заўжды з выпадкамі аналогіяў, гэты плён не з’яўляецца анічым гарантаваным.

Пачаўшы свой тэкст ухваленнем ролі Маркса як аднога з найбуйнейшых мысляроў сучаснасці, а можа нават яе прарока, аўтар перайшоў да гіпотэзы наконт прыдатнасці даволі хісткага паняцця марксісцкага дыскурсу, а менавіта – “азіяцкі спосаб вытворчасці”, што да апісання спосабу існавання і кіравання сучаснага беларускага грамадства. Гэтае сцвярджэнне адразу ж спараджае шмат пытанняў. Найперш, трэба адзначыць, што сам К. Маркс, як і Ф. Энгельс, выкарыстоўвалі дадзены панятак выключна эпізадычна, збольшага ў перапісцы і некаторых фрагментах сваіх твораў, не даючы яму дакладнага навуковага апісання. Хутчэй ужыванне гэтага паняцця Марксам можна праінтэрпрэтаваць як змушанае прызнанне неадпаведнасці ўжо распрацаванай тэрміналогіі фармацыйнага падыходу на прыкладзе гісторыі Эўропы да гістарычных формаў развіцця эканомікі і палітыкі дзяржаваў Усходу. У пазнейшых напрацоўках пераважна савецкіх марксістаў гэты панятак таксама не набыў тэрміналагічнай моцы, але ўвесь час удакладняўся і пераназываўся, напрыклад Ю. Сямёнавым, што перарабіў яго ў “палітарны спосаб вытворчасці”.

Па-другое, калі разглядаць асноўныя прыкметы гэтага спосабу вытворчасці, як іх вылучалі пазнейшыя марксісцкія аўтары, можна пабачыць, што яны толькі часткова і прыблізна могуць датычыцца апісання сучаснай беларускай сацыяльна-палітычнай і эканамічнай мадэлі развіцця. Прыкладам, адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю і ў шэрагу выпадкаў права мець якую-хаця прыватную маёмасць як базавая характарыстыка азіяцкага спосабу вытворчасці слаба тычыцца рэаліяў РБ, паколькі абмежаванае права на валоданне і распараджэнне зямлёй у нас існуе. Пры фармальным замацаванні права народа (чытай, дзяржавы) на ўладанне зямлёй і нетрамі краіны, прыватная альбо юрыдычная асоба мае права на эксклюзіўнае валоданне і распараджэнне гэтай зямлёй (прынамсі, права праводзіць з ёй здзелкі пакупкі-продажу, распараджацца яе выкарыстаннем у межах вызначаных законам і ўмовамі, на якіх зямля адчужалася з дзяржаўнай уласнасці). То бок, хаця і можна радыкальна і палемічна сцвярджаць, што ў Беларусі не існуе права ўласнасці на зямлю ў той жа ступені, як у бальшыні эўрапейскіх краінаў, але і нельга пры гэтым не заўважаць, што абмежаванае права навідавок існуе. Далей, іншая характарыстыка – эксплуатацыя дзяржавай дармавой працоўнай сілы, таксама можа дастасоўвацца да беларускай сітуацыі толькі як досыць прыблізная і завышаная аналогія, бо азіяцкі спосаб вытворчасці мае на ўвазе гвалтоўныя формы эксплуатацыі працоўных без аніякіх сістэмаў матэрыяльнай кампенсацыі, у той час як беларуская дзяржава хаця і можа выклікаць нараканні наконт “недастатковых” умоваў аплаты працы пэўных катэгорыяў насельніцтва (напрыклад, калгаснікаў, працоўных на малых дзяржаўных прадпрыемствах у рэгіёнах і г.д.), але не так, што яна эксплуатуе працоўныя сілы без аніякай зусім кампенсацыі. Яшчэ адная з характарыстыкаў – дэспатычны стыль кіравання, таксама досыць умоўна стасуецца з аўтарытарным спосабам кіравання рэспублікай, паколькі розніца паміж асобай усходняга ўладара-дэспата і дыктатара досыць заўважная (напрыклад, адсутнасць неабходнасці ўпісваць свае дзеянні ў хаця-як вызначаныя законныя рамкі, суцэльнае ігнараванне волі іншых суб’ектаў палітыкі і г.д., што для беларускай сітуацыі таксама было б значным перабольшаннем). Нарэшце, яшчэ такая важкая характарыстыка як амаль суцэльная дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці хаця і ў досыць вялікай ступені тычыцца сітуацыі Рэспублікі Беларусь, але ж зноў такі вызначае толькі частку існай сістэмы палітыка-эканамічных стасункаў.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што далейшае развіццё і распрацоўка марксава паняцця “азіяцкі спосаб вытворчасці” прывяло хутчэй да таго, што яго пачалі выкарыстоўваць для апісання сацыяльных сістэмаў з адзяржаўленай эканомікай, то бок фактычна краінаў “развітога сацыялізму”, што трапна пачалі ўжываць на сваю карысць крытыкі савецкай сістэмы. У такім разе, гэты панятак хутчэй стварае аналогію паміж старажытнымі ўсходнімі імперыямі, кшталту Эгіпта ці Кітая, і “імперыяй” Савецкага Саюза, якую абвінавачвалі ў суцэльным ігнараванні правоў сваіх грамадзянаў, выкарыстанні іх напаўрабскай працы дзеля дасягнення велічных мэтаў і поўным ігнараванні максімы лібералізму пра неабходнасць прыватнай уласнасці як натуральнага права кожнага чалавека. Для сучаснай сітуацыі Рэспублікі Беларусь, якая змушаная балансаваць паміж зваротам да шэрагу “сацыялістычных” спосабаў кіравання палітыкай і эканомікай і неакапіталістычнымі прынцыпамі арганзацыі грамадскага жыцця, ужыванне падобнага азначэння выяўляецца некарэктным.

З другога боку, калі аўтар ідзе за гістарычнымі аналогіямі, гэта змушае яго звярнуцца да знакамітай працы К. Маркса “18 брумера Луі Банапарта”, дзе аўтар спрабуе адшукаць падабенствы паміж перадумовамі і асноўнымі складнікамі паўставання сістэмы “банапартызму” ў пострэвалюцыйнай Францыі сярэдзіны ХІХ ст. і той сістэмы, якая склалася сёння ў Беларусі пасля правала палітыкі нацыянальнага адраджэння на пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя. Безумоўна, шэраг падабенстваў, нягледзячы на зусім адрозны сацыяльна-гістарычны кантэкст, мы тут можам неўзабаве пабачыць: гэта і масавыя народныя чаканні на моцнага лідара, што прынясе спакой і дабрабыт у дзяржаву, і ўзмацненне сілаў рэакцыі на хвале эйфарыі новых гістарычных магчымасцяў, што прыводзіць да сваеасаблівага асляплення прыхільнікаў рэвалюцыйнай палітыкі, і вялікае падабенства ў сацыяльным падмурку новага рэжыму, і шмат што іншае. Але як і кожная аналогія, гэтая дазваляе нам трохі “адчужана” паглядзець на ўласную гісторыю і праблемы свайго соцыюма праз шкельца іншай эпохі і кантэкста, ды не варта пры гэтым забывацца на тое, што мы маем справу адно з недакладнай аналогіяй. Яна як тлумачыць нешта, гэтак і робіць гэта часам скажона і недарэчна.

Можна прайсціся па некаторых момантах. Прыкладам, робяцца цікавыя канстатацыі наконт характарыстык масавай псіхалогіі народа – гэта і ідэалізацыя мінуўшчыны (калі стары парадак уяўляецца лепшым за новы, бо тады ж быў парадак!), і аберацыя памяці (памятаем толькі добрае і велічнае і ігнаруем усе непажаданыя факты пра сваю гісторыю), і страх перад будучыняй (футурафобія: далей можа быць толькі горш! – гэта, відаць, пэўнае адгалінаванне ідэі “залатога веку” і прызнання непазбежнасці дэградацыі ў наступнай гісторыі чалавецтва). Гэтыя характарыстыкі, з аднаго боку, вельмі цікава тлумачаць пэўны кшталт псіхалогіі масаў, але, з іншага боку, падаюцца ў тэксце як універсальна значныя без пераверкі таго, наколькі істотна яны вызначаюць стан масавай свядомасці для народаў розных эпохаў і культураў, і таксама без адказу на пытанне, чаму, тым не менш, гэтыя характарыстыкі не заўжды схіляюць народныя масы да прыняцця кансерватыўных (традыцыяналісцкіх) мадэляў кіравання сацыяльным.

Наступная трохі спрэчная тэза аўтара тычыцца таго, што праз амаль поўную адсутнасць традыцыі сацыял-дэмакратычнага ці нацыянал-камуністычнага кшталту ў Беларусі быў немагчымы легальны пераход ад камуністычнай сістэмы кіравання да дэмакратычнай і сацыяльнай сістэмы на нацыянальным грунце. Часткова гэта тлумачыць адпаведную слабасць палітычных пазіцыяў тых, хто адстойваў альтэрнатыўныя версіі развіцця беларускай дзяржаўнасці ў сярэдзіне 90-х гг. Але ж дакладна не прыводзіць у прамую залежнасць магчымасць пабудовы такой дэмакратычнай і сацыяльнай канфігурацыі дзяржавы з наяўнасцю выключна моцнага сацыял-дэмакратычнага руху, паколькі на сёння шмат якія іншыя палітычныя групы і партыі адстойваюць падобныя ж каштоўнасці і спосабы існавання палітычнага. Гэта ўжо не кажучы пра паслабленне традыцыйнай ролі партыяў і арганізаваных рухаў у сучасных варунках.

Яшчэ адное з спрэчных параўнанняў тычыцца таго, што “буржуазія дзеля таго, каб займацца сваімі прыватнымі справамі пад апекай моцнага і неабмежаванага ўраду “недвухсэнсоўна заяўляла, што горача жадае пазбыцца ўласнага палітычнага панавання, каб пазбыцца звязаных з панаваннем цяжкасцяў і небяспек””, то бок што прадстаўнікі нованароджанага бізнэсу ў Беларусі, як і іхнія папярэднікі з французскай буржуазіі, адмыслова падклаліся пад навязаную ім сістэму дзяржаўнага кіравання і не спрабавалі стварыць альтэрнатыўных формаў прадстаўніцтва. Гэта, на мой погляд, цалкам ігнаруе спробы часткі прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці зрабіць сваю стаўку на альтэрнатывы дзяржаўнай палітыцы, прынамсі ў 90-я гг.: напрыклад, праз падтрымку стварэння АГП (Аб’яднанай грамадзянскай партыі) у 1996 г., якую спачатку і ўважалі за партыю прадпрымальнікаў і банкіраў, і падтрымку паасобных апазіцыйных палітыкаў (напрыклад, цесныя стасункі паміж В. Ганчаром і А. Красоўскім, што прывялі да трагічнага знікнення апошняга), і г.д.

Нарэшце, яшчэ адной цікавай “родавай плямай” бадай кожнай марксісцкай сацыяльнай аналітыкі выступае выснова наконт адсутнасці хаця-якіх класавых інтарэсаў і пазіцыяў у прадстаўнікоў г.зв. сялянства: “У іх няма палітычнай арганізацыі. Яны не здольныя абараняць свае класавыя інтарэсы, іх інтарэсы прадстаўляюць іншыя. Іх прадстаўнік павінен разам з тым быць іх панам, аўтарытэтам, які стаіць над імі”. Жаданне выставіць сельскае насельніцтва як сацыяльную базу рэакцыі, абвінаваціць яго ў апрычонасці і адсутнасці калектыўных інтарэсаў – тэма, якая паходзіць яшчэ ад самога К. Маркса, што зрабіў стаўку на новы пралетарыят. Часткова гэтая тэза гістарычна абвяргаецца сацыялістычнай рэвалюцыяй ў Расейскай імперыі, дзе амаль неразвітая ў індустрыйным плане дзяржава не пакідала бальшавікам іншай магчымасці абаперціся на народную падтрымку інакш як праз шырокае ўцягванне менавіта сельскага насельніцтва ў рэвалюцыйныя працэсы. З іншага боку, гэта яшчэ кроць праблематызуе строгасць тэорыі класавага падыходу, паколькі фактычна змушае выкідаць з оптыкі аналізу цэлыя буйныя пласты сацыяльнага праз іхную неадпаведнасць абстрактным катэгорыям “класавая свядомасць” альбо “класавы інтарэс”.

Такім чынам, можна прыйсці да высновы, што прапанаваная ў тэксце сацыяльная аналітыка, з аднаго боку, дае цікавыя прыклады параўнанняў і падставы для пераасэнсавання нашага сучаснага разумення сацыяльнага бытавання беларусаў (варта сказаць, што такое параўнанне з класічнай працай Маркса даўно ўжо наспела и трэба падзякаваць аўтару за гэтую спробу). Але, з іншага боку, яна яшчэ кроць дэманструе праблематычнасць выкарыстання метадалогіі “класавага” аналізу, што да інтэрпрэтацыі найноўшага сацыяльнага поля, зрэшты як і метадалогіі гістарычных аналогіяў (карысных і небяспечных адначасова). Гэта стаецца яшчэ адной падставай для сур’ёзнага пераасэнсавання таго, чым з’яўляецца сацыяльная аналітыка сёння і на якіх падмурках яна мусіць грунтавацца.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар