Мае праблемы з «гісторыяй беларускай філасофіі»

У Беларусі рэгулярна выходзяць артыкулы, кнігі, а часам і шматтомныя опусы, прысвечаныя гісторыі беларускай філасофіі. Само гэта словазлучэнне – «гісторыя беларускай філасофіі» – грэе маё патрыятычнае сэрца і лашчыць маё вуха. Праблема, аднак, у тым, што пад шыльдай «беларускай філасофіі» з’яўляюцца… вось ментавіта: чаго толькі не з’яўляецца пад гэтай шыльдай! І справаздачы аб дасягненнях у галіне асветы Еўфрасінні Полацкай, і пераказы пропаведзяў Кірыла Тураўскага, і аповеды аб выдавецка-перакладчыцкай дзейнасці Франішка Скарыны – усё гэта (і то ў першую чаргу) кваліфікуецца як «гісторыя філасофіі». У працах гэтага тыпу можна прачытаць, што Скарына быў аўтарам якойсьці адметнай канцэпцыі патрыятызму, паколькі напісаў, што людзі, гэтасама як і птушкі, маюць упадабанне да радзімага «гнязда». У чым заключаецца ўклад у філасофіі гэтага афарызму, на жаль, не магу зразумець.

Няма сумневу, што дзейнасць вышэй пералічаных постацяў мела агромністае культурнае значэнне, але пытанне ў наступным: Ці тое, што рабілі Еўфрасіння, Кірыл Тураўскі або Скарына было філасофіяй? Такая «філасафізацыя» розных гісторычных постацяў спрычыняецца да размывання і так ужо размытага паняцця філасофіі. Цяжка адгадаць, якія матывы стаяць за практыкай падганяння пад «філасофію» тых тыпаў дзейнасці, якія з філасофіяй мелі мала супольнага. Магчыма, хаваецца за гэтым якаясь форма нацыяналізму і звязанае з ім жаданне паказаць, што беларусы маюць за сабой такую доўгую філасофскую традыцыю, што патрэбна ажно некалькі тамоў кнігі, каб гэту традыцыю прадставіць? А можа, гэта папросту практычнае прымяненне сацыяльнага канструктывізму, які (між іншым) цвердзіць, што няма чагось такога, як «аб’ектыўны гістарычны факт», і што якая-кольвечы гісторыя з’яўляецца сацыяльным канструктам? А паколькі ўсякая гісторыя ёсць канструктам, то што нам перашкаджае сканструяваць «Еўфрасінню-філосафа», «Скарыну-філосафа», а можа нават і «Кастуся Каліноўскага як філосафа» (а праз нейкі час таксама – «Лукашэнку-філосафа»)? А можа, і першае, і другое. Гэта азначала б, што сацыяльны канструктывізм можа не толькі спрыяць дэмаскацыі нацыяналізму, але і быць яго верным хаўруснікам.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар