Прасвет паміж сусветамі. Тэхніка экзістэнцыяльнага аналізу

Аднойчы, калі пан Міцусігэ быў хлапчуком, святар Каён загадаў яму чытаць уголас штосьці з кнігі. Тады пан Міцусігэ паклікаў іншых дзяцей і слуг і сказаў ім: “Калі ласка! Прыйдзіце і слухайце! Цяжка чытаць, калі ніхто не чуе”.

Святар  узрушыўся і прамовіў: “Вось прыклад як трэба рабіць усё”.

Ямамото Цунэтомо “Хагакурэ”.

 

Галоўнае, чаму трэба вучыцца, – гэта знаходзіць прасвет  паміж сусветамі і трапляць у іншы свет.

Карлас Кастанэда “Вучэнне Дона Хуана”

 

Прад-мова і пасля-слоўе.

Калі ўгледзецца, учуцца ў гэтыя словы, становіцца відавочным, што мы ніколі не пачынаем і нічога не заканчваем. Што б мы не рабілі, кім бы сябе не лічылі, заўсёды нешта было да нас і нешта будзе пасля. Мы заўсёды недзе пасярдзіне паміж чымсьці, што мы не заўважаем, але без чаго мы не існуем. Заўсёды ёсць тое, дзякуючы чаму гэта “па-між” магчыма. Я пра межы.

Прад-мова як мяжа. Што яна падзяляе і як яна гэта робіць?

Мова. Мова, у якой гэтае слова азначае сукупнаць знакаў і магчымасцяў іх выкарыстання і ў той жа час (раз)мову як выкарыстанне адной з гэтых магчымасцяў.

Атрымліваецца, што прад (раз)мовай ёсць мова. Прадмова –  мяжа, якая аддзяляе выяўленае ад таго, што не выяўлена ў гэты раз. Прадмова ёсць момант такога выяўлення. Апошняя і вышэйшая кропка нявызначанасці.

Мацквіч вызначае беларускае (дзяржаву, нацыю, мысленне) як тое, існаванне чаго трэба, але немагчыма падцвердзіць шляхам суаднясення яго з пэўным крытэрыем, таму, што існаванне самога такога крытэрыя пад пытаннем. Беларускае існуе таму, што яно прамоўлена. Яно існуе паміж людзьмі, як слова якое перадаецца з вуснаў у вусны, існуе як думка, без якой немагчыма слова.

Усё ствараецца тэкстам і праз тэкст. Псіхолагі ўспрымання нават сцвярджаюць, што мы не столькі бачым існуючы мір, колькі ствараем яго, накладваючы рамкі нашага мыслення на пачуццёвы матэрыял. Таму, больш дакладна было б казаць не “я бачу (альбо чую) гэта”, а “я мыслю гэта”.

Беларускае будзе існаваць тады і да тых часоў, пакуль людзі будуць бачыць яго ў тэкстах і ўспрымаць тэкст праз яго. Падтрыманне такой беларускасці ёсць прадмет штодзёнага клопату. Тэксты павінны друкавацца і гучаць там, дзе іх ёсць каму чытаць і каму слухаць. Нават на пустэльных скрыжаваннях дарог трэба пакідаць разгорнутыя кнігі, каб іх старонкі перагортваў вецер, распаўсюджваючы тонкія вібрацыі, ствараючы такім чынам беларускую прастору.

Пасля-слоўе як мяжа. Як кропка напрыканцы.

Тое, што ў пачатку бачыцца як працэс разгортвання, як раз-мова, на-пры-канцы, калі мы спыняемся і звяртаемся да таго, што зрабілі, вяртаецца да нас як Слова. Слова з вялікай літары. Нібы прамоўленае не намі.

Пасля-Слоўе збаўлена анталагічнага сумневу, яно мае Кон. Слова ўжо было прамоўлена. Беларускае мысленне існуе. Засталося яго зразумець праз тое, што неадрыўна ад яго існавання. Праз мову, традыцыю і гісторыю. Тое, што ў прад-мове было больш за чалавека, стварала яго, у пасляслоўі з’яўляецца прыладай у ягоных руках. Прыладай да працы, да разумення, да гульні.

Мы няспынна ствараем гэты свет сваім мысленннем. Але ж якімсьці чынам склалася так, што мы вывучыліся аб’ектываваць, “бачыць” памысленае намі, успрымаць наваколле існуючым звонку, незалежным ад нас. Мы адмовіліся ад здольнасці ствараць рэчы, атрымаўшы за гэта магчымасць карыстацца гатовымі.

Часам маятнік рухаецца ў іншы бок і рэчы пачынаюць карыстацца намі, сціскаючы нашае жыццё свёй акрэсленнасцю, знішчаючы прастору ценяў, паўтонаў, няўпэўненнасці ў надзеі, і ў гэты момант , каб пазбегнуць асфіксіі, мы прагнем збегчы ў тую кропку, дзе пачаўся свет. Яе магчыма знайсці праз мову. Прадмова і пасляслоўе – гэта не тое, што існуе да і пасля чагосці нязменнага, тоеснага самому сабе. (Раз)мова ніколі не супадае са Словам.

Мабыць гэта і ёсць пра-свет паміж сусветамі: сусветам безапорнасці Мацкевіча і сусветам падпарадкаванасці кону Баркоўскага. Свет які існуе ў поле напругі паміж галавакружэннем і жахам поўнай абезрухоўленнасці.

______________________

*Тэхніка экзістэнцыяльнага аналізу прадмовы і пасляслоўя да кнігі “Код прысутнасці. Анталогія беларускага мыслення 2000-2015”, выкананая падчас Тыдня беларускага мыслення ў імпрэзе слухачоў курса П.Баркоўскага “Тэхнікі сімбалічнай інтэрэтацыі. Герменэўтыка”