Універсітэцкі семінар. Другая сустрэча

25 лістапада 2016

29 лістапада адбудзецца другая сустрэча універсітэцкага семінара, якую ладзіць Метадалагічная школа магістраў гульні. Падчас сустрэчы плануецца падвядзенне вынікаў і рэфлексія працы, распачатай у мінулы раз, на семінары “Праектаванне гадавой агульнаўніверсітэцкай гульні. Вызначэнне тэмы і праблемы”.

На семінар запрашаюцца ўсе чальцы калегіюма Лятучага, слухачы ўсіх школ, а таксама актыўныя ўдзельнікі ўніверсітэцкай супольнасці, зацікаўленыя ў развіцці ўніверсітэта.

Семінар адбудзецца 29 лістапада (аўторак) на Падворку (вул.Баграціёна, 39). 

Пачатак а 18.30.

 

Універсітэцкі семінар: сезон 2016-2017. У мінулым годзе мы адкрылі другі ўзровень навучання ў Лятучым універсітэце – Школы магістраў гульні. Кожная з іх накіравана на супольную інтэлектуальную працу невялікіх групаў у шчыльнай камунікацыі з Настаўнікамі – беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі. Кожная з іх разгортвае сваю “гульню”, свой асабісты спосаб пабудовы мыслення і дзеяння, стварэння культуры і свету.

Кожная з школаў паступова выпрацавала свой стыль, утварыла супольнасць і распачала ўнутраныя інтэлектуальныя працэсы. У гэтым годзе мы вырашылі, што зараз самы час сустрэцца на агульным полі гульні.

Што кожная школа можа прапанаваць у якасці інтэлектуальнага выкліка? Як прапануе арганізаваць супольнае мысленне?

Сёлетні ўніверсітэцкі семінар пераўтвараецца ў прастору сустрэчы школаў: прэзентацыі, каммунікацыі і супольнага мыслення.