З чаго пачынаецца спажыванне, альбо як перавесці беларускія медыя на беларускую мову

14 лістапада 2016

Адкрытая лекцыя культуролага Аляксея Крывалапа Купляйце беларускае, альбо Што рабіць, калі заўтра ніколі не наступіць? адбылася 11 лістапада ў межах цыкла “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”, які ладзіць Лятучы ўніверсітэт сумесна з Міжнародным кансорцыюмам “ЕўраБеларусь”.

Цягам лекцыі было закранута шмат пытанняў што да сучаснага стану і будучыні беларускай медыя-прасторы, некаторыя з якіх можна аднесці да разраду “вечных” (напрыклад, з чаго ўсё пачынаецца – з попыту ці з прапановы?). Нельга сказаць, каб лектару і публіке пашчасціла сур’ёзна папрактыкавацца ў сумесных адказах і высновах, гэта хутчэй той выпадак, калі кожны знайшоў і прыхапіў з сабой “нешта свае” (дарэчы, цалкам у логіцы сучаснай медыя-прасторы).

Інфармацыйная служба “ЕўраБеларусі” звярнула ўвагу на адзін з парадаксальных феноменаў сучаснай медыя-рэальнасці, які абмяркоўвался падчас лекцыі: мы звыклі думаць, што спажыванне медыя ў наш час – такі сабе вельмі індывідуальны працэс, мы маем шмат выбару і магчымасцяў карыстацца рознымі каналамі інфармацыі. Але чым далей, тым больш мы разумеем, што наша спажыванне ў значнай ступені мае пасярэдніцтва (напрыклад, сацыяльныя сеткі) і фармуецца не намі, а за нас.

– Узнікае пытанне: наколькі гэта з’яўляецца нашай індывідуальнай практыкай? Наколькі гэта нашы жаданні – напісаць пост, сабраць 1000 лайкаў ці завесці 1000 фрэндаў? Бо калі ў нас няма доступу да тэхналогій, то і гэтых жаданняў у нас няма, – цытуе Аляксея Крывалапа “ЕўраБеларусь”.

Але асноўнае пытанне, якое не дае спакоя аўтару лекцыі – ці магчыма пашырыць ужыванне беларускай мовы ў медыя-прасторы, і якім чынам да гэтага рухацца? “Заўтра тваёй краіны”, пабываўшы на лекцыі, сфармулявала гэтую праблему як “Замкнёнае кола практычнасці”.

— “Купляйце беларускае” – мем, які жыве асобным жыццём, і заўтра для яго можа не наступіць ніколі. Людзі робяць запыты па-руску – значыць, на адпаведнай мове ім прапануюць і рэкламу, – цытуе лектара “Заўтра тваёй краіны” – Гэта замкнёнае кола: мы чакаем, калі людзі пачнуць рабіць запыты “на мове”, каб медыі перайшлі на яе.

 

— Нягледзячы на такую камунікацыю, медыі зменяцца, калі ўжываць беларускую мову – лічыць Аляксей Крывалап. Магчыма, гэта будзе дэманстратыўнае спажыванне, спажыванне дзеля сацыяльнага статусу, а не ўтылітарнае. Карыстальнік можа часцей клікаць на беларускамоўную рэкламу, усталяваць яе ў магчымай раскладцы на кампутары ці смартфоне, выбраць на сваім Android. Магчымасці не залежыць ад нашых памераў: нават у Літве, дзе менш за 3 мільёны насельніцтва, можна знайсці і Windows, і MicrosoftOffice з перакладам на літоўскую.

Пытанне ў тым, як стварыць умовы, каб людзі самі адчулі патрэбу спажываць той ці іншы медыяпрадукт у пэўным моўным асяроддзі. Падчас дыскусіі выказваліся даволі рэзкія ацэнкі наконт таго, што “беларускамоўны кантэнт не цікавы”, “няма арыгінальных навінавых рэсурсаў на беларускай” і г.д. То бок, пытанне “курыцы і яйка” – ці спажыванне беларускамоўнага кантэнту павінна падштурхнуць медыя да беларусізацыі, ці, наадварот, стварэнне якаснага беларускамоўнага кантэнту запусціць працэс масавага пераходу публікі на “мову” – засталося невырашаным.

Ды і ці трэба яго вырашаць?..

Глядзіце таксама іншыя лекцыя цыкла “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”:

Уладзімір Мацкевіч “Будучыня Беларусі: прагнозы, праекты, мары і фантазіі”.

Сяргей Сахараў. Што адбываецца з медыя сёння і чым гэта адгукнецца заўтра?”

Уладзімір Батаев “Новыя кропкі адліку і перспектыўныя сцэнары развіцця будучыні”.