Абвешчаны поўны спіс намінантаў на прэмію Шэрмана-2018

03 жніўня 2018

Журы зацвердзіла поўны спіс выданняў на перакладчыцкую прэмію імя Карласа Шэрмана-2018. У конкурсе ўдзельнічаюць мастацкія кнігі, перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ў папяровым ці электронным выглядзе цягам 2017 года. 

Сёлета на галоўную ўзнагароду прэтэндуюць 32 кнігі, перакладзеныя з 15 моваў, сярод якіх лаціна і іўрыт, а таксама старабеларуская ды родная мова Карласа Шэрмана – іспанская. Выбіраць пераможцу журы будзе сярод перакладаў прозы, паэзіі ды дзіцячай літаратуры. 

У склад журы ўвайшлі: перакладчык і літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі, літаратуразнаўца і загадчыца кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Ганна Бутырчык, паэтка і перакладчыца Аксана Данільчык, перакладчык, паэт і празаік Дзмітрый Плакс, літаратуразнаўца і выкладчыца Марына Шода.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны Фонд “Вяртанне”.

Пераможца прэміі атрымлівае ад Дабрачыннага фонда “Вяртанне” чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.

У 2016 г. лаўрэатам прэміі стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу «Калевала»; у 2017 – Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера.

Поўны спіс прэміі Шэрмана-2018 і дадатковыя падрабязнасці – на сайце ПЭН-цэнтра.

“Лятучы” рэкамендуе:

Каму патрэбныя незалежныя літаратурныя прэміі?

Тэмы: