Адкрыццё экспазіцыі “Філаматы. Ідэі праз стагоддзі”

27 сентября 2017

29 верасня 2017 года а 16-ай гадзіне ў Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца  адкрыццё  часовай  літаратурна-дакументальнай  экспазіцыі “Філаматы.  Ідэі  праз  стагоддзі”, прысвечанай   200-годдзю з дня заснавання тайнага студэнцкага згуртавання філаматаў. Праект падрыхтаваны сумесна з Музеем літаратуры імя Адама Міцкевіча (Варшава) і Польскім Інстытутам у Мінску.

Увосень 1817 г. з ініцыятывы студэнтаў Віленскага  ўніверсітэта Тамаша Зана, Адама Міцкевіча, Язэпа Яжоўскага, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага было заснавана таемнае патрыятычнае таварыства філаматаў (ад грэч. рhilomathes — аматар ведаў). У 1820 г. утварылася роднаснае таварыства філарэтаў — прыхільнікаў дабрачыннасці, кіраўнікамі якога былі філаматы.

Дзейнасць таварыстваў філаматаў і філарэтаў пакінула значны след у нашай культуры. Першапачаткова арганізатары і кіраўнікі таварыства ставілі толькі культурна-асветніцкія задачы: збіралі песні, паданні, легенды, апісвалі абрады і звычаі беларусаў. Паступова іх дзейнасць набыла  сацыяльна-палітычны накірунак.

Многія з філаматаў і філарэтаў пазней здабылі славу ў розных галінах дзейнасці. Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан сталі вядомымі паэтамі. Ігнат Дамейка ў эміграцыі стаў вядомым вучоным-геолагам, нацыянальным героем Чылі. Іх дзейнасць ярка асвяціла  і асвятляе дарогу новым пакаленням.

На экспазіцыі будзе магчымасць  убачыць вобраз тагачаснага студэнта Віленскага ўніверсітэта, мінерал, які названы ў гонар геолага і мінеролага – аднаго з  герояў экспазіцыі, а таксама творы і кнігі паэтаў-філаматаў.

На адкрыцці экспазіцыі ў гасцей будзе ўнікальная магчымасць убачыць работу Валенція Ваньковіча – партрэт Тамаша Зана, які захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.

Падчас мерапрыемства Музей разам з кампаніяй «Здравушка-мілк»  працягне традыцыю  філаматаў і філарэтаў “піць малако” – сімвал чысціні і праўды.

У рамках святкавання 200-годдзя з дня заснавання Таварыста філаматаў, 29 верасня 2017 года а 14-й гадзіне, пройдзе круглы стол “Філаматы і філарэты. Творчая і грамадская дзейнасць таварыства. Перспектывы святкавання 220–годдзя Адама Міцкевіча”.

У мерапрыемствах прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства Літоўскай Рэспублікі, Консульства Рэспублікі Чылі,  Пасольства Рэспублікі Польшча, пісьменнікі, літаратуразнаўцы і іншыя.

 Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

(вул. М. Багдановіча, 13).

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар