Біяграфія навукі – біяграфія навукоўца

27 снежня 2016

HOMO HISTORICUS 2017_2018

Гадавік антрапалагічнай гісторыі

БІЯГРАФІЯ НАВУКІ – БІЯГРАФІЯ/АЎТАБІЯГРАФІЯ НАВУКОЎЦА

Рэдакцыя гадавіка антрапалагічнай гісторыі “Homo Historicus” запрашае даследчыкаў задумацца над асаблівасцямі “біяграфіі навукі” і біяграфіі/аўтабіяграфіі навукоўцаў і прадастаўляе магчымасць выказаць уласнае меркаванне.

Вядомы даследчык Леў Гумілёў у “аўтанекралогу” заўважыў, што  не можа быць ідэі без асобы аўтара. Сапраўды, кожны навуковец мае асабістае жыццё, якое спалучаецца з прагай дайсці да ісціны, адказаць на пэўныя важныя пытанні.

У 2005 г. французскі даследчык у галіне аўтабіяграфіі Філіп Лежон (Philippe Lejeune) дабраахвотна адыграў ролю досьледнай жывёлы ў парыжскай Лабараторыі клінічнай сацыялогіі, супрацоўнікаў якой цікавіла сувязь паміж ягонай “гісторыяй жыцця” і навуковымі інтарэсамі. Ф. Лежону давялося ў пэўным сэнсе прэпарываць самога сябе. Але падобнае “прэпарырванне” з’яўляецца непазбежным этапам жыцця ў навуцы. Раней ці пазней перад кожным навукоўцам паўстаюць пытанні, накшталт таго, што было вызначальным у ягоным выбары сферы навуковых інтарэсаў або даследчага метаду? Як гэты выбар быў звязаны з асабістым жыццём? Гэтыя пытанні з’яўляюцца часткай таго, што можна назваць біяграфіяй/аўтабіяграфіяй навукоўца. Біяграфія навукі як і біяграфія ідэі не павінна ігнараваць “гісторыю жыцця” яе аўтара/аў.

У сваю чаргу ўсё гэта элементы антрапалагічнага падыходу да гісторыі навукі, які між іншым ставіць пытанні, як нараджаюцца гіпотэзы, канцэпцыі і тэорыі, з чаго складаецца іх “біяграфія”? Як становяцца навукоўцамі? Дзе вытокі імкнення знайсці ісціну, якое авалодвае адзінкамі? Як асабістае жыццё ўплывае на навуковыя даследаванні і лёс навукоўца? Як паўстаюць “навуковыя школы”, і ў якой ступені асобы іх стваральнікаў (“настаўнікаў”) вызначаюць працягласць іх існавання?

Акрамя навуковых артыкулаў плануецца таксама публікацыя ўспамінаў пра навукоўцаў і ўласнае жыццё ў навуцы. Пры гэтым Рэдакцыя спадзяецца, што дасланыя ўспаміны не будуць нагадваць наведванне “кургана славы”. Біяграфія навукі – гэта не толькі гісторыя поспеху. Значна часцей гэта гісторыя няспраўджаных канцэпцый і тэорый, расчараванняў у выбары даследчага метаду, паразаў ідэі не толькі ў выніку навуковых дыскусій і эксперыментаў…

Апроч галоўнай тэмы гадавіка рэдакцыя таксама плануе публікацыю тэкстаў, прысвечаных іншым праблемам, аўтары якіх будуць імкнуцца да пашырэння антрапалагічнага стылю мыслення ў аналізе мінулага.

Артыкулы, рэцэнзіі, успаміны, падрыхтаваныя да публікацыі дакументы (у т.л. з асабістых архіваў) ды інш. можна дасылаць Аляксандру Смаленчуку на адрасы:

ales.ramuma@gmail.com; aleksander.smalianchuk@ispan.waw.pl

Тэксты збіраюцца да 31 мая 2017 г.

Мова тэкстаў – беларуская, руская, польская, украінская і англійская. Рэзюме – на англійскай і беларускай мовах (не болей 300 словаў).

Звычайны памер тэксту ад 0,5 да 1,0 д.а. (20-40 тыс. знакаў).

Усе тэксты рэцэнзуюцца.

Аўтары таксама павінна прыслаць кароткія звесткі пра сябе: навуковая ступень, пасада, сфера навуковых інтарэсаў, асноўныя публікацыі (не болей 5).

Патрабаванні да афармлення тэкстаў

Тэксты рыхтуюцца ў MS-Word (шрыфт – Times New Roman, 12).

Палі: верхняе і ніжняе – 2 см, правае – 1, левае – 3.

Пры ўжыванні скарачэнняў (абрэвіятур) першы раз неабходна ў дужках іх патлумачыць.

Імёны гістарычных персанажаў і даследчыкаў прыводзяцца цалкам. Толькі пры частым згадванні пэўнай постаці, а таксама ў спасылках дапускаецца ўжыванне ініцыялаў.

Спасылкі размяшчаюцца напрыканцы тэксту праз функцыю “спасылка”.

Узоры афармлення спасылак:

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1, воп. 1, адз. з. 2, арк. 17-17 адв.

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI–XVIII стагоддзяў. Мінск, 1984. С. 45.

Dubas-Urwanowicz E. Grodno do XVIII wieku. Miasto i ludność // Grodno w XVIII wieku. Miasto i ludność. Białystok, 1997. S. 7–26.

Гуцуляк О. Съезды порабощенных народов России как этапы предпрометеизма: из истории прометеизма как борьбы народов против русского империализма [Электронный рэсурс] – 4 июля 2015. – Режим доступа: http://www.mesoeurasia.org/archives/15034.

Национальный Интернет-портал Республики Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. Минск, 2005. Рэжым доступу: http://www.pravo.by. Дата доступу: 25.01.2014

Бібліяграфічныя звесткі пра выданні, якія згадваюцца неаднаразова могуць скарачацца. Прыклад: Dubas-Urwanowicz E. Grodno do XVIII wieku.