Форум “ТЭАРТ”: “Разгерметызацыя”

24 жніўня 2018

VIII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ” пройдзе ў Мінску з 20 верасня па 16 кастрычніка пад слоганам “разгерметызацыя”.

У рамках міжнароднай праграмы пройдуць 9 найбуйнейшых тэатральных пастановак сучаснасці, 10 лепшых беларускіх спектакляў будуць паказаны ў адным шоукейсе Belarus Open, а “Школа ТЭАРТ” навучыць “чуць, бачыць і казаць”.

Сярод краін-удзельніц гэтага года – калектывы з Беларусі, Паўднёвай Карэі, Францыі, Фінляндыі, В’етнама, Літвы, Латвіі, Польшчы, Бельгіі і Расіі.

Фестываль пачнецца са спектакляў шоукейса Belarus Open, які пройдзе з 20 па 24 верасня. У гэтым годзе на ўдзел у праграме было пададзена 35 заявак ад тэатральных калектываў з усёй краіны, з якіх тэатральным крытыкам, куратарам Людмілай Грамыка былі абраныя лепшыя пастаноўкі апошніх гадоў. У адной праграме сабраны работы як самых яркіх маладых рэжысёраў Беларусі: Дзмітрыя Багаслаўскага, Яўгена Карняга, Аляксандра Марчанкі, Юры Дзівакова і Аляксандра Янушкевіча, так і пастаноўкі старэйшага рэжысёрскага пакалення – Мікалая Пінігіна і Аляксея Ляляўскага, Саўлюса Варнаса і Аляксандра Козака.

Міжнародная праграма стартуе 25 верасня. Сталыя госці “ТЭАРТа” – Оскар Каршуновас і Цімафей Кулябін, адразу тры харэаграфічных спектакля для прыхільнікаў танцавальнага жанру, класічная гісторыя трох мушкецёраў ў некласічным выкананні, легендарны фінскі рэжысёр Хрысціян Смедс, спектаклі-ўдзельнікі Авіньёнскага тэатральнага фестывалю “Арктыка” і “Сайгон” – самыя смелыя эксперыменты з межамі прасторы і часу, мовай кіно і тэатра, пластыкай чалавечага цела і новымі тэхнічнымі магчымасцямі.

Закрыццё фестывалю – “ТЭАРТ. Разгеметызацыя” – адбудзецца 16 кастрычніка ў культурным інкубатары “ОК16”. Акцёры і прадзюсары, сцэнографы і рэжысёры – усе дзейсныя і датычныя асобы збяруцца разам на закрыццё “ТЭАРТ”, каб парушыць герметычнасць уласных межаў і знайсці агульнае.

ПРАГРАМА ФОРУМА

ЯК НАБЫЦЬ КВІТКІ

АКТУАЛЬНЫЯ НАВІНЫ ФОРУМА

 Форум “ТЭАРТ праводзіцца ў Мінску з 2011 года. Арганізатары Форуму – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”, ААТ “Белгазпрамбанк” і ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Тэмы:
ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар