25 верасня 2018

Уручэнне найбуйнейшай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі прызначана на 11 кастрычніка.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў “Новай прасторы Галерэі «Арт-Беларусь»” (ZAL #2 у Палацы мастацтва, вул.Казлова 3).

Нагадаем, што на прэмію Гедройца ў гэтым годзе былі намінаваны 32 кнігі. У шорт-ліст прэміі, які аб’яўлены ў пачатку верасня, увайшлі:

Адам Глобус. Сям’я. Мастацкая літаратура, Мінск.

Альгерд Бахарэвіч. Сабакі Эўропы. Логвінаў, Мінск.

Анка Упала. На заснежаны востраў. Выдавецтва Янушкевіч, Мінск.

Вінцэсь Мудроў. Забойца анёла. Кнігазбор, Мінск.

Павел Севярынец. Беларусалім. ФОП Серадняк Т.К., Днепр. Украіна.

Уладзімір Арлоў. Танцы над горадам. Логвінаў, Мінск.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч.

Увага, конкурс!

Арганізатары прэміі прапануюць узяць удзел у конкурсе “Угадай трох пераможцаў”: угадаць трох фіналістаў Гедройца і выйграць камплект шасці кніг шортліста.

Умовы ўдзелу:

  1. Змясціць каментаром свой варыянт першых трох месцаў Прэміі Гедройца 2018 да паста на старонцы Прэміі ў Фэйсбуку (у фармаце: 1 месца — /Аўтар, Назва кнігі/, 2 месца — /Аўтар, Назва кнігі/, 3 месца — /Аўтар, Назва кнігі/).
  2. Расшарыць гэты пост на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ў адкрытым доступе.

Адказы прымаюцца да 23:59 9 кастрычніка ўключна ў каментарах да гэтага паста. Сярод тых, хто назаве трох пераможцаў, якія супадуць з выбарам журы, на ўручэнні Прэміі імя Ежы Гедройца будзе разыграны адзін камплект кніг шортлістараў.

Падрабязны рэгламент конкурсу можна знайсці ТУТ.

За навінамі наконт цырымоніі ўручэння можна сачыць на адмысловай старонцы ў ФБ.

***

Прэмія Гедройца ўручаецца штогод з 2012 года за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове. Заснавальнікамі прэміі выступілі Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі інстытут ў Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Глядзіце таксама:

Каму патрэбныя незалежныя літаратурныя прэміі?

Падзеі:
Тэмы: