Прэзентацыя новага рамана Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы”

05 сакавіка 2018

Футуралагічная прэзентацыя новага рамана Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы” адбудзецца 7 сакавіка ў Кнігарні Логвінаў. Пачатак у 19.00.

“Сабакі Еўропы”  –  гэта некалькі  гісторый, сплеценых у адзін мудрагелісты вузел, разблытаць які ня дасць рады ніхто. Прынамсі, на гэта спадзяецца аўтар.  На старонках кнігі ўступаюць у складаныя алхімічныя рэакцыі гарады, сюжэты, людзі, алюзіі, словы. Што злучае вёску Белыя Росы-13, якая знаходзіцца на тэрыторыі Расейскага Райху, і constructed language, таемную мову бальбута?  Нашто беларуская шаптуха выпраўляецца на далёкую трапічную выспу,  дзе будуецца ідэальная краіна Крыўя? Што за пасланне закапалі ў лесе вучні звычайнай сярэдняй школы, і чый труп знаходзяць у 2049 годзе ў танным берлінскім гатэлі?

“Сабакі Еўропы” – гэта шэсць паралельных сусветаў Беларусі ў новых фантастычных  апавяданнях, – кажа Сяргей Шупа, рэдактар рамана. – Так у нас не пісаў яшчэ ніхто. Нават Бахарэвіч”.

Фота Юліі Цімафеевай

Аўтар 900-старонкавага рамана, “кнігі-выкліка: чытачам, крытыкам, а найперш самому сабе”, прадставіць свой opus magnum. Альгерд Бахарэвіч – пра “Сабакаў”, еўрапейскую літаратуру, мову бальбута, магічныя брамы Менску, кнігарні будучыні, крызіс паэзіі ды ідэальную Беларусь.

На ФБ кнігарні Логвінаў можна задаць абсалютна любое пытанне Бахарэвічу пра мінуўшчыну і будучыню і атрымаць адказ на прэзентацыі.

Падзеі:
Тэмы: