Публічная лекцыя Русціса Камунтавічуса

24 кастрычніка 2016

Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” у межах цыкла “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”запрашаюць на публічную лекцыю памяці выбітнага літоўскага філосафа, інтэлектуала, палітычнага і грамадскага дзеяча Леанідаса Донскіса. Пра яго ідэі і дзейнасць мы разважаем разам з прафесарам Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва) Русцісам Камунтавічусам.

Леанідас Донскіс сыйшоў ад нас у верасні гэтага года. Яго можна было б назваць “камертонам сучаснасці”, бо ў сваіх кнігах і інтэрв’ю ён ставіў чытача перад неабходнасцю задумацца пра крытэры адрознення сапраўднага зла ад банальных сварак, трагедыі ад другасных эпізодаў сацыяльнага жыцця. Аналізуючы зменлівую і трывожную сучаснасць, ён стараўся акцэнтаваць увагу на сутнасных рэчах, якія вельмі часта заставаліся па-за ўвагай палітыкаў, палітолагаў, журналістаў. Атамізацыя, фрагментацыя, адзінота, ізаляцыя і як вынік гэтага – маральная слепата, страта маральнай і этычнай адчувальнасці… Вось тыя небяспекі, якія пагражаюць чалавеку ў свеце лакальных канфліктаў, інфармацыйнага шуму, што ствараюць медыя і сацыяльныя сеткі. Падмацаваныя практыкай і дзейнасцю ў межах Еўрапейскага Парламенту, ягоныя ідэі і разважанні прадстаўляюць “малую мапу ўласнага досведу” і становяцца для нас філасофскай прапановай разумення гэтага свету і месца чалавека ў ім.

Лекцыя In memoriam L. Donskis: філасофскія ідэі і публічная палітыка” адбудзецца 29 кастрычніка ў галерэі Ў (пр-т Незалежнасці, 37а). Пачатак – у 17.00 . Уваход вольны!

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар