“Вялікія вылазіны” Кнігарні Логвінаў

08 ліпеня 2019

Наш сталы партнёр і сябра, Кнігарня Логвінаў, мяняе месца дыслакацыі, а з восені запускае новы фармат працы.

“Кнігарня на Незалежнасці 37а — нешта большае за пункт продажу беларускіх кнігаў, прастору для прэзентацый альбо сяброўскіх сустрэчаў. Ігар Логвінаў падарыў беларускаму народу важнае месца. Цяпер, калі фізіка месца знікае, перамяшчаецца, застаецца чыстая метафізіка. Кнігарня “Логвінаў” пасьля 15 ліпеня — аб’ект успамінаў і рэканструкцый, сюжэт для серыялаў і філасофскіх трактатаў, пункт адліку для наступных крокаў наперад. Архетып, кажучы агулам” — піша ў сваім блоге гісторык ідэй, літаратар Ігар Бабкоў

Ад 16 ліпеня кнігарня пераязджае ў творчы кластэр на Караля, 22 (станцыя метро «Фрунзенская», побач з антыкварыятам «Б/Уржуазные ценности»).

Аддаючы даніну павагі памяшканню на Незалежнасці 37а, якое за дзевяць гадоў працы зрабілася народным форумам і месцам сустрэчы творчых людзей, у сераду 10 ліпеня ладзяцца “Вялікія вылазіны кнігарні”.

З гэтае нагоды — цэлы дзень вялікіх зніжак (30-70 адсоткаў) на ўсе кнігі.

А ўвечары — сустрэча з паэтамі, перакладчыкамі і празаікамі, сяброўская гутарка і зычэнні на шчаслівую дарогу.

З восені пачнецца маштабны праект “Вандроўная кнігарня”. Кнігарня прыўлашчвае сучасную традыцыю перасоўных бібліятэк, у якой літаратура і чытанне ёсць не толькі арганічным складнікам асабістага досведу, але і жыццёвым элементам грамадскага жыцця краіны. Логвінаўскія кнігары, прыхапіўшы кніжкі і аўтараў, плануюць на чатырох колах у бліжэйшыя колькі гадоў аб’ездзіць усю Беларусь: яе гарады, гарадкі і вёскі.

“Вялікія вылазіны кнігарні”

10 ліпеня (серада), 12.00 — 22.00

Незалежнасці 37а

Уваход вольны!

Тэмы:
ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар