Выступ Наталлі Васілевіч перад Сінодам Рэфармацкіх цэркваў у Паўночнай Германіі

15 лістапада 2021

Наталля Васілевіч

Шаноўныя сёстры і браты! Я дзякую за запрашэнне і магчымасць сёння выступіць перад Сінодам Рэфармацкіх цэркваў у Паўночнай Германіі, каб расказаць пра сітуацыю на маёй Радзіме, у Беларусі, а таксама прадставіць Вашай увазе гісторыю пераследаванага беларускага рэфармацкага інтэлектуала Уладзіміра Мацкевіча.

Уладзімір Мацкевіч — філосаф, ці як ён сам сябе вызначае больш дакладна, метадолаг. Ён нарадзіўся ў 1959 годзе ў Сібіры, куды былі высланыя сем’і ягоных бацькоў. У Расеі, пасля заканчэння навучання псіхалогіі, ён далучыўся да кола рускага метадолага Георгія Шчадравіцкага. Ён вярнуўся ў Беларусь у 1994 годзе, менавіта тады, калі дыктатар-папуліст Аляксандар Лукашэнка ўпершыню атрымаў пасаду прэзідэнта – каб захапіць яе на дзесяцігодззі. Гэта быў час, калі Мацкевіч вызначыў сваё філасофскае крэда: “Думаць Беларусь”. Фактычна, як парафраз важнага палітычнага крэда дэмакратачнага руху таго часу, воклічу – “Жыве Беларусь!” Мацкевіч бачыць філасофію не як сферу абстрактных канцэптаў, аднак як інструмент для рэальнай дзейнасці і практыкі, з іншага боку, паводле яго, ніякія дзеянні і практыкі не могуць быць паспяховымі без крытычнага філасофскага мыслення.

З 2000 году Мацкевіч – актыўны ўдзельнік хрысціянскай супольнасці Беларусі. Ён стаў паслядоўнікам рэфармацкага хрысціянства і далучыўся да невялікай рэфармацкай супольнасці ў Менску. Такі выбар у пераважна праваслаўна-каталіцкай сучаснай Беларусі быў незвычайным, але ў 16 стагоддзі рэфармацкай эвангельскай традыцыяй былі захоплены многія людзі з інтэлектуальнай эліты. Мацкевіча ўражвала не толькі ідэя Суверэннасці Бога, але і што кожны чалавек праз Боскую ласку пакліканы да пэўнай прафесіі, якой можа служыць Богу. Для Мацкевіча ягоныя філасофская, педагагічная і палітычная дзейнасць і ёсць такім пакліканнем.

Калі я сустрэла Мацкевіча ўпершыню, а гэта адбылося на зломе стагоддзяў, я толькі пачынала свой шлях у хрысціянскай веры, а таксама ў свеце беларускіх інтэлектуалаў. Ягонае хрысціянскае сведчанне, багаслоўская рэфлексія, здольнасць далікатна звяртацца да вобразаў і ідэяў з Пісання, былі для мяне, праваслаўнай хрысціянкі, прыкладам таго, як рэлігійная вера і адданасць хрысціянскіх прынцыпам з аднаго боку, і інтэлектуальны дыскурс з другога боку, могуць узаемна ўзбагачаць адно другое. У інтэлектуальным ландшафце постсавецкай Беларусі для мяне гэта было рэдкім прыкладам хрысціянскай творчасці. І праз двадцаць гадоў, якія мінулі з той пары, Мацкевіч у сваіх філасофскіх тэкстах, аўтарскіх меркаваннях і публічных выступленнях працягвае быць хрысціянскім голасам і робіць хрысціянства рэлеванным для сучаснага беларускага грамадства.

З 2002 па 2006 гады Мацкевіч быў удзельнікам грамадзянскай ініцыятывы “За свабоднае веравызнанне”, якая выступала за абарону свабоды рэлігіі ў Беларусі і супраць зменаў у закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” (2002), якія рабілі дзяржаўную палітыку ў сферы рэлігіі значна больш рэпрэсіўнай. У 2006 годзе да гэтай ініцыятывы далучылася і я і дагэтуль актыўна ўдзельнічаю ў абароне права на свабоду рэлігіі ці перакананняў. Напрыклад, група “Хрысціянская візія”, да якой я належу, праводзіць рэгулярны маніторынг парушэнняў правоў і свабодаў асобных людзей і супольнасцяў у сувязі з іх рэлігійнай прыналежнасці і перакананнямі ў межах цяперашняга палітычнага крызісу.

Свабода рэлігіі была для Мацкевіча адным з самых важных і фундаментальных правоў чалавека. У 2006 годзе ён далучыўся да паста-галадоўкі вернікаў поўнаевангельскай царквы “Новае жыццё” і правёў разам з імі 23 дня. Больш за тое, ён актыўна ўдзельнічаў у стратэгічным планаванні гэтага рэлігійна-палітычнага чыну. Гэты радыкальны спосаб быў апошняй магчымасцю для супольнасці абраніць сваю царкву, перабудаваную з былога кароўніка. Улады цягам пятнаццаці гадоў спрабавалі адабраць гэты храм у вернікаў. Дзякуючы галадоўцы і шырокай грамадскай кампаніі салідарнасці супольнасць змагла адстаяць свой храм, пакуль яго гвалтоўна ўсё ж не адабралі на хвалі рэпрэсіяў у 2020-2021 гадах, і цяпер царква збіраецца на малітву на вуліцы, на паркоўцы перад храмам, у які яны больш не маюць доступу.

Зараз я хачу зачытаць вам зварот Уладзіміра Мацкевіча да вас, тых, хто сабраўся тут, у Брэмене. На мінулым тыдні Мацкевіч даведаўся пра лісты салідарнасці ў яго падтрымку з боку Сусветнай супольнасці рэфармацкіх цэркваў, а таксама пра тое, што я буду гаварыць пра яго справу на Сінодзе рэфармацкіх цэркваў у Паўночнай Германіі. Ён перадаў мне гэты ліст, які мы пераклалі на нямецкую мову:

«Дарагія сёстры і браты ў веры, я ўдзячны за падтрымку і малітвы за ўсіх беларусаў, якія церпяць нягоды!

Адным з найважнейшых дасягненняў Рэфармацыі ёсць павага і развіццё чалавечай асобы. Згодна з догматам пра «першародны грэх», кожны чалавек нясе індывідуальную адказнасць і кожны мае права на справядлівы суд і справядлівасць. Асабістыя, персанальныя адносіны з Богам не дазваляюць судзіць чалавека за ўчынкі яго продкаў і паводле яго прыналежнасці да пэўнай супольнасці. Калі гэта адбываецца, то гэта азначае замах на прывілей Бога. Ніводнаму чалавеку гэта не дазволена, незалежна ад таго, якой бы ўладай ён ні валодаў. Хрысціянскае стаўленне да павагі да ўлады і дзяржавы, як некалькі разоў падкрэслівае ў сваіх пасланнях апостал Павел, не датычаць ўладу, якая прыўлашчвае сабе Боскія паўнамоцтвы.

Беларускі рэжым пазбавіў грамадзян справядлівай сістэмы правасуддзя і знішчыў справядлівасць. Я мяркую, што кожны хрысціянін можа лёгка адрозніць хрысціянскія запаведзі і дэмагогію, якую часам выкарыстоўваюць злачынныя ўлады. Горка, што не ўсе хрысціянскія канфесіі ў Беларусі занялі аўтэнтычную хрысціянскую пазіцыю супраць рэжыму, які топча запаведзі і закон.

У самым сэрцы Запаведзяў і Закону ляжыць Любоў, але пакуль мы трымаемся Верай і Надзеяй!

З павагай, Уладзімір Мацкевіч»

Мацкевіч мае рацыю — многія хрысціяне ў Беларусі дагэтуль не маюць у якасці прыярытэтаў правы і свабоды чалавека, дэмакратыю, вяршэнства закона і справядлівасць. Мы ўсё яшчэ знаходзімся на шляху да развіцця палітычна свядомай, крытычнай і сацыяльна ангажаванай тэалогіі. У падзеях беларускай дэмакратычнай рэвалюцыі хрысціяне і цэрквы не былі ў першых шэрагах. Аднак беспрэцэдэнтныя гвалт, беззаконне, рэпрэсіі і тэрор; цынічнае і адкрытае растаптванне праўды і справядлівасці, парушэнне правоў чалавека з боку дыктатарскага рэжыму сталі выклікам для хрысціянскай супольнасці Беларусі.

Рэжым праз застрашванне і маніпуляцыі спрабаваў скарыстацца цэрквамі ў якасці інстытуцый падтрымання лаяльнасці да «моцнага лідэра». Але ўпершыню ў нашай сучаснай гісторыі святары і пастары, тэолагі і хрысціянскія дзеячы розных хрысціянскіх канфесій узнялі свой голас, прапаведавалі аб праўдзе і справядлівасці, любові да бліжняга і неабходнасці называць рэчы сваімі імёнамі ў кантэксце сучаснай палітычнай сітуацыі. Адкінуўшы страх, яны стаялі побач на мірных дэманстрацыях, як валанцёры перад турэмнымі сценамі, суцяшалі закатаваных і зняволеных, маліліся новымі малітвамі аб свабодзе, справядлівасці, праўдзе і міры. Некаторых арыштавалі, некаторых прымусова знялі з пасады, многіх запалохвалі, пагражалі, абшуквалі, многія былі вымушаны выдаліцца з сацыяльных сетак ці нават апынуцца ў выгнанні, ратуючыся ад пераследу.

Праз страхі, слабасці, маніпуляцыяі, гвалт і пераслед улады здолелі дамагчыся таго, каб большасць царкоўных лідараў у Беларусі цяпер падтрымлівалі аўтарытарны рэжым — ці то маўчаннем, ці то словамі і справамі. Праваслаўнае царкоўнае кіраўніцтва абрала асабліва ганебны шлях, дазваляючы злоўжываць сабой на карысць рэжыму, так, што для грамадства яны сталі выглядаць як слугі рэжыму, нягледзячы на тое, што сотні праваслаўных святароў і тысячы простых вернікаў актыўна выступілі супраць бясчынстваў.

Калі іх епіскапы на баку ганіцеляў, праваслаўныя сталі арганізоўвацца ў групы і ўтвараюцца сетку гарызантальных сувязяў. Яны пазбягаюць супольнасцяў, дзе святары служаць рэжыму. Яны адкрыта ідуць да біскупаў, каб сказаць ім, як дзейнічаць паводле Евангелля і што 10 запаведзяў яшчэ ніхто не адмяняў. Яны пішуць публічныя петыцыі, хоць і не атрымліваюць адказу. Яны самі вучацца сведчыць пра сваю веру, пра праўду і справядлівасць, не чакаючы санкцыяў зверху. Што гэта, як не новая Рэфармацыя?

Мацкевіч таксама мае рацыю, што хрысціянскія запаведзі простыя і зразумелыя, і менавіта яны сталі базісам для аб’яднання і супольнага дзеяння вернікаў розных хрысціянскіх канфесій. Менавіта так пачынаецца і сапраўдны экуменічны рух у Беларусі, у які кожная традыцыя прыносіць свой пазітыўны ўнёсак дзеля агульнага дабра ўсяго грамадства. Адной з такіх важных ініцыятываў ёсць група “Хрысціянская візія”, якую я сёння прадстаўляю.

Тут, у Беларусі, мы часта чуем, нібыта важнымі хрысціянскімі цнотамі з’яўляюцца пакора і паслухмянасць уладзе – царкоўнай і свецкай. Аднак калі і адна і другая ўлады заснаваныя на гвалце, уціску, несправядлівасці, падмане і маніпуляцыях, хрысціяне не проста могуць, яны абавязаны супрацьстаяць злу. Для нас, хрысціян у Беларусі, сёння важны голас нашых братоў і сясцёр з-за мяжы ў падтрымку дэмакратычнага руху ў Беларусі. Гэта ўмацоўвае нас у перакананні, што хрысціянства — гэта не толькі рытуалы, асабістая вера, сэксуальная мараль і аскетычнае ўстрыманне, але яно не можа існаваць без грамадскай дзейнасці на карысць іншага і грамадства ў цэлым. Пакуль ёсць пакуты, боль і слёзы, хрысціянства не можа быць нейтральным. Хрысціянства – гэта не сфера абстрактных канцэптаў, аднак інструмент для рэальнай дзейнасці і практыкі.

 

Пасля выступу чальцы Сінода Рэфармацкіх цэркваў у Паўночнай Германіі падпісалі ліст у падтрымку Уладзімера Мацкевіча.