Якаву Радыне — 70 год!

01 снежня 2016

1 снежня 2016 г. спаўняецца 70 год выдатнаму беларускаму матэматыку, члену-карэспандэнту НАН Беларусі, прафесару, доктару фізіка-матэматычных навук Якаву Валянцінавічу Радыне.

Якаў Радына нарадзіўся ў 1946-м годзе ў вёсцы Брылькі Валожынскага раёна. Матэматычныя здольнасці выявіліся ў яго рана, таленавіты школьнік паспяхова ўдзельнічаў у матэматычных алімпіядах рознага ўзроўню. У выпускны год ён стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды, пасля чаго рашэнне паступіць на матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, з якім у далейшым ён і звязаў свой лёс, стала цалкам натуральным. Па заканчэнні універсітэта Якаў Валянцінавіч застаўся працаваць у БДУ ў якасці стажора-даследчыка, а ў 1972 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У 1975 г. маладому дацэнту было даверана арганізаваць кафедру функцыянальнага аналізу. Гэтая кафедра – сапраўды любімае дзецішча Якава Валянцінавіча. 1-га верасня 2016 г. кафедры споўніўся 41 год, і на працягу ўсяго гэтага тэрміну яе стваральнік з’яўляецца нязменным яе загадчыкам. Больш за тое, Я.В. Радыны па праву лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай школы функцыянальнага аналізу.

У 1987 г. у Матэматычным інстытуце АН СССР Якаў Валянцінавіч абараніў доктарскую дысертацыю. Уведзеная ў гэтай працы дасціпная канструкцыя экспаненцыяльнага вектара аказалася вельмі карыснай, і пасля з поспехам ўжывалася многімі матэматыкамі. Атрымаў прызнанне спецыялістаў цыкл сумесных работ А.Б. Антаневіча і Я.В. Радыны па мнемафункцыям. У 1980-я гады Якаў Валянцінавіч звярнуў увагу на тады яшчэ толькі фармуючыся навуковы напрамак – неархімедаў функцыянальны аналіз, убачыўшы тут магчымасці як для глыбокіх тэарэтычных даследаванняў, так і для разнастайных прыкладанняў. Сёння беларуская школа стала адным з бачных удзельнікаў міжнароднай супольнасці матэматыкаў, якія займаюцца неархімедавым аналізам.

Акрамя таго, што Якаў Валянцінавіч з’яўляецца буйным навукоўцам, ён таксама вядомы як бліскучы метадыст і педагог. У апошнія гады Якаў Валянцінавіч распрацоўвае даволі незвычайны накірунак у вучэбнай літаратуры, ён знаходзіць свежы, часам зусім нечаканы падыход да пытанняў, выкладанне якіх, здавалася б, ужо даўно ўстаялася. Новая трактоўка пры гэтым атрымліваецца больш глыбокай, і ў той жа час больш даступнай для студэнта і маладога даследчыка. Так, у кнізе “Элементы алгебры для студэнтаў-аналітыкаў”, якую Якаў Валянцінавіч напісаў разам са сваімі вучнямі, цяжкія паняцці алгебры ўводзяцца на мове функцыянальнага аналізу, што істотна палягчае разуменне матэрыялу аналітыкам.

Апісаць увесь спектр інтарэсаў і абласцей дзейнасці Якава Валянцінавіча ў рамках віншавальнага артыкула даволі цяжка, але мы ўзгадаем яшчэ адзін аспект, звязаны з грамадзянскай дзейнасцю юбіляра. Якаў Валянцінавіч з’яўляецца сааўтарам і навуковым рэдактарам шэрагу слоўнікаў: «Руска-беларускі матэматычны слоўнік» (1993), «Беларуска-польскі і польска-беларускі матэматычны слоўнік» (2010) – першых ў Беларусі слоўнікаў такога кшталту, а таксама сааўтарам і навуковым кансультантам першай у Беларусі «Матэматычнай энцыклапедыi» на беларускай мове. З яго актыўным ўдзелам ў БДУ было арганізавана вывучэнне матэматычных дысцыплін на беларускай мове.

Менавіта разнастайнасць інтарэсаў і ўстаноўка на выхад за вузкія рамкі дысцыплінарнасці і акадэмічнага асяроддзя дазволіла нам сустрэцца з гэтым выбітным матэматыкам у “Лятучым”. У цыкле публічных лекцый Лятучага Ўніверсітета Urbi et Orbi 2013-2014 года адбылася лецыя Якава Радыны “Поспехі і крызы матэматыкі”. “Лятучы” шчыра далучаецца да віншаванняў з боку сяброў, калег і вучняў Якава Валянцінавіча, жадае юбіляру творчых поспехаў, новых невырашаных праблемаў і інтэлектуальнай асалоды ў пошуку іх вырашэння!

Рэпартаж па слядах лекцыі Якава Радыны “Поспехі і крызы матэматыкі” можна пачытаць тут.