“Захаванне і рэстаўрацыя ў Беларусі: Новае пакаленне ўздымае галаву”. Круглы стол

12 красавіка 2018

Беларускі камітэт ICOMOS запрашае на круглы стол, прысвечаны захаванню і рэстаўрацыі памятных мясцін.

Дыскусія, якая абяцае быць гарачай, адбудзецца 18 красавіка ў музеі-майстэрні З.Азгура.

У мерапрыемстве прымуць удзел носьбіты розных прафесійных ідэнтычнасцяў: рэстаўратары, дызайнеры, даследчыкі, культурныя мэнэджэры і работнікі сферы турызма, якія агучаць уласнае разуменне сітуацыі ды распавядуць свае персанальныя гісторыі.

Нягледзячы на тое, што асноўны фокус увагі на круглым стале накіраваны на маладых, у дыскусіі прымуць удзел і тыя, чый вопыт працы са спадчынай вымяраецца дзесяцігоддзямі. Сваім досведам падзеляцца культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка, гісторык Цімафей Акудовіч, дызайнер Андрэй Ларры, архітэктары Зміцер Траскоўскі, Тамара Матыль і інш.

Праграма круглага стала прадугледжвае разгорнутае выказванне спікераў, каментары маладых прафесіяналаў і рэзюмэ «сталых» удзельнікаў.

«Мэта круглага стала – даць голас маладым прафесіяналам, якія працуюць са спадчынай, зрабіць своеасаблівы партрэт новага пакалення – тых, ад каго ўжо ў недалёкай будучыні будзе залежыць прыняцце рашэнняў аб лёсе нашых помнікаў і гістарычных гарадоў», – адзначае старшыня праўлення Беларускага ICOMOS, культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка.

«Захаванне і рэстаўрацыя ў Беларусі: Новае пакаленне ўздымае галаву»

Круглы стол

18 красавіка, пачатак: 16.00

Музей-майстэрня З.Азгура (Мінск, вул. З. Азгура, 8)

 

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся па тэлефоне +375 29 1915853 (Валерыя).

Падзеі:
Тэмы: