Школа Бібліі: герменэўтыка базавых тэкстаў культуры

 

Дубянецкая Ірына, бібліст, багаслоў і філосаф, доктар сакральнай тэалогіі (Sacrae Theologiae Doctor) і доктар філасофіі (PhD).

 

 

Біблія – метатэкст нашае цывілізацыі. У ёй бясцэнныя духоўныя ды інтэлектуальныя скарбы старажытных культур памножыліся на боганатхнёнасьць і творчую геніяльнасьць яе шматлікіх аўтараў. Створаная цягам некалькіх стагоддзяў, яна на тысячагоддзі прадвызначыла лёсы культур, дзяржаў, асоб і ўсёй неймаверна складанай сістэмы іх узаемасувязяў. Яна й цяпер вярэдзіць і натхняе. Незьлічоная колькасьць сэнсавых пластоў біблейскіх тэкстаў адбівае шматмернасьць самога жыцьця і адбіваецца ў шматмернасьці магчымасьцяў іх прачытаньня, расшыфроўкі, інтэрпрэтацыі ды практычнага засваеньня.

Школа Бібліі – прастора, дзе мы працуем з біблейскімі тэкстамі і іх кантэкстам (Эгіпет, Месапатамія, Сіра-Палестына ва ўсёй шматграннасьці іх культурных вышукаў і дасягненьняў), дзе вучымся асвойваць і прымяняць экзэгетычныя, герменэўтычныя, лінгвістычныя, культуралагічныя, тэксталагачныя ды іншыя сродкі разуменьня тэксту – ад мэты яго стварэньня да самых тонкіх капіляраў сэнсу. Гэткая праца будзе непазьбежна закранаць самыя розныя аспекты чалавечай веды, уключна з найбольш складанымі пытаньнямі быцьця, бо дасьледуючы Біблію, мы дасьледуем сябе.

Заняткі будуюцца такім чынам, каб удзельнікі мелі магчымасьць працаваць з рознымі аспектамі дасьледаваньняў, датычных Гэбрайскай Бібліі (Старога Запавету), Новага Запавету, а таксама іх культуралагічнага кантэксту – Старажытнага Блізкага Ўсходу. Ад удзельнікаў чакаецца актыўная праца, як на занятках так і самастойная. Пажаданым вынікам будзе асабісты ўнёсак удзельнікаў у сучасны беларускі інтэлектуальны дыскурс: напісаньне тэксаў па засвоеных праблемах, а таксама стварэньне вікіпедыйных артыкулаў.

У гэтым годзе Школа Бібліі распачне новы цыкл, выправіўшыся ізоў у шлях разумення біблейскіх тэкстаў і кантэкстаў іх стварэння.

Колькасць заняткаў: 10

Калі: 18:30, па серадах, штотыдзень

Пачатак: 21 сакавіка

ЗАПІСАЦЦА НА КУРС