ШКОЛА ГІСТОРЫІ ІДЭЯЎ

Кіраўнік: Ігар Бабкоў.

 

Гісторыя ідэяў – новая для беларускага інтэлектуальнага кантэксту дысцыпліна, што паўстае на памежжы гісторыі філасофскай думкі ды інтэлектуальнай і культурнай гісторыі.

У адрозненне ад класічнай гісторыі думкі (у аснове якой заўсёды ляжыць гісторыка-філасофскі канон, бо для заходняй традыцыі мысленне адбываецца перадусім у прасторы філасофіі) гісторыя ідэяў даследуе не толькі “вышыні” і “дасягненні” думкі, але і звычайныя, штодзённыя структуры мыслення эпохі, тыя ідэі, канцэпты, эмоцыі, якія якраз дзякуючы сваёй ардынарнасці не патрапляюць у поле аналіза і рэфлексіі філасофіі.

У гэтым сэнсе “паварот” ад гісторыі філасофіі да гісторыі ідэяў тыпалагічна падобны павароту ад культуралогіі і філасофіі культуры да культурнай антрапалогіі і культурных даследаванняў, павароту, пры якім культура пачынае разумецца як “штодзённае” і звычайнае, тое што абумоўлівае і апасродкуе ўсе чалавечыя практыкі, а не толькі спецыфічна культурную альбо інтэлектуальную актыўнасць. Гэтаксама і думка, мысленне для гісторыі ідэяў не зводзіцца і не абмяжоўваецца дысцыплінарнымі, прафесійнымі практыкамі, а з’яўляецца антрапалагічнай дадзенасцю чалавека, якая трансфармуецца, змяняецца ў часе і прасторы.

Гісторыя думкі вымушана апынаецца і генеалогіяй, і гісторыяй сучаснасьці, і кампаратыўнай філасофіяй і нават палітыкай памяці.

Структурна праца школы складаецца з:

–          Спецыялізаваныя заняткі: курсы, семінары, дыскусіі

–          Клубныя сустрэчы

–          Індывідуальная/групавая праца

Да гэтай структуры будуць далучаныя фарматы, якія існуюць незалежна ад працы школы: агульныя ўніверсітэцкія курсы, семінары і г.д.

У працы школы будуць браць удзел: Ігар Бабкоў і Максім Жбанкоў.

У адукацыйны  працэс у школе будуць уключаны заняткі з шырокім колам мысляроў з калегіюма Лятучага ўнвіерсітэта – Міхаіл Баярын,  Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская, Міхал Анемпадыстаў, Ірына Дубянецкая і інш..

Школа разлічана на 2 з паловай ўніверсітэцкія гады. Пачатак – студзень 2016,  сканчэнне (выпуск) – травень 2018 года.

 

Школа пачала працаваць ў мінулым годзе, але застаецца адкрытай для далучэння пры наяўнасці матывацыі і гатоўнасці ўключацца ў створаную супольнасць.

Каб патрапіць у школу неабходна да 8 кастрычніка падаць заяўку (запоўніць анкету і даслаць матывацыйны ліст). Усе падаўшыеся будуць запрошаны да сумоўя. 

Падаць заяўку на паступленне ў Школу.