“Колер Беларусі”: новы пласт спадчыны

02 чэрвеня 2017

30 траўня ў Мінску было прэзентавана выданне мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”, кніга-альбом, у якой спалучаюцца вынікі грунтоўнай працы па даследванні беларускай традыцыі ўжывання колераў і шыкоўная ілюстратыўная частка. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала прэзентацыю і пагутарыла з удзельнікамі праэкта.

Феноменам колераў у культуры Міхал Анемпадыстаў вельмі шчыльна займаецца з 2009 года. А апошнія пяць месяцаў ён цалкам прысвяціў працы над кнігай. “Толькі гэтым і займаўся, нават быў вызвалены ад хатніх абавязкаў”, – жартуе дызайнер.

І час гэты не быў патрачаны дарэмна. Кнігу немагчыма ўзяць у рукі без унутранага трымцення, кожная старонка прасякнута глыбінёй колераў і сэнсаў. Гартаючы альбом, нібы акунаешся ў іншы сусвет, які, зрэшты, табе не чужы, ты знаходзіш у ім повязь з мінулым і водгук сябе сучаснага, адчуваеш нешта бясконца роднае і цёплае. І хоць аўтар наракае, што не ўсё зроблена дасканала і што праца вымагала шмат сіл, кожная старонка нібыта праменіць любоўю і шчырай адданасцю, якія Міхал Анемпадыстаў уклаў у выданне.

Міхал Анемпадыстаў

– Выданне задумвалася як альбом, які прэзентуе беларускую культуру ў першую чаргу для саміх беларусаў. Гартаючы яго, можна зрабіць пэўныя высновы пра беларускую культуру і ментальнасць, – распавёў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” аўтар. – Але гэта не энцыклапедыя, бо фармат альбома не навуковы. І спадар Акудовіч, які быў стыль-рэдактарам (велічэзны яму дзякуй), не даваў мне набліжацца да гэтай навуковасці. Давялося выкінуць палову з таго, што я напісаў, каб унікнуць дэталізацыі, прыкладаў – таго, чым займаецца навуковая літаратура. У альбоме шмат паэтыкі і іншых цікавых рэчаў, якія з пункту гледжання навукі не маюць значэння. Але яны такія класныя, што могуць заахвоціць чалавека заняцца гэтай тэмай. Тое ж самае з ілюстрацыямі: яны ўсе падпісаныя, дзе і калі знятыя, і калі з гэтым звязана нейкая гісторыя, яе таксама можна прачытаць. Кніга так пабудавана, што вы можаце чытаць тэкст, можаце пераходзіць на спасылкі ў канцы – і там, фактычна, яшчэ адна кніга, у якой – рэмаркі да тэкста. Такім чынам, альбом можна чытаць і вывучаць з рознымі ўзроўнямі пагружэння.

Выхаду кнігі папярэднічала выстава, а таксама лекцыі Міхала Анемпадыстава пра ролю і значэнне колераў у беларускай традыцыйнай культуры. Альбом жа сабраў у сябе як візуальную, так і даследчыцкую інфармацыю.

Таццяна Вадалажская

– Да гэтага даследвання быў даволі доўгі шлях. Пазней як праект яно рэалізавалася ў межах Міжнароднай праграмы па развіцці культурнай спадчыны CHOICE. Мне здаецца, такі доўгі шлях да спадчыны цікавы тым, як выбудоўваюцца гэтыя стасункі, як мы шукаем сябе і бачым не толькі мінулае, але і цяперашняе, і будучыню. І, гледзячы на кнігу, я падумала, што ў нас ёсць адна радасць: наша недаследваная і непрынятая спадчына чакае нас вялікімі адкрыццямі,  – зазначыла каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

Таццяна Вадалажская і Вольга Лабачэўская

– Сапраўды, колер – гэта душа народа, яго пачуцці. Апісаць гэта, структураваць і ўкласці ў агульную форму можа чалавек, які тут нарадзіўся і адчувае гэтую прастору, у тым ліку колеравую. Я хачу павіншаваць аўтара з тым, што ў нас з’явіўся яшчэ адзін пласт спадчыны, – прамовіла рэцэнзент кнігі Вольга Лабачэўская.

Альбом “Колер Беларусі” – не толькі даробак мастацка-эстэтычнага кшталту, але і развіццё інтэлектуальнай прасторы, бо змяшчае не толькі даследванне, але і сэнсы, праблемы, уздымае пытанні.

Уладзімір Мацкевіч

– Кожны школьнік ведае, што час і прастора звязаныя: на хуткасці і адно, і другое памяншаецца. Але звязаныя не толькі прастора і час, а яшчэ і колер: калі цела рухаецца, яго святло змяшчаецца ў чырвоны бок спектра, – зазначыў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. – Мы заўсёды звязваем Беларусь з колерамі: блакітныя азёры, зялёныя балоты, Белая Русь… Міхал знаходзіць вытокі тых колераў, з якіх складаецца наша разнастайная рознакаляровая краіна.

Філосаф Вольга Орышава

Падчас прэзентацыі альбом можна было атрымаць за ахвяраванні для Дашы Ліс, пісьменніцы і журналісткі з генетычнай хваробай. Дзяўчына вось ужо другі месяц збірае грошы на электравазок з вертыкалізатарам. 

Перавесці сродкі на вазок для Дашы можна любым з пазначаных ніжэй спосабаў:

А сёння прэзентацыя альбома “Колер Беларусі” пройдзе ў Горадні – не прапусціце!

Тэкст і фота – Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь.

___________________________________________________

Даведка “Лятучага”: 

Міжнародны праэкт CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement” рэалізуецца Асацыяцыяй агенцтв мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь” (Лiтва).

Праект разгортваецца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы ЕС “Усходняе партнёрства” пры iнфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы арганiзацый-партнёраў:

Цэнтра культурнага менеджменту (Львоў, Украіна);

Нацыянальнага камітэта ICOM (Кішынёў, Малдова);

Адукацыйна-даследчага фонда Millennium (Ерэван, Арменiя);

Грамадскага аб’яднання “Цэнтр сацыяльных інавацый” (Мінск, Беларусь).

Беларуская частка праекта — “CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць” — грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекта маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.