Паслямова “Прадмовы”: Ці можа кніжны фэст збіраць аншлагі?

25 красавіка 2019

Цягам сакавіка-красавіка імпрэзы фестываля інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”адбываліся ў Полацку, Горадні, Гомелі, Брэсце і Бабруйску, а менская праграма налічвала больш за сотню падзеяў.

На “Прадмову” прыехалі аўтары з Фінляндыі, Расеі, Літвы, а літаратурная праграма дапаўнялася выставамі і тэатральнымі спектаклямі. Карацей, “Прадмова” ўзяла новы размах і прэтэндуе звацца галоўнай кніжнай падзеяй году. Якія былі ўдачы і хібы? Постфестывальнымі рэфлексіямі дзеляцца арганізатары і ўдзельнікі.

Даша Бялькевіч, паэтка, арганізатарка фестывалю:

– Галоўнае ўражанне – людзі цікавяцца літаратурай, што не можа не радаваць. Прычым кожны творца мае сваю аўдыторыю. Часта людзі прыходзілі дзеля аднаго аўтара або кнігі. І наша задача, вядома, каб яны заставаліся на фэсце!

Змаглі прыехаць усе замежныя госці апроч Сяргея Жадана, якога паспрабуем прывезці налета, і нашыя беларускія пісьменнікі цудоўна глядзеліся побач з імі.

З нечаканых для мяне падзеяў – “Ноч кнігі” для самых стойкіх і маладых душой. Шмат у каго была цікавасць застацца і паслухаць уначы страшныя казкі і выступы музыкаў, меладэкламацыю і літаратурны перформанс. Гэта новыя фарматы літаратуры, і такія эксперыменты маюць адбывацца. У наступным годзе “Ноч кнігі” будзе яшчэ больш феерычная.

Уладзімір Арлоў, пісьменнік:

– Сёлетняя “Прадмова” адбылася на іншым узроўні і паводле колькасці і якасці імпрэзаў, і паводле масавасці аўдыторыі. Вельмі важна, што былі выяздныя сесіі, пра якія чуў добрыя водгукі і ад гарадзенцаў, перад якімі я выступаў, і ад землякоў-палачанаў, да якіх не выпала паехаць, і ад берасцейцаў.

На менскай “Прадмове”было слушна, што ўручаўся шэраг прэмій. Удалай была і задума дыскусіі з удзелам Томаса Вянцлавы, Віктара Ерафеева і мяне. Замежныя госці – сапраўды невыпадковыя, знакавыя асобы – надалі новых фарбаў “Прадмове”, якая можа стаць найбуйнейшым літаратурным фестывалем.

Лілія Іллюшына, пісьменніца, арганізатарка фестывалю:

– Было адчуванне, што падзея зачапіла розных людзей, якія інакш не сустрэліся б –філосафы, гендарныя даследніцы, матэматыкі, прыхільнікі Ерафеева і Вянцлавы. Утварылася кніжная супольнасць: ілюстратары, выдаўцы, літаратары абмяркоўвалі вокладкі, пра нешта дыскутавалі. І ў гэтым нашая мэта – мы выходзім за межы літаратурнага фестываля, мы робім менавіта кніжны фэст. Нам важна, каб ідэя кнігі разглядалася з розных бакоў, каб кнігу можна было набыць, каб была прамоцыя, каб пра кнігу казалі як пра артэфакт і вакол яе былі дыскусіі, скажам, пра будучыню папяровых і электронных выданняў.

Таму падзеяй, якая адлюстроўвае фокус і ідэю фестываля, для мяне стала выстава маладых ілюстратараў. Мы паспрабавалі паказаць ілюстратарскую школу, пазнаёміць з маладымі аўтарамі, якіх пакуль мала хто ведае. І гэта не проста прэзентацыя, а сутыкненне розных зацікаўленасцяў – пераможцы конкурсу “Арт-Прадмова” атрымалі замову ад трох буйных выдавецтваў на ілюстраванне кніг.  

Марына Шыбко, выдавецтва “Лімарыус”:

– Шмат наведнікаў, вір суразмоўцаў! Было прыемна прадаваць кнігі. Мы невялікае выдавецтва, і нам важна, што ўдзел бясплатны, бо мы не можам выкласці грошы за стэнд, як на Мінскім кніжным кірмашы. “Прадмова” – сапраўдная пляцоўка для сустрэч, да нас падыходзілі знаёміцца людзі, зацікаўленыя ў кнізе, а два аўтары нават прапанавалі рукапісы для выдання. То бок было сапраўды карысна.

Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік:

Аўтобусны маршрут №18. Навінкі – фэстываль “Прадмова”.

Крышку сымбалічна выйшла, але: “я люблю вар’ятаў”. Такім ён для нас цяпер і застанецца, гэты аўтобус – як застанецца ў гісторыі беларускай кніжкі і сам фэст. Чатыры дні запар вазіў нас зялёнахвосты 18-ы з Асмалоўкі на галоўную кніжную падзею году – і забаўна было назіраць за пасажырамі: ніхто й не здагадваўся, што едзе ў такім інтэлектуальным напрамку.

На “Прадмове” я гаварыў пра састарэласьць панятку канону, мёртвыя ерархіі і моўныя межы беларускай літаратуры (беларускі літаратар – той, хто лічыць сябе беларускім літаратарам), бараніў папяровую кнігу ад робатаў, правёў удалую дзьвюхгадзінную майстар-клясу па прозе, чытаў у паўцемры казку братоў Грымаў “Зачараванае дрэва”.

Раздаваў аўтографы, не адмаўляўся ад фотасэсій з чытачамі, дэгуставаў напоі.

А яшчэ былі выдатныя лекцыі (асабліва вылучу лекцыю Аляксандры Логвінавай), дыскусіі і прэзэнтацыі (дзякуй, Вольга Шпарага, Тацяна Шчытцова, Юля Цімафеева, Надзя Кандрусевіч-Шыдлоўская, Андрэй Хадановіч і іншыя харошыя людзі), а яшчэ былі размовы зь Віктарам Ерафеевым (некалі, у мінулым жыцьці, мы пазнаёміліся ў гамбурскай ратушы), Софі Оксанэн (пазнаёміліся мы ўжо ў гэтым жыцьці ў Львове, і так файна было нарэшце пабачыць Софі ў Менску), Паўлам Татарнікавым, Генадзем Шарыпкіным… І ўсімі, хто рухае нашу культуру, як 18-ы па Менску – міма помнікаў, мітаў і прыгожых карцінак да схаваных і неабходных сэнсаў на ускраіне Горада Сонца.

Павел Баркоўскі, філосаф, арганізатар фестывалю:

– Вялікай удачай было тое, што ўдалося спалучыць розныя фарматы – выставы, літаратурныя імпрэзы, тэатральныя праекты. І яны не выпадалі з агульнай атмасферы фестывалю.

Мы надзвычай удзячныя ўсім, хто дапамагаў нам арганізаваць гэта свята кнігі: пляцоўцы фестывалю ў Мінску – культурнаму хабу ОК16, замежным прадстаўніцтвам – асабліва Рэспублікі Літва і Швейцарскай канфедэрацыі, кампаніі Andersen – за дапамогу ў арганізацыі выставы маладых мастакоў, Беларускаму ПЭН-цэнтру, творчым саюзам і аб’яднанням, адукацыйным і асветніцкім праектам, якія выступілі ў калабарацыі з намі, Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы, Нацыянальнаму цэнтру сучасных мастацтваў і кніжнай краме “Акадэмічная кніга”, беларускім выдавецтвам і нашым гасцям, якія рабілі на фестывалі выставу якаснай кнігі, усім, хто дапамагаў асвятляць фестывальныя падзеі. Шчыра дзякуем усім нашым шаноўным удзельнікам і усім тым, хто наведаў фестываль “Прадмова” у гэтым годзе. Будзем спадзявацца, што наша сустрэча адбудзецца неўзабаве.

Фота: са старонкі фестывалю ў FB.

Тэмы: