Міхаіл Баярын: Літва

23 ліпеня 2014

Блог Міхаіла Баярына

З гледзішча свамовы слова “літва” ўтвараецца ад кораня “ліць” – як “бітва” ад “біць”, “лавітва” ад “лавіць”. Гэта месца чыну – “дзе б’юцца, там бітва”, “дзе ліецца, там літва”, месца ліцьця. Але месца адразу ператвараецца ў зацею – можна ўчыніць бітву, зладзіць лавітву. Стварыць літву.

Літва – гэта слова-лёс, якому наканавана набыць змысел цяпер. Бо няма лепшага слова для “ліючайся формы” Ігната Абдзіраловіча, чым літва.

Абдзіраловіч кажа пра ліючуюся форму як пра форму кааперацыі і самаарганізацыі. Гэта грамада, што ўзьнікае зьнізу ўверх, утвараецца дамовай яе ўдзельнікаў. Яна здольна хутка мяняць сваю будову знутры. Ліючаяся грамада рушыць непрадказальна. Невядома, чым яна стане на наступным кроку. Яна сама вызначае сабе цэлі. У адваротнасьць, стойная грамада ўзьнікае зьверху ўніз. Яна ня рушыць, а становіцца, спаўняе круг сваёй магчымасьці. Яны адрозьніваюцца як расьліна і жывёла, як быцьцё і чын, кон і воля.

Камень ляжыць. Ён можа паляцець, толькі калі сіла звонку надасьць яму рух. Тут адно рухае другое. А птах узьлятае сам і выбірае, куды ляцець. Яго лётам кіруе воля. Тут адно рушыць сябе само знутры. З гледзішча ўспрыманьня і мовы быцьця, няма розьніцы паміж каменем і птахам, гэта цэльныя вобразы. І калі адзін зь іх ляціць сам, гэта цуд. Птах ляціць сам таму, што яго многа, гэта ліючаяся форма, грамада, удзельнікі якой разам робяць агульны чын. Ліючаяся форма – гэта форма волі.

Адкрыўшы мноства сутвораў, заходнія і ўсходнія філёзафы ўбачылі іх як расьліны, што паступова спаўняюць круг свайго жыцьця, нараджаюцца і паміраюць. Сутвора для іх – гэта кон. Погляд Абдзіраловіча карэнна іншы, не быцьцёвы, а будаўнічы. Ён кажа пра пераадоленьне кону, сутвору волі, ператварэньне стойнай формы ў цякучую, быцьця ў чын, расьліны ў жывёлу.

У старабеларускай мове слова літва азначала грамаду ваяроў. Нашы продкі стварылі літвы, а літвы стварылі Літву – грамадзтва волі і вольнасьці, дзе крыніцай улады была асабовая воля, улада ўздымалася зьнізу ўверх, будова грамады вызначалася і мянялася самой грамадой, а ўладара выбіралі на вальным сойме.

Літва – гэта не пытаньне атаесамленьня, геапалітыкі ці падзелу гістарычнай спадчыны. Гэта тое, што трэба зрабіць, зграмадаваць. Каб стаць літвінам, трэба стварыць літву – ліючуюся форму, грамаду супольнага чыну. Літва мае стаць узорам нашай сутворы, нацыянальнай тэхналёгіяй. І разам нашы літвы аднойчы створаць Вялікую Літву, грамадзтва волі, што будзе адрозьнівацца ад іншых як птах ад камянёў.

Персоны: