Зігмунт Бауман. Як неалібералізм праклаў шлях Дональду Трампу

17 студзеня 2017

Пераклад на беларускую: Аляксандр Карцель. Арыгінальны тэкст можна паглядзець тут: How Neoliberalism Prepared The Way For Donald Trump

Я ўсё яшчэ яскрава памятаю тое, што памятае ўсё менш ды менш людзей, – словы, якімі Мікіта Хрушчоў, каторы вырашыў выкрыць і публічна засудзіць злачынствы савецкага рэжыму, каб прадухіліць іх паўтор, акрэсліў маральную слепату і бесчалавечнасць, якія да гэтага былі яго прыкметай; ён назваў іх “памылкамі і скажэннямі”, дапушчанымі Іосіфам Сталінам у працэсе паспяхавага ажыццяўлення па сутнасці здаровай, слушнай ды глыбока этычнай палітыкі.

У шматгадзінных прамовах Хрушчова не знаходзілася месца нават найменшаму падазрэнню, што такая палітыка ад самога пачатку павінна была стацца атручанай ды замешанай на няроўнасці, непрыстойнасці і маральнай злаякаснасці; і якая – калі яе правядзенне не спыніць ды старанна не перагледзець – мусіла прывесці да зверстваў, што мы цяпер ганім, ганьбім і асуджваем. Была выкладзена норма сістэмы з шэрагам памылак, здзейсненых адным чалавекам, у скрайнім выпадку ў супрацоўніцтве з некаторымі іншымі асобамі, імёны якіх таксама былі персанальна агучаныя.

Я гэтаксама яскрава памятаю грамадскую рэакцыю на выкрыцці Хрушчова. Некаторыя людзі, выхаваныя, выдрэсіраваныя ды выпеставаныя нібыта пад апекай савецкага Міністэрства праўды, падпарадкаваліся і ўспрынялі, нават хаця б і не без пэўнага рэшткавага непакою, чарговае абвешчанне з самых вярхоў. Больш людзей плакала, смуткуючы з нагоды напаткаўшай іх у другі раз у жыцці гістарычнай драмы, аднак на гэты раз зведзенай да разраду (непрадбачаных ды напэўна ненаўмысных) промахаў і недаглядаў па сутнасці беспамылковага чалавека з непарушнай рэпутацыяй, які імкнуўся да бясспрэчна шляхетнай мэты. Але большасць людзей смяялася, хаця горыч у гэтым смеху быў занадта моцным, каб яго прыхаваць.

Я не ўзгадваю ўсіх тых (урэшце рэшт аддаленых у часе) падзей не толькі таму, што старыя людзі, як я, любяць аддавацца ўспамінам ды ад іх узалежненыя; аднак таксама ў сувязі з тым, што яны нясуць у сабе змрочнае падабенства да рэакцый пераможаных і іх сімпатызатараў на гучную паразу, нанесеную Хілары Клінтан, Дэмакратычнай партыі, якую яна прадстаўляла, і неаліберальнай палітыцы, якую яны памылкова праводзілі і абяцалі працягваць праводзіць пасля перамогі ў выбарах. Нават такія тэрміны, як “памылкі” і “скажэнні”, з адпаведным указаннем імёнаў вінаватых, уласцівыя ў абодвух выпадках параўноўваемых рэакцый у якасці галоўнага – дастатковага і здавальняючага – тлумачэння.

Орбан, Качыньскі, Фіца, Трамп – вось няпоўны спіс тых, каму ўжо ўдалося альбо вось-вось удасца навязаць уладу, адзінай (і дастатковай!) падставай ды легімітызацыяй каторай ёсць воля ўладара; іншымі словамі, ажыццявіць на практыцы вызначэнне суверэннай улады, прапанаванае Карлам Шмітам (некалі кандыдатам на ролю прыдворнага філосафа Адольфа Гітлера), як кіраванне “асобы, што прымае рашэнні” (глядзі яго “Палітычную тэалогію”). Спіс тых, хто прагна назірае за іх пагардлівым і бессаромным нахабствам, перапоўненых захапленнем і свербам пайсці за іх прыкладам, падаўжаецца – і хутка. На жаль, грамадскае адабрэнне і попыт ў дачыненні да першых і да другіх, а такім чынам і да прынцыпу “Ein Volk, einReich, ein Führer” (адзін народ, адна дзяржава, адзін кіраўнік), агучанага Гітлерам у 1935 годзе ды неўзабаве ўвасобленага ў жыццё, расце гэтак сама хутка, магчыма, – яшчэ хутчэй. Рынак прапановы патэнцыйных “адзіных і непаўторных” лідэраў, што існаваў яшчэ нядаўна, імкліва і пакуль што няспынна ператвараецца ў рынак попыту. Трамп стаўся прэзідэнтам ЗША, таму што ясна даў зразумець амерыканцам, што ён будзе такім лідэрам, ды таму, што амерыканцы хочуць, каб іх вёў лідэр такога тыпу.

Лідэр з разраду “асобаў, што прымаюць рашэнні” не патрабуе для сваіх дзеянняў анічога іншага, апрача (спантаннага ці штучнага, дабравольнага ці навязанага) грамадскага адабрэння. Яго рашэнні не маюць іншых абмежаванняў – нават тых, якія па ідэі павінны былі б зыходзіць з меракаванняў сапраўдных і/ці ўяўных прычын “вышэйшай натуры” альбо верхавенства бясспрэчных агульначалавечых запаведзей – як у выпадку памазанікаў божых, сярэднявечных манархаў. Лідэр з разраду “асобаў, што прымаюць рашэнні” падыходзіць блізка да абсалюту: як Бог у адказ на пытанні Іовы, ён адмаўляецца тлумачыць свае рашэнні ды адхіляе права Іовы (ды і каго-небудзь іншага, па сутнасці) прасіць тлумачэнняў ды спадзявацца атрымаць іх. Адзінае тлумачэнне, якога патрабуе рашэнне лідэра ды якого заслугоўваюць тыя, каго яно закране і якім яно будзе дадзенае, – гэта воля лідэра.

“Пэўнасць” важных для жыцця рэчаў, – гэта найбольш палкая мара людзей, якіх пераследуе і прыгнятае няпэўнасць (хаця такая пэўнасць можа таксама стацца, як Уільям Піт-малодшы заўважыў ужо ў 1783 годзе, “заклікам да усемагчымых парушэнняў свабод чалавека” і “аргументам тыранаў”). Палітыка, якая кіруецца прынцыпам “асобы, што прымае рашэнні”, ёсць месцам сустрэчы смачных аргументаў тыранаў ды ненаеднага апетыту іх прыхільнікаў. Новая эра ліберальнай дэмакратыі, непазбежны надыход каторай Піт адным з першых накрэсліў у агульных рысах, была накіраваная, можна сказаць, на папярэджанне такого сутыкнення дзеля трыюмфу розуму і сапраўдных чалавечых інтарэсаў.

На працягу пазнейшых дзесяцігоддзяў, што зліваліся ў стагоддзі, тэарэтыкі і практыкі права, а таксама філосафы палітыкі аб’ядналі свае сілы, каб дасягнуць, а дасягнуўшы, абараніць гэтую мэту. Вырашэнню гэтай задачы былі прысвечаныя іх думкі, майстэрства і вынаходлівасць. Шлях да дасягнення мэты (вызначанай ў дачыненні да любых практычных памкненняў з пераходам улады ад каралёў з князямі да народу) вёў, паводле пераважнага меркавання, праз захады інстытуцыянальнага характару: падзел паміж заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінамі ўлады, адначасова ўзаемна аўтаномнымі, але і цесна, вельмі блізка, нават інтымна дапасаванымі адна да адной, што гэтакім чынам змушае іх перманентна ўступаць у перамовы аб знаходжанні пагаднення, засцерагаючы пры гэтым ад спакусы аднаасобнай ды патэнцыйна абсалютнай улады.

Гэта тэндэнцыя была дапоўненая яшчэ адной, хутчэй культурніцкага, чым арганізацыйнага паходжання. Яе праявай стаўся лозунг “Liberté, Egalité, Fraternité” (свабода, роўнасць, братэрства), які прасоўваўся французскімі філосафамі эпохі Асветніцтва і неўзабаве быў вышыты на сцягах, што насілі з сабой з аднаго канца Еўропы ў іншы французскія рэвалюцыйныя войскі. Апалагеты гэтага лозунгу добра ўсведамлялі, што тры ягоныя элементы маюць шанец матэрыялізавацца толькі супольна. “Liberté” можа прывесці да “Fraternité” выключна ў кампаніі з “Egalité; калі выключыць гэты медыюм/пасярэднік з трыяды, то “Liberté” з усёй імавернасцю прывядзе да “няроўнасці”, а фактычна – да “падзелу і ўзаемнай варожасці ды барацьбы” замест адзінства і салідарнасці. Толькі гэта трыяда ва ўсёй сваёй паўнаце здольная гарантаваць мірнае, а таму і квітнеючае грамадства, добра інтэграванае і прасякнутае духам узаемнага супрацоўніцтва.

Экспліцытна альбо імпліцытна такая пазіцыя стала цесна асацыявацца з “класічным” лібералізмам наступных двух стагоддзяў, які пагадзіўся з тым, што насамрэч людзі могуць вызваліцца толькі пры ўмове валодання здольнасцю выкарыстаць сваю свабоду; і толькі пасля набыцця абедзьвюх якасцяў, свабоды і роўнасці, можа надыйсці сапраўднае “Fraternité”. Джон Сцюарт Міль зрабіў з гэтых наўскрозь ліберальных перакананняў сацыялістычныя высновы, тады як лорд Беверыдж, завадатар і агітатар дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту ў Брытаніі (а таксама натхніцель рэшты еўрапейскіх краінаў, каб з яе бралі прыклад), разгледзеў і прэзентаваў мадэль, якую ён рэкамендаваў у якасці неабходнай для імплементацыі несумненна ліберальных ідэяў.

Аднак не будзем расплывацца думкай па дрэве: неалібералізм, зараз філасофія-гегемон, якую падзяляе амаль увесь палітычны спектр (і ўжо па-за ўсялякім сумневам тая частка, якую Трамп са сваёй кагортай класіфікуе як “істэблішмент”, якому суджана быць знішчаным народнай лютасцю і паўстаннем), адмежаваўся ад сваёй папярэдніцы і сапраўды рэзка паставіўся да яе ў апазіцыю, учыніўшы дакладна тое, што мужна намагаўся папярэдзіць класічны лібералізм (альбо, калі такі зрух ужо меў бы месца, развярнуць ход падзеяў у адваротным кірунку), – выхаласціўшы прынцып  “Egalité” (як прынцып для ўсіх практычных намераў ды мэтаў) з трыадзінай эсэнцыі прынцыпаў і пастулатаў эпохі Асветніцтва, хаця ад часу да часу і няшчыра дэклараваў яму сваю адданасць.

Пасля трыццаці-сарака гадоў непадзельнай гегемоніі неаліберальнай філасофіі, якой у краіне вялікіх спадзяванняў амаль не кідалі выклікаў аніякія сур’ёзныя канкурэнты, а таксама дзякуючы дазволу і можа яшчэ у большай ступені дзякуючы фрустрацыям яе неаліберальных кіраўнікоў, электаральная перамога Трампа сталася практычна перадвызначанай. У такіх абставінах, памылкі і скажэнні (якія так ахвотна знаходзіліся, вытлумачаліся ды так палка дыскутаваліся большасцю асоб, што ўплываюць на фармаванне грамадскай думкі) у лепшым выпадку засталіся глазурай для спечанага (ці перапечанага?) пірага.

Для самапрызначаных носьбітаў вялікіх спадзяванняў і пераможцаў вялікай фрустрацыі, дэмагогаў ды балакаў усялякіх марак, коратка кажучы, персанажаў, што абвяшчюць сябе і якіх прынята лічыць моцнымі асобамі, моц каторых вымяраецца хутчэй здольнасцю да разбурэння, а не да выконвання выпешчаных і навязаных “істэблішментам”правілаў гульні, – такія абставіны ўяўляюць сабой знамянальны дзень. Аднак нам (тут я маю на ўвазе і ўказваю на людзей, заклапочаных дзеяннем, і нават больш – яшчэ не на поўніцу раскрытым патэнцыялам дзеяння) рэкамендуецца скептычна ставіцца да хуткага выпраўлення і імгненнага выйсця з праблемнай сітуацыі. Больш за тое, альтэрнатывы, якія мы маем да выбрання пры гэтакіх абставінах, належаць да катэгорыі выбару паміж Сцылай і Харыбдай.

Незадоўга да смерці вялікі Умберта Эка зрабіў наступную сумную выснову ў сваім бліскучым эсэ “Ствары сабе ворага” на падставе карпатлівага даследавання гэтай праблематыкі: “Мець ворага важна не толькі для вызначэння нашай тоеснасці, але таксама каб надзяліць нас перашкодай, з дапамогай каторай мы будзем вымяраць сваю сістэму каштоўнасцяў і, імкнучыяся яе пераадолець, прадэманструем сваю ўласную каштоўнасць”. Іншымі словамі: нам патрэбен вораг, каб ведаць, хто мы такія і кім мы не з’яўляемся; такія веды неабходныя нам дзеля самаадабрэння ды самапавагі. І ён дадае: “Так што калі ворага няма – нам трэба яго выдумаць”. Прыпіска: “Ворагі розняцца ад нас і прытрымліваюцца не нашых звычак. Увасабленне адрознення – гэта іншаземец”.

Што ж, праблема з іншаземцам палягае ў тым, што ён сапраўды часта з’яўляецца чужым – не толькі ў сэнсе адданасці чужым звычкам, але гэтаксама – што самае важнае – у тым, што ён жыве па-за царствам нашага суверэнітэту, а тым самым па-за нашым дасягам і кантролем. Гэта не цалкам наша справа – зрабіць з такіх людзей ворагаў ды ўвасобіць на практыцы сваю варожасць (калі, вядома, яны самі не перасякуць межаў з намерам пасяліцца ў нашым асяродзі). Калі суверэнітэт палягае на здольнасці “моцнай асобы” дзейнічаць выключна на падставе ўласнай волі, то тады шмат хто з іншаземцаў не падыходзіць да выканання ролі адпаведнага ворага паводле Эка. Шмат у якіх выпадках (альбо магчыма ва ўсіх?) лепш шукаць, знаходзіць ці выдумляць сабе ворага бліжай да дому, а перадусім – па гэты бок яго брамы. Вораг у нашым полі зроку ды нашае дасягальнасці шмат па якіх прычынах больш прыдатны (а перш за ўсё – ім лягчэй маніпуляваць і яго прасцей кантраляваць), чымся член уяўнай супольнасці, якога мы рэдка бычым і чуем. Ужо ў Сярэднявеччы функцыю ворага ў выпадку хрысціянскіх дзяржаў дасканала выконвалі ерэтыкі, сарацыны ды іудзеі, усе з якіх пражывалі ў межах царстваў дынастый і цэркваў, якімі яны і былі прызначаныя. У цяперашнія часы, у эру, што аддае перавагу выключэнню (exclusion) перад уключэннем (inclusion), і калі першае (аднак не другое) хутка становіцца рутынным захадам, да якого звяртаюцца амаль механічна, здзяйсненне выбару ўнутры сваёй прасторы патрабуе яшчэ большай прастаты і прывабнасці.

Найбольш папулярны выбар сярод актуальных моцных асобаў альбо кандыдатаў на гэту пасаду, што датычыць кастынгу на ролю ворага (то бок, паводле Эка, на ролю ўнеска ў працэс самавызначэння, інтэграцыі і самасцвярджэння), – і гэта ёсць сапраўды цалкам і поўнасцю метавыбарам, што перадвызначае ўсе іншыя выбары праз асацыяцыю альбо дэрывацыю – гэта на сучасны момант “істэблішмент”. “Істэблішмент” – няўлоўны, як імгла, ды (на шчасце творцаў такога выбару і яго будучых шараговых жаўнераў) недавызначаны набор тых-хто-ужо-быў і зараз належаць мінуўшчыне, перажыўшых свой час, ды якіх даўно было варта спісаць у гісторыю, зарэгістраваўшы іх у аналах як зборышча эгаістычных крывадушнікаў і жалосных няўдачнікаў. У спрошчанай форме: істэблішмент адстойвае агіднае, абрыдлае, непрывабнае мінулае, а моцныя асобы, гатовыя накіраваць яго на сметнік, дзе яму даўно месца, адстойваюць рух у напрамку да новага пачатку, пасля чаго той (-ая), хто быў (-ла) нікім, стане ўсім.