«Забарона на прафесію» ў Беларусі: па выніках даследвання

Прапануем вашай увазе справаздачу па выніках чарговага этапа маніторынга забароны на прафесію, які вядзе Лятучы ўніверсітэт сумесна з Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі.

Поўны тэкст даследвання:

     BEL: «Забарона на прафесію» ў Беларусі: вяртанне да савецкіх практык і ўнікальныя рысы

     ENG: The employment ban in Belarus – returning to the Soviet practices and unique features

     RUS: Запрет на профессию в Беларуси: возврат к советским практикам и уникальные черты

У 2012 годзе Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі ўпершыню правёў даследаванне практыкі прымянення забароны на прафесію ў Беларусі ў перыяд 1996-2011 гадоў. У ходзе даследавання было зафіксавана больш за 500 публічна апісаных выпадкаў звальненняў і пазбаўлення магчымасці ажыццяўляць прафесійную дзейнасць па палітычных і ідэалагічных матывах.

У гэты перыяд звальненні, адлічэнні з навучальных устаноў, «чорныя спісы» былі сродкам запалохвання і пакарання палітычных апанентаў праз пазбаўленне іх сродкаў да існавання і магчымасцей для паўнавартаснай прафесійнай самарэалізацыі ў краіне. Таксама гэтыя метады служылі спосабам барацьбы з іншадумствам у дзяржаўных структурах, што дэманстраваў непазбежнасць сацыяльнай маргіналізацыі нязгодных.

У сітуацыі разгортвання палітычнага крызісу 2020 года і наступнага перыяду рэпрэсіўная практыка забароны на прафесію ў Беларусі стала адным з асноўных інструментаў падаўлення грамадзянскай палітычнай актыўнасці і іншадумства, нароўні з ужываннем гвалту, пазбаўленнем або абмежаваннем волі, запалохваннем, выцісканнем з краіны і да т.п. Ад папярэдніх перыядаў найноўшай гісторыі Беларусі прымяненне забароны на прафесію цяпер адрозніваецца не толькі маштабам, але і змяненнем форм і мэт.

Для больш глыбокага аналізу практыкі забароны на прафесію ў сённяшняй Беларусі і яе наступстваў для эканомікі і грамадства ў цэлым Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі  сумесна з Лятучым універсітэтам запусцілі маніторынгавае даследаванне. У дадзенай справаздачы вынікі першага этапу даследавання, якія ахопліваюць перыяд другой паловы 2020 года — першай паловы 2022 года , дапоўненыя дадзенымі за другую палову 2022 года разам з апісаннем новых выяўленых тэндэнцый.

Мэтай даследавання з’яўляецца аналіз рэалізацыі ў Беларусі практыкі забароны на прафесію ў 2020-2022 гадах і яе гуманітарных і сацыяльных эфектаў.

У лік задач даследавання ўваходзіла:

1)       збор матэрыялу і аналіз выпадкаў забароны на прафесію;

2)       вылучэнне асноўных характэрных рыс забароны на прафесію ў сучаснай сітуацыі (падставы, мэты і тактыкі дзеянняў ўладаў, стратэгіі і тактыкі дзеянняў рэпрэсаваных);

3)       вызначэнне ключавых праблем і іх наступстваў для грамадства і асобных людзей;

4)       вызначэнне напрамкаў супрацьдзеяння негатыўным наступствам.

У якасці эмпірычнай базы даследавання выкарыстоўваліся:

  • дадзеныя маніторынгу адкрытых крыніц (СМІ, Telegram-каналы) у перыяд са снежня 2020 года па снежань 2022 года (сабрана каля 300 кейсаў звальненняў або іншых відаў забароны на прафесію ў розных сферах);
  • дадзеныя Беларускага ПЭН , сабраныя ў межах маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры ў частцы звальненняў у перыяд 2021-2022 гадоў у сферы культуры і сумежных сферах, непасрэдна звязаных з культурай (203 кейсы);
  • дадзеныя аб звальненнях у сферы культуры, сабраныя Беларускай Радай культуры да канца 2022 года (88 кейсаў);
  • дадзеныя аб пацярпелых ад рэпрэсій медыкаў і работнікаў сферы аховы здароўя, сабраныя Фондам медыцынскай салідарнасці Беларусі (219 кейсаў);
  • вынікі анлайн-апытання, праведзенага ў межах дадзенага даследавання (палявы этап рэалізаваны ў траўні-чэрвені 2022 года, сабрана 141 анкета);
  • вынікі глыбінных інтэрв’ю з пацярпелымі ад забароны на прафесію прадстаўнікамі розных сфер (1-ы этап: травень-чэрвень 2022 года, 20 інтэрв’ю; 2-і этап: жнівень-верасень 2022 года, 10 інтэрв’ю).

Галоўныя высновы і напрамкі дзеянняў.

Падводзячы вынікі даследавання, можна адзначыць, што рэалізуемая рэпрэсіўная практыка забароны на прафесію мае для сучаснай Беларусі беспрэцэдэнтны характар. Сістэмнасць і мэтанакіраванасць гэтай практыкі пацвярджаецца не толькі разнастайнасцю форм і метадаў, не толькі маштабнасцю і ахопам розных прафесійных груп, але і арганізацыйным і заканадаўчым замацаваннем механізмаў кантролю і пазбаўлення ад «нелаяльных» работнікаў. Ва ўмовах працяглых рэпрэсій і пры адсутнасці публічнасці ў Беларусі практыка забароны на прафесію становіцца ўсё больш прыхаванай, аднак гэта не змяншае яе эфектаў.

Нягледзячы на тое, што на фоне іншых відаў рэпрэсій, якія працягваюцца ў краіне, звальненне з працы ці ліквідацыя арганізацыі здаюцца параўнальна «мяккімі» формамі пераследу, сістэматычная практыка забароны на прафесію вядзе да сур’ёзных негатыўных наступстваў як на індывідуальным узроўні, так і на ўзроўні грамадства ў цэлым. Агульны комплекс дзеянняў у рэчышчы рэалізацыі забароны на прафесію сёння накіраваны на тое, каб чалавек не проста страціў працу, а на поўную маргіналізацыю вялікай колькасці апазіцыйна настроеных у адносінах да дзейнага ў краіне рэжыму людзей. У грамадскім вымярэнні негатыўныя эфекты маюць як эканамічны характар (зніжэнне прафесійнага ўзроўню і кадравы голад у пэўных сферах, зніжэнне эфектыўнасці работы арганізацый і прадпрыемстваў), так і сацыяльны (нагнятанне атмасферы страху, разбурэнне прафесійных супольнасцей, змяненне этычных установак).

Можна канстатаваць, што сёння практыка рэалізацыі забароны на прафесію пераключылася з ранейшай устаноўкі на выбарачную барацьбу супраць палітычных апанентаў кіруючага рэжыму на ўстаноўку татальнай барацьбы з усімі «нелаяльнымі» і ва ўсіх сферах. У практыцы забароны на прафесію ў наш час можна знайсці запазычанне досведу з мінулых перыядаў, свядома ці па інерцыі дзеячы рэжыму капіююць шматлікія ўстаноўкі і механізмы кантролю, якія рэалізоўваліся ў савецкім грамадстве. На дадзены момант стан беларускага грамадства і знешнія ўмовы не дазваляюць забяспечыць той узровень татальнага кантролю, які быў дасягнуты ў СССР, аднак пры адсутнасці пазітыўных змен агульнай сітуацыі колькасць ступеняў свабоды для іншадумцаў і грамадзян, якія проста не праяўляюць актыўнай лаяльнасці, будзе змяншацца.

Такім чынам, на цяперашнім этапе забарону на прафесію трэба разглядаць як мэтанакіраваную палітыку па змене грамадскай свядомасці і сацыяльнай структуры беларускага грамадства. Гэта палітыка будуецца не на перакананні, прасоўванні тых ці іншых уяўленняў, фармаванні даверу да ўлады і яе ідэалогіі, асноўным яе інструментам становіцца «выцісканне» за межы грамадства і краіны нелаяльных дзейнаму рэжыму грамадзян. Для іх і іх сем’яў ствараюцца ўмовы, у якіх яны ставяцца на мяжу выжывання, пазбаўляюцца сродкаў да існавання, свайго сацыяльнага статусу і капіталу. Гэта палітыка капіюе савецкую практыку, пабудаваную на такім уяўленні аб сацыяльнай структуры грамадства, у якой адсутнічалі будзь-якія нішы для няўпíсанага ў сістэму спосабу дзеяння і мыслення.

Выбудоўванне сістэмы зніжэння негатыўных сацыяльных наступстваў ад забароны на прафесію павінна стаць падставай для стратэгіі дзеянняў. Яны маюць ажыццяўляцца ў некалькіх напрамках:

  1. Ідэнтычнасць, пазіцыя і прыналежнасць да «баку дабра». Асвядомленасць пра масавы характар забароны на прафесію, інфармацыя аб гэтай з’яве як аб мэтанакіраванай рэпрэсіўнай практыцы можа заставацца крыніцай для маральнай і псіхалагічнай падтрымкі людзей, якія ёй падвяргаюцца. Прыналежнасць калі не да большасці, то да вялікай супольнасці вартых людзей з’яўляецца тым пазітыўным кампанентам дадзенай сітуацыі, які павінен усведамляцца. Захаванне высокай самаацэнкі, усведамленне праваты ўласнай грамадзянскай пазіцыі з’яўляецца важным элементам супраціву. Падтрыманне ў грамадскай свядомасці гэтай тэмы, асвядомленасць пра маштабы і асобныя выпадкі можа выступаць не толькі элементам абароны правоў чалавека і аналізу актуальнай сітуацыі, але і часткай дапамогі і падтрымкі тых, хто падвергся забароне на прафесію. Адпаведна, гэта тэма патрабуе шырокага медыйнага асвятлення, накіраванага на захаванне самапавагі для тых, хто пацярпеў ад забароны на прафесію.
  2. Сацыяльны капітал і гарызантальныя сувязі. Важнае значэнне для пазітыўнага выхаду з сітуацыі пасля звальнення мае аб’ём сацыяльных сувязей і ўзаемадзеянняў (аб’ём сацыяльнага і сімвалічнага капіталу). Гэта дазваляе знайсці як часовую падтрымку, так і новыя шляхі і магчымасці. Каб чалавек не аказваўся сам-насам са сваімі праблемамі, неабходна мабілізацыя сацыяльнага капіталу, сеткавых узаемадзеянняў і дапамогі супольнасцей, у якіх людзі маглі б знаходзіць апору і падтрымку. Тут важна выкарыстоўваць патэнцыял наяўных гарызантальных сувязяў і супольнасцей: лакальных, прафесійных, а таксама пабудаваных на каштоўнасцях і інтарэсах (рэлігійных ды інш.).
  3. Інфармацыя, мадэлі і ўзоры. Апынуўшыся ў сітуацыі змены прафесійнай сферы ці фармату дзейнасці, ва ўмовах крайняга дэфіцыту рэсурсаў (часовых, маральных, фінансавых), чалавек павінен мець магчымасць хутка знайсці якасную інфармацыю аб разнастайных магчымасцях і кроках дзеянняў. Крытычна важнымі тут з’яўляюцца некалькі параметраў:
  • даступнасць інфармацыі (пра гэта павінны казаць многія медыйныя каналы);
  • разнастайнасць мадэлей, узораў і прапаноў для розных абставін і магчымасцей: ад больш рэсурсазатратных да самых простых і часовых, ад патрабуючых кваліфікацыі і перакваліфікацыі да даступных любому чалавеку;
  • яснасць першых крокаў і працэдур (юрыдычны, арганізацыйны, фінансавы бок).
  1. Навучанне, кансультаванне і «свой» рынак працы. Паколькі дзейны ў краіне палітычны рэжым з дапамогай забароны на прафесію перакройвае беларускае грамадства, то неабходна ствараць устойлівыя структуры, якія фарміруюць альтэрнатыўную сацыяльнасць. Размова ідзе аб шырокіх праграмах адукацыі, падвышэння кваліфікацыі, атрымання дадатковых прафесійных навыкаў. Гэта не можа быць сродкамі першай дапамогі, аднак такая сістэма павінна стварацца, каб паступова ўключаць у сябе беларусаў, арыентаваных на новую Беларусь. У тым ліку, у яе павінны ўваходзіць установы, арганізацыі і прадпрыемствы, якія маюць магчымасць працаўладкоўваць і садзейнічаць развіццю і падвышэнню матэрыяльнага і сацыяльнага статусу для пацярпелых ад забароны на прафесію. Задача палягае ў стварэнні і падвышэнні патэнцыялу беларускага грамадства, замест растварэння яго ў грамадствах іншых краін.

Чытаць поўны тэкст:

BEL: «Забарона на прафесію» ў Беларусі: вяртанне да савецкіх практык і ўнікальныя рысы

ENG: The employment ban in Belarus – returning to the Soviet practices and unique features

RUS: Запрет на профессию в Беларуси: возврат к советским практикам и уникальные черты