Адукацыя

Арганізацыя адукацыйнага працэсу і прасторы ў Лятучым універсітэце базуецца на ўласных распрацоўках наконт зместу сучаснай адукацыі і «ўніверсуму ведаў».

Лятучы ўніверсітэт не арыентуецца на прапанову адукацыйных паслуг і не імкнецца патрапіць у спажывецкія чаканні. Адукацыйная праца для нас — гэта пошук новых форм і зместу, якія б дапамагалі сучаснаму чалавеку станавіцца сувымерным праблемам і задачам нацыянальнага, еўрапейскага і сусветнага маштабу. Якім чынам прыйсці да здольнасці самавызначацца ў культурнай, сацыяльна-палітычнай і гістарычнай прасторы, да валодання метадамі мыслення і арганізацыі сваёй і супольнай дзейнасці ў сітуацыях будучыні? «Сучасны ўніверсум ведаў», які прапануецца ў Лятучым універсітэце, змяшчаецца ў трох прасторах:

  • Падыходы і метады інтэлектуальнай працы (аналіз, інтэрпрэтацыя, герменеўтыка, крытыка, даследаванне і г.д.) і арганізацыі дзейнасці (праектаванне, праграмаванне, кіраванне і г.д.);
  • Ідэі, тэорыі, канцэпты і эмпірычныя веды, якія дазваляюць складаць карціны свету і працаваць у іх;
  • Праца з уласнай індывідуальнасцю (этас, самавызначэнне, асэнсаванне каштоўнасцей і вызначэнне мэтаў) і практыка камунікацыі.

Рух у гэтых прасторах і спалучэнне іх можа даць сучаснаму чалавеку падставы для асэнсаванага існавання.

Адукацыйная прастора Лятучага ўніверсітэта

Наша прастора адкрытая для пракладання асабістых адукацыйных траекторый і ўключае ў сябе не толькі курсы ці семінары, але розныя формы інтэлектуальнай працы і практыкаванне мыслення. Менавіта ў сітуацыях судатыкнення і супольнай працы з мыслярамі і носьбітамі інтэлектуальнай, культурнай і палітычнай пазіцый — майстрамі — адбывается рэфлексія, самызначэнне і фармаванне ўласных падыходаў, крытыка і праверка ведаў і тэорый.

Шлях паглыблення ў прастору Лятучага ўніверсітэта ляжыць праз тры метафарычныя «брамы ўніверсітэцкай прасторы».

На публічных пляцоўках і праз адмысловыя ўводзіны адбываецца сустрэча з персонамі, праблемамі, ідэямі і этасам супольнасці, з ідэяй універсітэцкай прасторы. Самая даступная і простая магчымасць пазнаёміцца з Лятучым універсітэтам — гэта публічныя лекцыі і праблемныя дыскусіі. Лятучы ўніверсітэт таксама прапануе адмысловы курс лекцый-дыскусій («Уводзіны ў ідэю Універсітэта і прастору Лятучага») і кнігі серыі «Universitas Ludens», якія дапамагаюць паразумецца з ідэяй, якая ляжыць у падмурку Лятучага ўнверсітэта.

Брама ведаў і спосабаў мыслення ўводзіць у паглыбленне навучання і пошук сваіх настаўнікаў. Кожны год Лятучы ўніверсітэт прапануе праграму, якая ўключае курсы і школы. Праз базавыя курсы (філасофія, сістэмны падыход, матэматыка, метады працы з мінулым і будучыняй) фарміруюцца навыкі арганізацыі мыслення і дзейнасці. Тэматычныя і прадметныя ўводзіны знаёмяць з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснага беларускага мыслення, якое развіваецца ў Беларусі. У школах удзельнікі маюць магчымасць далучыцца да гуманітарных і інтэлектуальных практык у супрацы з Майстрам і стаць ягонымі вучнямі, зрабіць свой унёсак у развіццё гэтых практык.

Далей шлях ляжыць да інтэлектуальнай супольнай працы і творчасці. Сэрцам Лятучага ўніверсітэта з’яўляецца інтэнсіўная мысленчая і стваральная камунікацыя і праца, у якой узнікаюць новыя ідэі і практычныя адказы на інтэлектуальныя выклікі сучаснасці. На адмысловых семінарах вядзецца глыбокая прапрацоўка ідэй, крытыка і праблематызацыя, выкарыстанне і развіццё ведаў і метадаў мыслення. Арганізуюцца даследчыя групы ў адпаведнасці з выклікамі і практычнымі праблемамі развіцця Беларусі. На канферэнцыях фармулююцца і абмяркоўваюцца праблемы Беларусі і Еўропы, ідзе крытыка і распрацоўка ідэй для вырашэння гэтых праблем.

І, нарэшце, уключыўшыся ў розныя формы працы, можна патрапіць у супольнасць тых, для каго Універсітэт ёсць ладам жыцця і аб’ектам клопату. Лятучы ўніверсітэт развіваецца праз пастаянны пошук новых форм і фарматаў, праз рэфлексію і аналіз зменлівага кантэксту, праз інтэсіўныя стасункі і адмысловы лад жыцця. У Лятучым універсітэце ёсць шэраг форм рэфлексіі, абмеркавання і распрацоўкі новых ідэй, якія праграмуюць яго далейшае развіццё і ствараюць асяродак і супольнасць: універсітэцкі семінар, летнія школы, праектныя сесіі і арганізацыйна-дзейнасныя гульні.

Кожны год абвяшчаецца НОВАЯ ПРАГРАМА

Майстры і настаўнікі

Лятучы ўніверсітэт прапануе адукацыю праз сустрэчу з Майстрам, які ёсць носьбітам не толькі ведаў, але і свайго метаду і падыходу, практычнага досведу, этасу і пазіцыі. Мы запрашаем не выкладчыкаў прадметаў, а выбітных інтэлектуалаў, навукоўцаў, культурных і грамадскіх дзеячоў у Калегіум Лятучага ўніверсітэта. Мы прапануем ім вольна вызначацца ў змесце і формах працы, арыентуючыся толькі на тое, каб была забяспечана магчымасць сустрэчы Настаўніка і Вучня, каб гэтая сустрэча давала развіццё розным інтэлектуальным, культурным і грамадскім практыкам. Сёння Калегіум Лятучага ўніверсітэта складаецца з больш як 30 чалавек, сярод якіх філосафы і матэматыкі, сацыёлагі і гісторыкі, дызайнеры, літаратары, лінгвісты і тэолагі, а таксама дзеячы грамадзянскай супольнасці і культурныя героі.