Як стаць крытычным тэарэтыкам за 10 хвілін?

  Усе, хто хочуць працаваць у абшары крытычных тэорый (посткаланіялізм, гендарныя даследаванні, крытычны аналіз дыскурсу, Франкфурцкая школа), могуць спасцігнуць сутнасць гэтай працы за 10 хвілін, прачытаўшы сціслую рэканструкцыю «тэарэтычна-крытычнага метаду» прафесара Грэхама Гуда. Змешчаныя ніжэй парады могуць быць карыснымі таксама для тых, хто ўжо працуе на грунце згаданых тэорый; яны дапамогуць ім удасканаліць абраны імі тэарытычны варштат.

         «Памясці свайго апанента на сваёй ідэалагічнай мапе і прычапі да яго якое-небудзь кляймо. Не адказвай на тэзісы апанента па сутнасці, а знайдзі патаемныя матывы [свайго апанента], якія яго дыскрэдытуюць, альбо заяві, што такія ж тэзісы уласцівы групам, скампраметаваным у ідэалагічным плане, такім як кансерватары. Выкарыстоўвай зброю псіхааналізу ў дэбатах, трактуючы свайго апанента як ідэалагічнага „пацыента”, а не як кагось роўнага. Усялякую праяву нязгоды ўспрымай як фройдаўскую „рэзістэнтнасць” у стасунку да правільнасці твайго погляду і намякні на паталагічныя прычыны гэтага. Калі сутыкаешся з рашучым пратэстам, кваліфікуй гэта як „абарончую рэакцыю”, выкарыстоўваючы фройдаўскую антылогіку, у адпаведнасці з якой рашучае адмаўленне чагосьці з’яўляецца доказам наяўнасці гэтага. „Дэмаскуй” аргументацыю свайго апанента як праяву прагі-ўлады, але не кажы нічога пра сваю ўласную інтэлектуальную ды акадэмічную прагу-ўлады. Калі справы ідуць не зусім гладка, то паспрабуй сказаць: „Я адчуваю сябе абражаным праз тое, што вы кажаце”, замест: „Я нязгодны”; гэткім чынам ты перавядзеш дыскусію на эмацыйны і асабісты ўзровень. Не забывай таксама пра хітрык „непазбежнасці”: усё, што твой апанент кажа, трактуй як нешта, што ўжо з’яўляеццца часткай тваёй уласнай сістэмы, бо, як кажа Пол дэ Ман: „Процістаянне тэорыі ёсць часткай тэорыі”. Ніколі не пагаджайся выправіць нешта ў сваіх поглядах, паколькі ты заўсёды ўжо знаходзішся на слушным баку і няма нічога такога, чаму б ты мог навучыцца ў ходзе дыскусіі. Ігнаруй нормы рацыянальнай дэбаты, трактуй іх як прыкрыўку для ліберальнага індывідуалізму або інтарэсаў буржуазіі».

Фрагмент паходзіць з кнігі: Graham Good. Humanism Betrayed: Theory, Ideology and Culture in the Contemporary University. Montreal: McGill-Queen’s Press 2001. С. 48. Кніга горача рэкамендуецца ўсім, хто звязвае будучыню беларускай гуманістыкі з «крытычна-тэарэтычным» падыходам, а таксама тым, хто занепакоены такой будучыняй.