Ці ёсць неабходнасць у супрацьстаянні?

Андрэй Вялікаселец

Гэта быў цікавы курс, які узбагаціў мяне пэўнымі фактычнымі звесткамі, развагамі і
высновамі людзей, якія мелі падрыхтоўку, жаданне і час, каб абгрунтавана выказацца
па пытаннях існавання грамадзянскай супольнаці, меркаваннямі маіх паплечнікаў па
вывучэнні курса. Таксама ён узбагаціў мяне пытаннямі, сярод якіх асноўным застаецца
пытанне, чаму мы будуем развагі пра грамадзянскую супольнасць на
супрацьпастаўленні яе іншым структурам ці з’явам. Я неаднаразова звяртаўся да яго
падчас сустрэч і дагэтуль лічу яго адным з найважнейшых.
Першы сектар, другі, трэці… Уздзеянне першых двух на трэці… Магчыма, ёсць рацыя ў
тым, каб разглядаць чацвёрты, бо трэці ўжо не той. Я не адчуваю ў гэтым непарушнай
ісціны.
Я грунтуюся на думцы (яна гучыць і ў адной з лекцый), што грамадзянская супольнасць
– гэта супольнасць грамадзян, якія ўсведамляюць патрэбу ў абавязках, прынятых на
сябе свядома і добраахвотна, дзеля рэалізацыі пэўнай мэты – стварэння і няспыннага
ўдасканалення ўмоў для развіцця кожнага чалавека. Гэтаскама як усведамляюць, што
не ўсе грамадзяне гатовыя прыняць на сябе такія абавязкі. Не думаю, што гэта
праблема, гэта – дыспазіцыя. Сітуацыя, ў якой даводзіцца весці працу. Але я не бачу
тут прасторы каб казаць, што гэта стан супраціву некаму. Гэта стан руху да мэты.
Я пагаджуся, што менавіта на сённяшні дзень у нашай краіне пэўныя групы людзей,
якія агулам атаясамліваюцца з паняткам “дзяржава”, з пэўных прычын чыняць
перашкоды на шляху да гэтай мэты, аказваюць ціск, шукаюць і знаходзяць сабе
ворагаў, сапраўды існуюць ў стане супрацьстаяння. Яны дакладна не рухаюцца да
таго, аб ствараць умовы для развіцця кожнага. Але і гэтую сітуацыю я не прымаю як
назаўжды прадвызначаную, гэта на сённяшні момант у нас такая гістарычная
спадчына, зноў жа – такая дыспазіцыя.
Мне здаецца натуральным, што сітуацыя непазбежна палепшыцца, калі грамадзяне
свядома і добраахвотна возьмуць на сябе пэўныя абавязкі, такім чынам далучыўшыся
да грамадзянскай супольнасці. Сітуацыя падкажа, якія менавіта. Якраз сёння можа
проста выказваць гэтую думку сярод другіх людзей – ўжо абавязак. Прызвычаіваць да
ідэі, што жаданыя вынікі патрабуюць пастаяннага шырокага ўдзелу, у нашай сітуацыі
дык дакладна. І чым шырэйшы той удзел, тым менш ён вымагае ад кожнага паасобку.
На будучыню я б меў на ўвазе, што гэткім жа чынам сітуацыя пагаршаецца, калі людзі
адмаўляюцца ад згаданых добраахвотных абавязкаў. Так, пэўны час застаюцца іншыя,
на якіх усё даволі ўстойліва трымаецца, але некалі перасякаецца пэўная мяжа і такія
жаданыя ўмовы для развіцця кожнага пачынаюць ад нас адступаць. Здаецца, гэта тое,
чаму варта вучыць у школах. На гістарычных прыкладах у негатыўным сэнсе і на
асабістых прыкладах у станоўчым.
Такім чынам, у мяне няма разумення, што грамадзянская супольнасць павінна шукаць
спосаб пераадолець дзяржаву. Хутчэй, варта шукаць спосаб стаць крыніцай дзяржавы.
Праектаваць будучыню, дзе дзяржава і грамадзянская супольнасць – гэта не

супрацьлеглыя рэчы, а першая – інструмент, на працу якога ўплывае другая. І чым
мацнейшы гэты ўплыў, тым больш задавальняючыя вынікі працы.

Выпускное эссе курса «Гражданское общество: вопреки очевидности» (Летучий университет)