Новая беларуская Біблія

15 мая 2017

Група перакладчыкаў Бібліі ў гэтым годзе пачала друкаваць вынікі сваёй працы ў літаратурна-мастацкім часопісе “Дзеяслоў”. Першая публікацыі ў №86 уключае прадмову да гэтай неардынарнай працы, напісаную доктарам філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірынай Дубянецкай, і адзін з тэкстаў-перакладаў з каментарамі.

Прапануем вашай увазе тэкст прадмовы, і разам чакаем наступных публікацый.

Ірына Дубянецкая. Новая беларуская Біблія

У 2017 годзе адбываецца небывалы збег юбілеяў, звязаных і з беларускімі культурнымі героямі розных часоў, і з падзеямі, якія змянілі хаду нашай гісторыі і нават нашай цывілізацыі. Для нас гэта можа стаць штуршком для цэласнага агляду тога шляху, які мы прайшлі, і асэнсавання сябе як нацыянальнай супольнасьці. Найвялікшы з усіх юбілеяў, які здольны змяніць фокус нашага самаразумення, надаць нам сілы і веры, з’яднаць і акрыціць – гэта 500-годдзе Скарынавага прарыву.

6 жніўня 1517 году – у дзень Перамянення Гасподняга – Францішак Скарына абвясціў Перамяненне для свайго народу: ён даў сваёй краіне друкаваную кнігу і тым самым улучыў яе ў еўрапейскія цывілізацыйныя зрухі, і больш за тое, ён даў сваім людзям Біблію – асноўны аб’яднаўчы тэкст Заходняга свету – на мове, набліжанай да народнай, і тым самым паставіў сваю культуру на самы перад тых цывілізацыйных зрухаў.

Грандыёзныя рэфармацыйныя працэсы, якім было суджана мадэрнізаваць Еўропу і назаўсёды змяніць яе, а за ёю і шырэйшы свет, яшчэ толькі пачыналіся. Станаўленне нацыянальных культур, з якіх потым паўстануць нацыянальныя дзяржавы, было ў самым зародку. Біблія, якая была цывілізацыйным пунктам зборкі, апынулася ў цэнтры гэтых працэсаў. У 1516 годзе Эразмус ажыццявіў першае выданне Новага Запавету на мове арыгіналу, па-грэцку. Вывучэнне Бібліі на арыгінальных мовах і неабходныя для гэтага параўнанні многіх манускрыптаў скаланулі інтэлектуальны свет, бо сама наяўнасць шматлікіх розначытанняў і неадпаведнасцяў у старажытных пісьмовых сведках дэманстравала, што адзіны і непарушны, Богам пасланы тэкст Бібліі, на якой трымаецца нашая карціна свету, мае сваю гісторыю, і гісторыю складаную, шматмерную, далёка не відавочную. Гэтая новая праўда многае мяняла. Яна палохала і натхняла. Яна вымагала даследаванняў, перакульваючы ўстаялыя веды і погляды. І паралельна ў свеце пачынаўся вір новых адкрыццяў. Свет уступаў у Новы час, і адным з рухавікаў было новае асэнсаванне Бібліі.

У сярэдзіне 1450-х гадоў Ёганнэс Гутэнберг распачаў першую інфармацыйную рэвалюцыю, выдрукаваўшы ў Майнцы гэтак званую “саракадвухрадковую Біблію”.  Гэта быў звыклы лацінскі тэкст. Але неўзабаве час надыйшоў і для мясцовых моў. Пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы сталіся магутнымі каталізатарамі для станаўлення і развіцця гэтых самых моў. Калі Скарына ў Празе пачынаў сваю дзейнасць па друкаванні біблійных перакладаў, гэта была яшчэ абсалютная навінка. 

Піянерамі ў друкаванні біблійных перакладаў былі немцы. У 1466 годзе  Ёганнэс Ментэлін у Страсбургу надрукаваў пераклад Бібліі на верхне-нямецкую мову. У 1471 годзе Ніколё Малермі надрукаваў італьянскі пераклад у Венецыі – адным з найбуйнешых цэнтраў тагачасных эўрапейскіх культурных і сацыяльных змен. А потым выбухнулі чэхі, у якіх, дзякуючы руху Яна Гуса, Рэфармацыя пачалася на стагоддзе раней, чым у іншых. Першая Біблія ў чэшскім перакладзе выйшла ў свет у Празу ў 1488 годзе, праз год было новае выданне ў Кутнай Горы, а ў 1506 годзе ў Венецыі было здзейсненае яшчэ адно выданне – і менавіта яно відаць зрабіла максімальны ўплыў на працу Скарыны. Скарына быў наступным.

Асноўны працэс перакладаў Бібліі на мясцовыя мовы народаў Еўропы, як і фармаванне нацыянальных культурных ды інтэлектуальных традыцый, адбываўся пазней, цягам 16-га і 17-га стагоддзяў. Так склалася, што беларуская культура, уступіўшая ў гэты цывілізацыйны вір на самым пачатку, была ў пэўны момант выштурхнутая з яго і на доўгі час – час, калі ў свеце адбываліся лёсавызначальныя падзеі, – страціла сваю моц. І тое, што Біблія, якая праз усе гэтыя часы заставалася самым запатрабаваным тэкстам Заходняй культуры, так і не была цалкам і якасна перакладзеная на беларускую мову з арыгінальных моў, было сумным вынікам тога заняпаду.

Культура, якая не засвоіла асноўны тэкст цывілізацыі, не можа інтэгравацца ў гэтую цывілізацыю і змушаная заставацца на перыферыі, пакутуючы, апроч іншага, ад нізкага сацыяльнага статусу сваёй мовы. Ці не запозна беларусам штосьці мяняць? У цяперашнім свеце (у надыходзе якога актыўна ўдзельнічала мысленне і дзеянне, звязанае з Бібліяй) Біблія адыгрывае цалкам іншую ролю і займае цалкам іншае месца ў прыватным і агульным жыцці, чым ва ўсе папярэднія стагоддзі. Дык ці зменіцца што-небудзь у беларускім самаўспрыняцці  і вонкавым прыняцці, калі нарэшце з’явіцца “добрая беларуская Біблія”? І ці здолее яна кансалідаваць мову, культуру і ідэнтычнасць? Я не ведаю. Але я ведаю, што, калі мы не зробім гэтую працу, мы застанемся там, дзе і цяпер.

З розных прычын раней мы не маглі ўзбіцца на сучасны пераклад з добрых, вывераных сусветнай навуковай біблістычнай супольнасцю, біблійных крыніц. Аднак парадку паўсотні паасобных спробаў паасобных аўтараў перакладу цэлай Бібліі або яе некаторых частак і кніг, якія рабіліся праз усё 20-е і пачатак 21-га стагоддзяў, заклалі добры падмурак для новага этапу гэтага працэсу. А самае глоўнае – цяпер мы можам. У Беларусі ўжо дастаткова кваліфікаваных біблістаў, гебраістаў, эліністаў, філолагаў і літаратараў, здольных – і ахвочых – рабіць гэтую працу.

І праца пачалася. Перакладчыцкая група самаарганізавалася, прадумала і склала канцэпцыю перакладу і паціху працуе над некаторымі кнігамі Старога і Новага Запаветаў. Ёсць надзея ў 2017 годзе ўшанаваць 500-годдзе Скарынавага подзвігу выданнем першага плёну гэтай супольнай працы.  Плануецца выдаць чатыры першыя раздзелы Кнігі Роду – не толькі найпрыгажэйшыя і найскладанейшыя для перакладчыка ўзоры старазапаветнай прозы, але й самыя вядомыя і пазнавальныя біблійныя сюжэты пра стварэнне свету, пра чалавека і жанчыну ў садзе і іх выгнанне з саду, і пра Каіна, які забіў свайго брата, – а таксама Песню Песняў, якая ёсьць выдатным узорам гебрайскай паэзіі і ўлюбёным тэкстам многіх, і Евангелле паводле Яна.

Тут чытачу прапаноўваецца самы першы варыянт перакладу самага першага раздзелу з невялікімі каментарамі. Вялікае спадзяванне палягае ў тым, што ў друкаваным перакладзе не толькі акрэсляцца праблемныя месцы (якія нам і так вядомыя), але і намеціцца шлях да развязання праблем. Найлепшае, што можа адбыцца, – гэта шырэйшае абмеркаванне.

Такім чынам, спачатку вельмі сціслыя ўводзіны ў тэкст, потым сам тэкст, а потым некаторыя каментары да перакладу. На паўнейшыя каментары пакуль не час і не месца.

Шукайце працяг на старонках “Дзеяслова”!

Персоны: