Курс “Цывілізацыйная і культурная спадчына Візантыі”

Выкладчык: Алег Дзярновіч

У траўні 1921 года ў Вільні беларускі мысляр Ігнат Канчэўскі, які ўзяў псеўданім Ігнат Абдзіраловіч, скончыў сваё эсэ «Адвечным шляхам (Дасьледзіны беларускага сьветагляду)». Спецыфіку гістарычнага шляху і праблемы культурагенезу беларусаў і ўкраінцаў Абдзіраловіч пазначыў праз цывілізацыйную падзелённсць:

“Калі беларускі народ не стварыў выразнай культуры, дык гэта дзеля таго, што ў гістарычнай спадчыне яго была вялікая трагэдыя народнага духу, якую перажыць выпала толькі двум-тром эўрапэйскім народам: Беларусь ад Х веку і да гэтай пары фактычна зьяўляецца полем змаганьня двох кірункаў эўрапэйскай, пеўна арыйскай, культуры – заходняга і ўсходняга. Граніца абодвых уплываў, падзяляючы славянства на два станы, праходзіць праз Беларусь, Ўкраіну і хаваецца ў балканскіх краёх”.

Візантыйская спадчына ляжыць у вытокаў фармавання хрысціянскай і пісьмовай культуры нашага рэгіёна Еўропы. У далейшым гэты уплыў быў не такім непасрэдным, але як геакультурны фактар працягваў уздзейнічаць на прастору паміж Балтыйскім і Чорным морамі, нават і пасля падзення Візантыі ў XV ст.

Між тым выпрацавалася і супрацьлеглая канцэпцыя пра спрадвечны сацыяльны кансерватызм, манерны і абагульнена-спірытуалістычны характар культуры, інтрыганскую палітычную традыцыю Візантыі. Асабліва моцнымі гэтыя ўяўленні былі ў цывілізацыйна «канкурэнтнай» часткі Еўропы – лацінскай. Жывы падзел паміж гэтымі двума поглядамі, паміж гэтымі светаадчуваннямі праходзіў непасрэдна па рэгіёне Цэнтральна-Усходняй Еўропы. І гэта сімвалічна, бо сама візантыйская культура была сінтэтычнай.

План курса

  •  Культурная метраполія
  • Жывая традыцыя
  • Новыя нацыі і нацыянальныя гістарыяграфіі
  • «Візантыйскі код»: Ці існуе сувязь паміж сучасным цывілізацыйным статусам і гістарычным геакультурным выбарам?

 

Запіс на курс