Праграма мерапрыемстваў “Тыдня беларускага мыслення”, які пройдзе з 19 па 25 верасня, сфармаваная!
Дзясяткі разнастайных мерапрыемстваў па ўсёй краіне штодня будуць аб’ядноўваць беларусаў, для якіх мысленне з’яўляецца безумоўнай каштоўнасцю. А гэта не толькі філосафы і мысляры! Арганізатары падкрэсліваюць, што кажучы “мысленне” разумеюць не прафесійную прыналежнасць, але перадусім здольнасць выказвацца свабодна, свядома ды абгрунтавана.
Шэраг інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў аб’ядналіся ідэяй беларускага мыслення як часткі нашай ідэнтычнасці, самаразумення нацыі, шляхоў асэнсавання яе сутнасці ды прызначэння. У канцы траўня 2015 году імі быў распачаты супольны культурніцкі праект “Цытуй сваё!”, які паслужыў стартам “Году беларускага мыслення”. Яскравыя падзеі Году шырока і публічна прадстаўлялі інтэлектуальныя здабыткі Беларусі і прасоўвалі іх ў сучасную культуру.
Ініцыятыва “Цытуй сваё” атрымала свой працяг у выданні зборніка і стварэнні арыгінальных дызайнерскіх саколак, была выдадзена і прэзентавана Анталогія беларускага мыслення “Код прысутнасці”, адбылася серыя публічных лекцый і дыскусій “Спадчына Ігната Абдзіраловіча”, а таксама быў абвешчаны конкурс эсэ, прысвечаны постацям, ідэям і кантэкстам паўставання беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 25 верасня – на завяршальнай імпрэзе “Тыдня”.
Такім чынам “Тыдзень беларускага мыслення”, які пройдзе ў Беларусі з 19 па 25 верасня, ставіць на мэту падвесці вынікі Году і прадставіць усю разнастайнасць формаў і праяваў беларускага мыслення ў сучасным беларускім грамадстве.Маналагічныя развагі на адвечныя і суперактуальныя тэмы, дыялогі і дыскусіі, выставы і майстар-класы, прэзентацыі і нават меладэкламацыі – арганізатары прапануюць праграму для аматараў абсалютна розных формаў і моваў мыслення.
У спіс арганізатараў “Тыдня беларускага мыслення” ўваходзяць: Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова”, “Беларусский журнал”, кнігарня “Логвінаў” і Інстытут палітычных даследаванняў “Палiтычная сфера”.
Распачнецца “Тыдзень беларускага мыслення” адкрыццём выставы “Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення”, якую ладзяць “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі Калегіум. Адкрыццё адбудзецца 16 верасня ў 19.00 у прасторы Корпус 8 (пр. Машэрава, 9). Арганітзатары акцэнтуюць увагу на тым, што распачынаецца выстава ў пятніцу – напярэдадні “Тыдня” – і спадзяюцца, што дзякуючы ёй удзельнікі натхняцца атмасферай, збяруцца з думкамі, зарыентуюцца, выбудуюць сваю траекторыю па падзеях “Тыдня беларускага мыслення” і акунуцца ў яго віры.
“Гэтая выстава дазволіць убачыць, як словы “беларускае мысленне” са статуса аксюмарана перайшлі ў цалкам ”нармальнае” пазначэнне пэўнай з’явы. Яе можна вывучаць, разумець ці ўключацца праз працяг традыцыі ці крытыку, аспрэчванне і інавацыі, – распавядае каардынатарка “Тыдня беларускага мыслення” Таццяна Вадалажская, – Мы хацелі б, каб “Тыдзень” стаў прыгодай для ўсіх удзельнікаў, калі ў блізкім і знаёмым ты знаходзіш новае і нечаканае, у канцэнтраваным згустку падзеяў разумееш плыні, тэндэнцыі, а можа нават пэўны стыль і сваю мову. У выніку ты знаходзіш сябе ў прасторы мыслення і змяняешся разам з ім.”
Больш за дзесяць арганізацый, суполак і ініцыятываў па ўсё Беларусі далучыліся да стварэння падзей “Тыдня беларускага мыслення”. Мерапрыемствы будуць праходзіць на розных пляцоўках не толькі ў Мінску (Корпус8, Галерэя Ў, ЦЭХ, Галерэя ТUT.BY, PUNKT, Press Club Belarus, Imaguru) але і ў Астраўцы, Бабруйску, Берасці, Віцебску, Гомлі, Гродна і Магілёве. Уваход на ўсе мерапрыемствы “Тыдня” – вольны!
Падрабязную і актуальную праграму “Тыдня беларускага мыслення” можна знайсці (і спамаваць) ТУТ, а таксама на сайцеЛятучага ўніверсітэта.
Сачыце за абвесткамі ў суполцы падзеі ў Facebook (https://www.facebook.com/events/575359262657411/).
Па дадатковую ці больш дакладную інфармацыю звяртайцеся на адрас cytuj.svajo@gmail.com. Арганізатары з радасцю і імпэтам адкажуць на ўсе вашыя пытанні!
Да сустрэчы на мерапремствах “Тыдня беларускага мыслення”!