Аб значэнні філасофіі падчас вайны і палітычных узрушэнняў

01 лістапада 2023

30 кастрычніка 2023 г. у межах фестываля “Pradmova” адбылася анлайн-дыскусія “Аб значэнні філасофіі падчас вайны і палітычных узрушэнняў”.

Дыскусія была арганізавана Лятучым універсітэтам і кампаніяй салідарнасці з Уладзімірам Мацкевічам “Філосаф у турме”.

Беларускі філосаф і палітычны зняволены Уладзімір Мацкевіч у сваіх тэкстах і кнігах часта звяртаецца да тэмы месца філасофіі і філосафа ў палітыцы і практычных сферах жыцця. У межах дыскусіі ўдзельнікі абмяркоўвалі некаторыя ідзеі Мацкевіча аб практычнай філасофіі, а таксама пытанні, ці патрэбна нам філасофія зараз, калі побач ідзе жудасная вайна, калі ў краіне працягваюцца масавыя рэпрэсіі, калі абставіны прымушаюць людзей бегчы і шукаць паратунку і прытулку за мяжой? І калі так, то на што менавіта павінна быць накіравана філасафаванне сёння? Што вартае і што не вартае філасофскай размовы?

У дыскусіі прынялі ўдзел Таццяна Шчытцова, доктар філасофскіх навук, прафесар, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня), галоўны рэдактар часопіса “Топас”; Гінтаўтас Мажэйкіс, доктар філасофскіх навук, прафесар, Універсітэт Вітаўта Вялікага (Коўна); Іван Новік, дактарант, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня); Міхаіл Мінакоў, доктар філасофскіх навук, Інстытут Кенана (Кіеў), галоўны рэдактар філасофскага альманаха “Койнэ”.
Запіс дыскусіі можна паглядзець на ФБ-старонке кампаніі “Філосаф у турме”.