29 верасня 2017 года а 16-ай гадзіне ў Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Філаматы. Ідэі праз стагоддзі”, прысвечанай 200-годдзю з дня заснавання тайнага студэнцкага згуртавання філаматаў. Праект падрыхтаваны сумесна з Музеем літаратуры імя Адама Міцкевіча (Варшава) і Польскім Інстытутам у Мінску.
Увосень 1817 г. з ініцыятывы студэнтаў Віленскага ўніверсітэта Тамаша Зана, Адама Міцкевіча, Язэпа Яжоўскага, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага было заснавана таемнае патрыятычнае таварыства філаматаў (ад грэч. рhilomathes — аматар ведаў). У 1820 г. утварылася роднаснае таварыства філарэтаў — прыхільнікаў дабрачыннасці, кіраўнікамі якога былі філаматы.
Дзейнасць таварыстваў філаматаў і філарэтаў пакінула значны след у нашай культуры. Першапачаткова арганізатары і кіраўнікі таварыства ставілі толькі культурна-асветніцкія задачы: збіралі песні, паданні, легенды, апісвалі абрады і звычаі беларусаў. Паступова іх дзейнасць набыла сацыяльна-палітычны накірунак.
Многія з філаматаў і філарэтаў пазней здабылі славу ў розных галінах дзейнасці. Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан сталі вядомымі паэтамі. Ігнат Дамейка ў эміграцыі стаў вядомым вучоным-геолагам, нацыянальным героем Чылі. Іх дзейнасць ярка асвяціла і асвятляе дарогу новым пакаленням.
На экспазіцыі будзе магчымасць убачыць вобраз тагачаснага студэнта Віленскага ўніверсітэта, мінерал, які названы ў гонар геолага і мінеролага – аднаго з герояў экспазіцыі, а таксама творы і кнігі паэтаў-філаматаў.
На адкрыцці экспазіцыі ў гасцей будзе ўнікальная магчымасць убачыць работу Валенція Ваньковіча – партрэт Тамаша Зана, які захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.
Падчас мерапрыемства Музей разам з кампаніяй “Здравушка-мілк” працягне традыцыю філаматаў і філарэтаў “піць малако” – сімвал чысціні і праўды.
У рамках святкавання 200-годдзя з дня заснавання Таварыста філаматаў, 29 верасня 2017 года а 14-й гадзіне, пройдзе круглы стол “Філаматы і філарэты. Творчая і грамадская дзейнасць таварыства. Перспектывы святкавання 220–годдзя Адама Міцкевіча”.
У мерапрыемствах прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства Літоўскай Рэспублікі, Консульства Рэспублікі Чылі, Пасольства Рэспублікі Польшча, пісьменнікі, літаратуразнаўцы і іншыя.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(вул. М. Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21