Чым ёсць для нас стагоддзе БНР

25 сакавіка 2018

Сёння Беларусь святкуе стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі, ад якой наша краіна вядзе гісторыю сваёй дзяржаўнасці. 

Чым гістарычна была БНР і чым ёсць для нас сённяшніх, ці захавалі мы сувязь з ідэаламі і дзеячамі БНР, і што мы, урэшце рэшт, святкуем – аб гэтым разважаюць беларускія інтэлектуалы, чальцы калегіума Лятучага ўніверсітэта.

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

“Нашы гераічныя продкі марылі пра незалежнасць краіны і разумелі, што трэба быць рэалістамі і дамагацца немагчымага. Давайце і мы будзем удзячныя людзям, якія стваралі і рэлізоўвалі сваю мару, перадалі гэтую мару нам і мы зараз адзначаем стагоддзе здзяйснення гэтай мары. Будзем таксама рэалістамі, будзем патрабаваць немагчымага”.

Бібліст, багаслоў і філосаф Ірына Дубянецкая:

“Прайшоўшы 100-гадовы цыкль, мы можам пачынаць наступны, з тым, каб свядома і асэнсавана рухацца ў будучыню. І гэта будзе магчыма, калі мы ўсвядомім і асэнсуем, аценім і засвоім гэтую першападзею новай беларускай дзяржаўнасці. Бо ўсё прамінулае стагоддзе Беларусь пражывала, ды так і не пражыла 1918 год і наступная гады БНРаўскага змагання за краіну. Акупацыі, падзелы, пакутныя спробы дамагчыся міжнароднага прызнання, і самотная веліч герояў сярод насцярожанага чакання мас”.

Культуролаг і публіцыст ​​​​​​​Максім Жбанкоў:

“Я абсалютна ўпэўнены, што тое, што пачыналася 100 год таму як праект новай краіны, супольны праект новай, лепшай, вольнай Беларусі, сёння мае свой працяг у тым, што мы з вамі, кожны паасобку і ўсе разам, здольныя зрабіць з нашай краінай, з нашым лёсам, з нашай будучыняй”.

Філосаф Валянцін Акудовіч:

“Неверагодная значнасць БНР у тым, што ўпершыню у гісторыі беларусаў з’явіўся і пачаў рэалізоўвацца праект уласнай дзяржавы, іншымі словамі – уласны дом, нацыянальны дом, які б атуліў беларусаў ад скразнякоў бязмежжа”.

Персоны:
Тэмы: