Фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus

07 снежня 2017

Калі: 14-17 снежня 2017

Дзе: кінатэатр Мір, Цэнтр культурных інавацый Оk16, Гістарычная майстэрня

Дакументальнае кіно сусветнага ўзроўню ў Мінску

Уваход вольны!

Watch Docs Belarus упершыню выходзіць на вялікі экран – адной з пляцовак Фестываля стаў кінатэатр Мір. Апроч гэтага мы зрабілі першы крок да большай даступнасці кінапаказаў – 4 фільмы маюць субтытры, адаптаваныя для нячулых людзей (Горкі шакалад, Злавіць Хайдэра, Джунглі сёння, Зруйнаваная памяць).

Фестываль не мае буйных спонсараў. Ён арганізаваны на сродкі, сабраныя праз краўдфандынг, з дапамогай валанцёраў і па ініцыятыве грамадскай арганізацыі Звяно. Фестываль праводзіцца ў трэці раз.

Усе фільмы транслююцца на мове арыгіналу з субтытрамі па-руску або па-беларуску.

Галоўная місія Фестываля – прыцягнуць увагу да найбольш актуальных падзей сучаснасці і стварыць прастору для іх абмеркавання. Фільмы і дыскусіі сёлета прысвечаныя 3-м асноўным тэмам – папулізму, памяці і вялікаму свету, у якім мы ўсе жывем. Дакументальныя гісторыі з розных куткоў свету, што будуць паказаныя за 4 дні Watch Docs Belarus, не толькі цікавыя самі па сабе, але і сугучныя таму, што адбываецца ў Беларусі. Менавіта таму пасля паказаў каманда прапануе глядачам узяць удзел у спецыяльных падзеях Фестываля.

Вы яшчэ можаце паспець падтрымаць праект праз платформу ТАЛАКА!

Тры фільмы, якія рэкамендуе каманда Watch Docs Belarus:

Хто смяецца апошні – пра тое, як смех ратуе ад смерці. Расповяды выжылых у Халакосце.

Спытай сэксперта – насычаная гумарам і сур’ёзнымі пытаннямі гісторыя 93-гадовага сэкс-кансультанта з Мумбаі.

Рызыка – стужка, працуючы над якой рэжысёрка Лаўра Пойтрас максімальна блізка падыйшла да Джуліяна Асанжа. І ёй не спадабалася ўбачанае.

Больш інфармацыі пра фільмы ТУТ.

Спецпадзеі Фестываля Watch Doc Belarus

Адкрыццё Фестываля

18.30, 14 снежня, кінатэатр Мір

Стартуе Фестываль з фільма Горкі шакалад Бентэ Форрэра (2016 год). Стужка распавядае гісторыю галандскага журналіста Тэўна Ван Дэр Кёкена, які пачаў журналісцкае расследаванне ў галіне вытворчасці шакаладу, сутыкнуўся адзін на адзін з гігантамі прамысловасці і ў выніку заснаваў сваю паспяховую кампанію ў Нідэрландах.

Фільм мае субтытры, адаптаваныя для нячулых і слабачулых людзей. На адкрыцці будзе працаваць сурдаперакладчык.

Дыскусія «Папулізм у сучасным грамадстве: чаму ён працуе і як»

19.00, 15 снежня, кінатэатр Мір

Нагодай для размовы стане фільм Адкуль бярэцца пыл і куды знікаюць грошы Ційта Аясоо і Эне-Лііас Сэмпера пра папулісцкую партыю «Адзіная Эстонія», якая паспяхова вяла перадвыбарчую кампанію, пакуль яе заснавальнікі – акторы эксперыментальнага эстонскага тэатра – не абвесцілі сканчэнне перфоманса. Пасля фільма разам пагаворым пра тое, чаму галасуюць за тых, хто прапануе толькі прыгожыя лозунгі і чаму папулісцкія захады дасюль спраўна працуюць. Госці размовы – сябра эстонскай партыі рэформаў Сільвер Мейкар і дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Мадэруе дыскусію журналіст Сяржук Харытонаў.

Чаму ГУЛАГ – дасюль актуальная з’ява

13.00, 16 снежня, кінатэатр Мір

Абмеркаванне фільма «Чыстыя» разам з гульцамі каманды «Крумкачы»

15.00, 16 снежня, кінатэатр Мір

Фільм Майі Зінштэйн Чыстыя паказвае, што можа здарыцца ў ізраільскай футбольнай камандзе, за якую заўзеюць артадаксальныя габрэі, калі ў ёй з’явяцца гульцы-мусульмане. Пасля прагляду разам з «Крумкачамі» абмяркуем, наколькі для Беларусі актуальныя праблемы, паказаныя ў фільме – як будуюцца  стасункі гульцоў  з фанатамі, ці актуальная праблема шавінізма і рэлігійнай нецярпімасці ў беларускім футболе.

Кінаноч

23.59, 16 снежня, Ок16

Самае інтымнае перажыванне Фестываля! Бярыце коўдру, тэрмакубкі з кавай, каханых ды сяброў і правядзіце ноч з дакументальным кіно. Гэтыя 4 стужкі таго вартыя.

Чарговасць паказу фільмаў: Спытай сэксперта (працягласць – 80 хвілін), Злавіць Хайдэра (працягласць – 91 хвіліна, субтытры адаптаваныя для нячулых), Джунглі сёння (працягласць – 72 хвіліны, субтытры адаптаваныя для нячулых), Катастрофа (працягласць – 55 хвілін).

Героі беларускай архітэктурнай спадчыны

15.00, 17 снежня, кінатэатр Мір

Фільм Ціма Слэйда «Зруйнаваная памяць» – відовішчны і трагічны аповяд пра тое, як знішчаецца гістарычная спадчына Сірыі і не толькі, але знаходзяцца героі, што ратуюць яе часам цаною ўласнага жыцця. Як бы далёкай нам не падавалася Сірыя, але і ў Беларусі ёсць свае руіны, што засталіся ад былых войнаў: замкі, сядзібы, сінагогі і кляштары. Сумесна з Беларускім камітэтам ICOMOS і часопісам Гарадскія тактыкі пагаворым пра нашу культурную спадчыну, яе герояў і антыгерояў.

Тэмы: