Кампанія па перавыданню апошняй кнігі Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”

12 сакавіка 2018

Пачалася кампанія ў падтрымку новага выдання кнігі выбітнага мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава. “Колер Беларусі” – гэта захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў.

Чаму ў беларускай традыцыйнай культуры амаль няма апісанняў зімовых краявідаў і снегу? Як звязаны чырвоны колер з развіццём тэхналогій? Што яднае шэры і зялёны? Чаму «красным» у Беларусі называлі зялёны колер? І ўрэшце – якім ёсць колер Беларусі? Адказы на гэтыя пытанні – не проста забаўныя цікавосткі, але і падставы для прафесійнай працы. Для архітэктараў, дызайнераў, мастакоў і краязнаўцаў гэта новая веда. Яна дае магчымасць уключаць сваю працу ў гістарычны кантэкст, прастору культуры і мясцовы ланшафт, чаго сёння так моцна бракуе ў стварэнні гарманічнага асяроддзя. Але гэты альбом не толькі для прафесіяналаў, ён дае новы погляд на нашую паўсядзённаяць і ўпадабанні, на саміх сябе і сваю культуру.

Дызайнерскі альбом “Колер Беларусі” стаў апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава. Ён спалучае ў сабе візуальную і літаратурна-даследчую частку, ствараючы эфект поўнага пагружэння ў колеравы свет Беларусі. 

Выстава, прымеркаваная да выхаду кнігі “Колер Беларусі”, 28 лютага 2017 г.

Кніга стала завяршальным этапам шматгадовай працы аўтара і была выдадзена ў 2017-м годзе абмежаваным накладам, які адразу разышоўся сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Міхала Анемпадыстава. У кнізе апісаныя сем колераў, якімі “пафарбаваная” беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны. Кожны “энцыклапедычны артыкул” праілюстраваны дзясяткамі фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колера ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

Падтрымаць кампанію і перадзамовіць кнігу можна на платформе Ulej.by

Дызайнерскі альбом ужо паспеў стаць каштоўным артэфактам сучаснай беларускай культуры, дзе ў непаўторным стылі аўтара адбываецца пошук Беларусі. Краўдфандынгавая кампанія дае магчымасць усім жадаючым замовіць кнігу і стаць уладальнікам унікальнага выдання, створанага  нашым геніяльным сучаснікам. Кампанія працуе па прынцыпе перадзамовы:  падтрымаўшы праект, чытачы атрымаюць кнігу па нізкім кошце. Адзін асобнік будзе каштаваць 40 рублёў. Пры замове некалькіх экзэмпляраў кошт будзе меншым. Да ўдзелу запрашаюцца таксама асобы і кампаніі, якія гатовыя выступіць спонсарамі, каб кніга магла патрапіць у бібліятэкі, культурніцкія ўстановы і публічныя прасторы.

Заходзьце на старонку праэкта і замаўляйце кнігу!

Персоны:
Падзеі:
Тэмы: