
Лятучы ўніверсітэт у межах міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE запрашае да разважання пра актуальнае становішча каларыстычнай культуры ў Беларусі і перспектывы зменаў на гэтым полі. Круглы стол “Культура колера. Колер у культуры” адбудзецца 24 сакавіка, у дзень закрыцця выставы Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі” у галерэі Беларускага саюза дызайнераў на Брылеўскай, 14, пачатак а 18.00.
Колер як феномен культуры, як маркер пэўнай культурнай традыцыі, як сродак і спосаб яе развіцця… Колер у дызайне, літаратуры, у камунікацыі, рэкламе, палітыцы – вывучэнне і выкарыстанне колера як функцыянальнага інструмента ў розных сферах дзейнасці становіцца сёння актуальнай тэмай міждысцыплінарных даследаванняў. Наколькі добра мы валодаем культурай колера? Наколькі добра ведаем гісторыю і ролю колераў у сваёй традыцыі?
Разам з аўтарам выставы і запрошанымі экспертамі – Вольгай Лабачэўскай, Тодарам Кашкурэвічам, Ленінай Міронавай, Элінай Шындлер, Дзмітрыем Сурскім – прапануем закрануць некаторыя аспекты гэтай тэмы: актуалізацыя традыцыі і ведаў, непарыўнасць, пераемнасць беларускай традыцыі, пераасэнсаванне зместу ў адпаведных нашаму часу формах; колер і сучасныя тэхналогіі; метадалогія даследаванняў па каларыстыцы – навуковы, творчы, рэканструктыўны падыходы; культура колера і сучасная адукацыя ды інш. Мадэруе сустрэчу Тацяна Вадалажская.
Па заканчэнні гутаркі запрашаем на нефармальную частку “Колер беларускага фры-джазу”, атмасферу і настрой якой створаць спантанныя імправізацыі ансамбля Віктара Сямашкі “Фантастычныя Плыўцы”.
Jam session пачнецца а 20.00.
Уваход вольны!
Гэтымі падзеямі завершыцца выстава “Колер Беларусі” у Мінску. Але наперадзе яшчэ прэзентацыя аднайменнай кнігі – сачыце за навінамі на сайце Лятучага ўніверсітэта!
____________________________________
Даведка “Лятучага”:
Міжнародны праэкт “CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement” рэалізуецца Асацыяцыяй агенцтв мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь” (Лiтва).
Праект разгортваецца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы ЕС “Усходняе партнёрства” пры iнфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы арганiзацый-партнёраў:
Цэнтра культурнага менеджменту (Львоў, Украіна);
Нацыянальнага камітэта ICOM (Кішынёў, Малдова);
Адукацыйна-даследчага фонда Millennium (Ерэван, Арменiя);
Грамадскага аб’яднання “Цэнтр сацыяльных інавацый” (Мінск, Беларусь).
Беларуская частка праекта — “CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць” — грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекта маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.