
20 верасня ECLAB запрашае на публічную лекцыю сацыёлага, гісторыка Міхаіла Габовіча, а 21 верасня – на дыскусію з яго ўдзелам.
Міхаіл Габовіч – навуковы супрацоўнік Эйнштейнаўскага Форуму (Патсдам, Германія), у мінулым – рэдактар часопісаў “Недатыкальны запас” і Laboratorium. Аўтар даследавання пратэстнай культуры Расіі і іншых кніг і даследаванняў.
Публічная лекцыя Міхаіла Габавіча “Нямецкая мадэль культуры памяці: як яе ўспрымаюць за межамі Германіі?” адбудзецца 20 верасня ў Галерэі “Ў” (вул. Кастрычніцкая, 19). Пачатак а 19-й.
Міхаіл Габовіч прадставіць свой новы зборнік “Replicating Atonement: Foreign Models in the Commemoration of Atrocities” (Palgrave Macmillan Memory Studies, 2017).
Ва ўсім свеце ў дыскусіях аб калектыўнай памяці, адказнасці і пакаянні рана ці позна ўзнікаюць адсылкі да вопыту іншых краін. Часцей за ўсё ў якасці ўзору паспяховай “прапрацоўкі мінулага” называюць Нямеччыну. Зборнік артыкулаў “Прайграць пакаянне” прапануе канструктыўную крытыку падобных уяўленняў. У кнізе аналізуецца, як канструююцца “мадэлі” прапрацоўкі мінулага і якую палітычную і дыскурсіўную ролю яны адыграваюць ва ўнутраных дыскусіях і знешніх уяўленнях пра стаўленне да мінулага ў самых розных краінах і рэгіёнах. Асобныя часткі кнігі прысвечаны Японіі, Лівану, Турцыі, былой Югаславіі, Аргентыне, Руандзе, СССР/Расіі, Канадзе і ЗША.
21 верасня ў 19-00 у ECLAB (Кастрычніцкая, 19б) размова працягнецца ў межах дыскусіі “Святкаванні 9 траўня: параўнальны аналіз вопыту постсавецкіх краін”.
У 2013 годзе быў рэалізаваны міжнародны праект “Помнік і свята”, у межах якога вывучаліся асаблівасці святкавання 9 траўня ў публічных прасторах гарадоў у шэрагу краін, уключаючы Беларусь, і стаўленне да гэтага свята розных грамадскіх груп. Што змянілася за 5 год і якія пытанні сёння ўзнікаюць у сувязі з гэтым святам, будзе абмяркоўвацца падчас дыскусіі.
Удзельнікі дыскусіі:
сацыёлаг, гісторык Міхаіл Габовіч (Эйнштэйн-Форум, ФРГ),
сацыёлаг Аляксей Ластоўскі (Інстытут “Палітычная сфера”/Полацкі дзяржаўны універсітэт).
Мадэратар – гісторык Аляксей Братачкін (ECLAB).