6 красавіка ў Брэсце адбудзецца дыскусія пра тое, як праца з успамінамі мяняе нашы ўяўленні пра сябе і пра гісторыю.
Дзённікі, біяграфічныя успаміны, асабістыя аповеды займаюць усё больш месца ў нашым разуменні гісторыі сваёй краіны, супольнасці, сям’і і саміх сябе. Яны даюць новую веду пра падзеі і факты, што доўгі час адмыслова хаваліся і замоўчваліся. Яны адкрываюць знаёмыя са школы падзеі з іншага боку, калі побач з дзяржавамі, арміямі і героямі узнікае “звычайны чалавек” з ягонай праўдай і ягоным разуменнем.
Але ўспаміны – гэта не толькі новая веда. Дакументальныя спектаклі, вусная гісторыя, мастацка-дакументальная проза Святланы Алексіевіч патрабуюць перагляду сталых уяўленняў пра навуку, культуру і мастацтва. Свая і чужая памяць становіцца крыніцай для новых пытанняў і пошуку адказаў пра саміх сябе.
6 красавіка, падчас сустрэчы “Памяць: шлях ад фактаў да ідэнтычнасці” мы паспрабуем разабрацца і зразумець, як сёння адбываецца праца з успамінамі. Якім чынам – індывідуальна і супольна – мы звяртаемся да памяці? Што мы можам атрымаць новага з гэтага звароту?
Падчас сустрэчы Вольга Іванова прадставіць матэрыялы вуснагістарычных даследаванняў. На прыкладзе аднаго з аповедаў яна прапануе паразважаць пра шлях фармавання індывідуальнай ідэнтычнасці, пра механізмы памяці і расповеду.
Аксана Гайко прадставіць прыклад працы з успамінамі ў жанры дакументальнага тэатра і распавядзе пра пераасэнсаванне супольнай гарадской гісторыі і пераадоленне траўмы.
Разам з Тацянай Вадалажскай паразважаем пра развіццё сучасных тэхнічных сродкаў працы з памяццю.
6 красавіка
Брэст, Прастора КХ (вул.Халтурына 2/1)
Пачатак у 19:00
Уваход вольны!
Сустрэча адбудзецца ў межах кампаніі Лятучага ўніверсітэту ВЕДЫ ONLINE, што арганізуе серыю дыскусійных сустрэчаў з выкладчыкамі платформы ў Брэсце, Гродна, Віцебску і Бабруйску.
Анлайн і афлайн – два бакі адукацыйнага і мысленчага працэсу. Анлайн – гэта зручнасць, дасяжнасць і новыя магчымасць. Але ёсць і іншы бок. Нішто не заменіць сустрэчы чалавека з чалавекам сам-насам у тым, каб набыць разуменне, адшукаць адказы на вострыя і складаныя пытанні.
Дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэту прапануе анлайн-курсы, каб увайсці ў тэму, засвоіць базавыя веды і зразумець, з кім са спецыялістаў ды навукоўцаў варта далей разгортваць камунікацыю, куды паглыбляцца. Сустрэчы “у жывую” – гэта магчымасць для супольнага абмеркавання праблем, асэнсавання пытанняў, крытыкі і рэфлексіі.
Удзельніцы сустрэчы:
Вольга Іванова – архівазнаўца, кандыдат гістарычных навук. Адна з распрацоўшчыкаў анлайн-праекта Беларускі архіў вуснай гісторыі, аўтараў анлайн-курсу “Прамоўленая гісторыя”.
Аксана Гайко – акторка, рэжысерка, дырэктарка тэатра “Крылы халопа”. Адна з аўтараў праекту Brest Stories Guide.
Тацяна Вадалажская – сацыёлаг, метадолаг, каардынатарка Лятучага ўніверсітэта.