Пераможца Гедройца-2017 — Зміцер Бартосік

31 кастрычніка 2017

Сёння, 31 кастрычніка, абвясцілі пераможцу літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Уладальнікам галоўнай узнагароды  стаў Зміцер Бартосік, аўтар кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы».

Зміцер Бартосік, пераможца Гедройца-2017

Другое месца прысуджана Людміле Рублеўскай, аўтарке кнігі «Дагератып», трэцяе — Адаму Глобусу з кнігай «Зваротная пэрспэктыва».

Нагадаем, што ў шорт-ліст Гедройца-2017 патрапілі 7 кніг:

Зміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы.
Валер Гапееў. Ноч цмока.
Адам Глобус. Зваротная перспектыва.
Андрусь Горват. Радзіва «Прудок». Дзённік.
Сяргей Календа. Падарожжа на край ложка.
Людміла Рублеўская. Дагератып.
Аляксей Талстоў. Апоўначы на сіялімскім мосце.

У журы прэміі сёлета увайшлі Міхась Андрасюк, Раіса Баравікова, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава, Павел Касцюкевіч, Ціхан Чарнякевіч.

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Яна даецца за найлепшую кнігу мастацкай прозы, выдадзеную ў мінулым годзе. Аўтар кнігі, якая заняла трэцяе месца, атрымае двухтыднёвы творчы адпачынак у Берлінскім літаратурным калёквіюме; другое — творчую стыпендыю ў Доме творчасці пісменнікаў на выспе Готланд у Швэцыі; пераможца прэміі — чэк на 5000 еўра.

Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016).

Падзеі: