
Футуралагічная прэзентацыя новага рамана Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы” адбудзецца 7 сакавіка ў Кнігарні Логвінаў. Пачатак у 19.00.
“Сабакі Еўропы” – гэта некалькі гісторый, сплеценых у адзін мудрагелісты вузел, разблытаць які ня дасць рады ніхто. Прынамсі, на гэта спадзяецца аўтар. На старонках кнігі ўступаюць у складаныя алхімічныя рэакцыі гарады, сюжэты, людзі, алюзіі, словы. Што злучае вёску Белыя Росы-13, якая знаходзіцца на тэрыторыі Расейскага Райху, і constructed language, таемную мову бальбута? Нашто беларуская шаптуха выпраўляецца на далёкую трапічную выспу, дзе будуецца ідэальная краіна Крыўя? Што за пасланне закапалі ў лесе вучні звычайнай сярэдняй школы, і чый труп знаходзяць у 2049 годзе ў танным берлінскім гатэлі?
“Сабакі Еўропы” – гэта шэсць паралельных сусветаў Беларусі ў новых фантастычных апавяданнях, – кажа Сяргей Шупа, рэдактар рамана. – Так у нас не пісаў яшчэ ніхто. Нават Бахарэвіч”.
Фота Юліі Цімафеевай
Аўтар 900-старонкавага рамана, “кнігі-выкліка: чытачам, крытыкам, а найперш самому сабе”, прадставіць свой opus magnum. Альгерд Бахарэвіч – пра “Сабакаў”, еўрапейскую літаратуру, мову бальбута, магічныя брамы Менску, кнігарні будучыні, крызіс паэзіі ды ідэальную Беларусь.
На ФБ кнігарні Логвінаў можна задаць абсалютна любое пытанне Бахарэвічу пра мінуўшчыну і будучыню і атрымаць адказ на прэзентацыі.