Прэзентацыя Анталогіі беларускага мыслення ў Гомелі

03 лістапада 2016

Лятучы ўніверсітэт

Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”

запрашаюць

МАКСІМ ЖБАНКОЎ, ПАВАЛ БАРКОЎСКІ

СУЧАСНАЕ БЕЛАРУСКАЕ МЫСЛЕННЕ: АСОБЫ, ТЭКСТЫ, КАНТЭКСТЫ

прэзентацыя анталогіі “Код прысутнасці” і зборніка “Цытуй сваё”

9 лістапада, Гомель, Тайм-клуб “Флэт”, 18.00

9 лістапада Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” запрашаюць на сустрэчу з філосафамі Максімам Жбанковым і Паўлам Баркоўскім, падчас якой будуць прэзентаваныя выдавецкія праекты Году беларускага мыслення – Анталогія “Код прысутнасці” і зборнік “Цытуй сваё”. Імпрэза адбудзецца ў гомельскім Тайм-клубе “Флэт”, пачатак а 18.00.

Невялічкі, амаль кішэнны варыянт зборніка “Цытуй сваё” паўстаў у лютым 2016 году як вынік працы шэрагу грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, ён прадстаўляе сабой збор цытатаў беларускіх мысляроў, мастакоў, культурных і грамадскіх дзеячоў. Анталогія беларускага мыслення “Код прысутнасці”, выдадзеная Лятучым ўніверсітэтам і Беларускім Калегіюмам, пабачыла свет у красавіку 2016 году. Сабраныя ў ёй амаль два тузіны тэкстаў самых розных жанраў і стыляў ствараюць панараму імёнаў, думак, канцэптаў, якія вызначалі інтэлектуальны пошук беларусаў за апошнія 15 год. Розныя па фармаце і змесце, гэтыя два выдавецкія праекты кожны па-свойму прад’яўляюць беларускую думку шырокаму колу грамадства і робяць мысленне фактам і падзеяй беларускай культуры. І кожны з іх задае асаблівую оптыку нашага погляду на інтэлектуальнае жыццё новага тысячагоддзя.

Якое яно – сучаснае беларускае мысленне? Якія ідэі і адметнасці задаюць яго стыль, вызначаюць яго “беларускасць” і “сучаснасць”? Якія героі, знакавыя падзеі ствараюць разнастайнасць зместу? Якія тэмы найбольш хвалююць інтэлектуалаў?

Паспрабуем шукаць адказы на гэтыя пытанні, разважаць і спрачацца пра пакручасты лёс мыслення, пра яго паўставанне і сталенне ў гутарцы з тымі, хто непасрэдна стварае прастору мыслення – аўтарамі тэкстаў, ініцыятарамі цікавых інтэлектуальных праектаў і ўдзельнікамі шматлікіх дыскусій: культуролагам і філосафам Максімам Жбанковым і філосафам Паўлам Баркоўскім.

Імпрэза адбудзецца 9 лютага ў гомельскім Тайм-клубе “Флэт” (вул. Галавацкага, 19, гатэль “Надзея”, 2-гі паверх), пачатак а 18.00.

Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да падзеі!

На прэзентацыі можна будзе набыць Анталогію, а аўтары самых цікавых пытанняў філосафам атрымаюць у падарунак зборнік “Цытуй сваё”.

Каардынатар сустрэчы ў Гомелі – Яўген Меркіс:  +375447494166