Прэзентацыя кнігі Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі»

23 мая 2017

У перадапошні дзень вясны адбудзецца доўгачаканая прэзентацыя кнігі мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі». Лятучы ўніверсітэт запрашае ўсіх зацікаўленых 30 траўня ў 19-30 у Галерэю Беларускага саюза дызайнераў (Брылеўская, 14).

З даследваннем «Колер Беларусі» ў фармаце выставы і займальных лекцый цікаўныя да беларускай культуры знаёмыя даўно. Цяпер шматгадовая даследчыцкая праца Міхала Анемпадыстава ўвасобілася ў кнігу — шыкоўны дызайнерскі альбом.

Фотаілюстрацыі з кнігі “Колер Беларусі”

«Візуальны матэрыялы кожнага з раздзелаў: «Белы», «Чорны», «Чырвоны», «Сіні. Блакітны», «Шэры», «Залаты. Жоўты», «Зялёны» суправаджаюць разгорнутыя аўтарскія тэксты. Гэта экскурсы ў культуралогію колераў. Кожны колер прадстае як прадукт культуры, для якога на пэўным этапе гісторыі з’яўляецца адпаведная назва, увасабляючы ягоны знакавы сэнс, сімвалічную інфармацыю, маркёрныя функцыі», — распавядае доктар мастацтвазнаўства, дацэнт катэдры этнаграфіі і фальклору БДУКМ Вольга Лабачэўская, рэцэнзент гэтай даследчыцкай працы.

Фотаілюстрацыі з кнігі “Колер Беларусі”

Філосаф, літаратар і рэдактар кнігі Валянцін Акудовіч азначае яе так: «Калі б мяне папрасілі адным словам ахарактарызаваць кнігу Міхала, дык гэтым словам было б «Патрэбная». Мне яна бачыцца надзвычай патрэбнай кнігай для ўсіх, хто хоча заглыбіцца ў самую сутву Беларусі праз гісторыю яе колераў. І я пэўны, што бальшыня чытачоў адкрые для сябе новы свет, пра існаванне якога нават не здагадвалася, нягледзячы на ўсе свае ўніверсітэты».

Фотаілюстрацыі з кнігі “Колер Беларусі”

Запрашаем далучыцца да імпрэзы, задаць пытанні аўтару і экспертам 30 траўня (аўторак) у 19-30 у Галерэі Беларускага саюза дызайнераў (Брылеўская, 14). Уваход вольны!

Кніга Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» выдадзеная ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.

Па дадатовую інфармацыю звяртайцеся па тэлефонах: +375297422040 (Юлія), +375447424832 (Лізавета).