
Міжнародная выстава World Press Photo 2018, на якой можна пабачыць найлепшыя сусветныя прэс-фатаграфіі 2017 года, з 23 траўня да 12 чэрвеня будзе працаваць у Мінску.
У 1955 годзе група галандскіх фатографаў арганізавала міжнародны конкурс «Сусветнае прэс-фота», каб паказаць свае працы аўдыторыі па ўсёй планеце. З таго часу конкурс развіўся ў найбольш прэстыжнае на свеце спаборніцтва фатографаў, а выставы конкурсу ладзяцца больш як у 100 гарадах 45 краінаў.
Фотаконкурс «Сусветнае прэс-фота – 2018» сабраў 4548 фатографаў са 125 краінаў, якія заявілі на конкурс 73 044 выявы.
Журы, у склад якога ўвайшлі аўтарытэтныя фатографы і фотарэдактары з усяго свету, адзначыла найлепшых фатографаў у васьмі намінацыях («Пільныя навіны», «Агульныя навіны», «Актуальныя тэмы», «Людзі», «Экалогія», «Прырода», «Спорт», «Працяглыя праекты»).
Тытул «Сусветнае прэс-фота – 2018» атрымала праца Ранальда Шэміта. Гэты венесуэльскі фатограф зрабіў для мексіканскай філіі «Agence France-Presse» здымак ахопленага агнём пратэстоўца падчас антыўрадавых выступаў у Каракасе 3 мая 2017 года.
Фотаздымкі, якія перамаглі ў конкурсе, як і ў папярэднія гады, утварылі міжнародную перасоўную выставу. У 2018 годзе выставу «Сусветнае прэс-фота» ўжо пяты раз прымае Беларусь (апошнія тры гады афіцыйным партнёрам праекту выступае культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ). Сёлетняя экспазіцыя надрукаваная на шырокафарматных «Canon» і планшэтных друкарках «Arizona».
Арганізатары конкурсу вераць у моц выявы і важнасць дэманстрацыі высакаякасных візуальных гісторыяў. Іхная мэта – далучыць увесь свет да гісторыяў, якія маюць значэнне.
Культ. цэнтр КОРПУС (пр-т Машэрава 9, корпус 8)
23 траўня-12 чэрвеня
з 12:00 да 21:00
Кошт квітка – 5 рублёў, ільготны – 2,5
Для журналістаў уваход вольны!
Кантакты беларускай каманды выставы «Сусветнае прэс-фота»: events@cech.by; +375257103129