Тэорыі і практыка дэсаветызацыі ў кантэксце трансфармацыйных працэсаў 21-га стагоддзя

20 лістапада 2012

23 лістапада Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» (Літва, Беларусь) і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі (Беларусь) у супрацоўніцтве з Фондам ім. Г. Бёля (Германія) праводзяць у Мінску міжнародны круглы стол «Тэорыі і практыка дэсаветызацыі ў кантэксце трансфармацыйных працэсаў 21-га стагоддзя».

Круглы стол збярэ экспертаў па пытаннях посткамуністычных трансфармацый з Германіі, Расіі, Грузіі і Беларусі для таго, каб пазначыць актуальныя праблемы і паглыбіць разуменне прычын супраціву шэрагу постсавецкіх краін і народаў трансфармацыйным працэсам ў 21-ым стагоддзі.

Паспяховая хваля дэмакратызацыі канца 1980-х – пачатку 1990-х гг., якая ахапіла краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, а таксама Балтыйскія дзяржавы, толькі часткова закранула Украіну і Грузію і практычна пакінула ў баку Беларусь і Расію. У еўрапейскай частцы былога СССР Беларусь стала адпраўной кропкай для зваротнага працэсу кансервацыі і ўстанаўлення кансалідаванага аўтарытарызму неасавецкую тыпу. Пасля відавочнай адмовы Расійскай Федэрацыі ад пабудовы ўстойлівай сістэмы дэмакратычных інстытутаў праблема распаўсюджвання рэваншысцкай аўтарытарнай мадэлі становіцца не толькі казусам асобнай Беларусі, але пагражае ператварыцца ва ўстойлівую рэгіянальную тэндэнцыю. Паспяховасць і незваротнасць трансфармацый залежала, у тым ліку, і ад глыбіні і сістэмнасці дэмантажу элементаў савецкага грамадскага і дзяржаўнага ладу або працэсу дэсаветызацыі: там, дзе дэсаветызацыя была праведзена, дэмакратычныя змены былі больш стабільнымі. Удзельнікі круглага стала абмяркуюць канцэптуальныя і тэарэтычныя пытанні дэсаветызацыі, гістарычны ход і паспяховыя практыкі дэсаветызацыі.

Абмеркаванне будзе тычыцца наступных пытанняў:

-Уплыў савецкага мінулага на сучасны стан посткамуністычных дзяржаў;

-Актуальны стан саветызацыі, дэсаветызацыі і рэсаветызацыі асобных сфер жыцця і дзейнасці;

– Праблемы ажыццяўлення дэсаветызацыі ў актуальных умовах аўтарытарных дзяржаў.

Рабочыя мовы круглага стала – беларуская, руская, англійская. Арганізатары забяспечваюць пераклад.

Запрашаем да ўдзелу ў круглым стале беларускіх даследчыкаў праблем посткамуністычных трансфармацый – філосафаў, сацыёлагаў, палітолагаў, гісторыкаў, культуролагаў – а таксама палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў, якія цікавяцца пытаннямі дэсаветызацыі. Просім Вас для рэгістрацыі да 21 лістапада даслаць нашаму каардынатару заяўку, у якой у вольнай форме ўказаць імя, прозвішча, месца працы і пасаду, кантактныя дадзеныя (тэлефон, эл. пошта, скайп).

З папярэдняй праграмай круглага стала, а таксам з публікацыямі некаторых даследчыкаў можна азнаёміцца на тут.