Цэнтр гарадскога жыцця #uCentry і арт-галерэя “Крыга” запрашаюць гарадзенцаў на ўнікальную выставу мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”. Адкрыцце выставы адбудзецца 2 траўня.
Выстава “Колер Беларусі” ладзіцца Лятучым універсітэтам і грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.
Што ёсць колер? Як выкарыстанне колераў фармуе і ўплывае на нашу ідэнтычнасць? Чаму мы, беларусы, упадабалі адныя і практычна не звяртаем увагі на іншыя колеры? Як выглядае палітра нашага беларускага асяроддзя? Чые каларыстычныя трэнды мы перанялі і як пераасэнсавалі? Гэта ёсць пытанні, адказы на якія нам дае беларускі мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў.
“Я даследую гісторыю і ролю колераў у беларускай культурнай традыцыі ці, калі быць дакладным, у тых культурных традыцыях, якія ўтваралі аснову для паўстання беларускай культуры і з’яўляюцца яе неад’емнымі часткамі”, – кажа Міхал Анемпадыстаў пра тое, як узнікла ідэя выставы “Колер Беларусі”.
У Гродне на выставе можна будзе пабачыць аб’екты, якія з’яўляюцца носьбітамі ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі. Носьбіты гэтыя розныя. Некаторыя з іх архетыпічныя, а разам з тым, настолькі звычайныя, што мы перасталі звяртаць на іх увагу. Іншыя забыліся, зацерліся, зафарбаваліся пазнейшымі культурнымі напластаваннямі і чакаюць на сістэмнае, руплівае аднаўленне. Трэція маюць патрэбу ў дадатковым паясненні кантэкста, семантыкі і сэнсаў.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 2 траўня (аўторак), а 18.30 у супольнай выставачнай прасторы Цэнтру гарадскога жыцця і арт-галерэі “Крыга” па адрасе: Гродна, вул. Савецкая, 3.
__________________________________________________
Даведка “Лятучага”:
Выстава «Колер Беларусі» ладзіцца ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.
Міжнародны праэкт “CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement” рэалізуецца Асацыяцыяй агенцтв мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь” (Лiтва).
Праект разгортваецца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы ЕС “Усходняе партнёрства” пры iнфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы арганiзацый-партнёраў:
Цэнтра культурнага менеджменту (Львоў, Украіна);
Нацыянальнага камітэта ICOM (Кішынёў, Малдова);
Адукацыйна-даследчага фонда Millennium (Ерэван, Арменiя);
Грамадскага аб’яднання “Цэнтр сацыяльных інавацый” (Мінск, Беларусь).
Беларуская частка праекта — “CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць” — грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекта маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.