Праграма на год

Арганізацыя адукацыйнага працэсу і прасторы ў Лятучым універсітэце базуецца на ўласных распрацоўках зместу сучаснай адукацыі і «ўніверсуму ведаў».

З 2016 года працуюць два ўзроўні адукацыі ў Лятучым універсітэце

Першы узровень – слухачы Лятучага ўніверсітэта:

адкрытая прастора засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практыках, знаёмства з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка.

Для каго? Для ўсіх, хто шукае новых сэнсаў, мае пытанні і праблемы, гатовы да зменаў у сабе і ў свеце. Узрост, адукацыя і прафесія не маюць абмежаванняў. Здольнасць да ўдзелу вызначаецца гатоўнасцю да супольнага мыслення і адпаведнасцю ўзроўню, які задае выкладчык.

Як патрапіць? Трэба падаць заяўку на абраны вамі курс (па адмысловай спасылцы). З вамі звяжацца адміністратар, каб праінфармаваць аб раскладзе. Падаць заяўкі можна на любую колькасць курсаў, пры гэтым разлічваючы на свае фізічныя і інтэлектуальныя сілы і магчымасці.

Што ў выніку? Вы не атрымаеце дыпломаў ці пасведчанняў па заканчэнні курсаў. Але вы зможаце знайсці Настаўніка ці “сваё кола”. Гэтая праца можа стаць важным крокам у вашай жыццёвай ці адукацыйнай траекторыі. Тое, што вы атрымаеце,– ёсць абсалютна ваш здабытак і залежыць ад вашай адказнасці і магчымасці скарыстацца ўмовамі і асяродкам для развіцця. Гэты ўзровень уключае курсы і семінары, якія даюць магчымасць пазнаёміцца з арыгінальнымі беларускімі філасофскімі канцэпцыямі, метадамі працы з мінулым, засвоіць герменэўтычную працу з тэкстамі і паглыбіцца ў “прыгоды ідэяў”, якія задаюць культурны падмурак беларускай і еўрапейскай культуры.

Курсы і семінары першага ўзроўню абвяшаюцца кожны год ўвосень.

Цягам верасня-кастрычніка ідзе запіс слухачоў.

 

Другі ўзровень: Школы Магістраў Гульні.

Гульня – спосаб пабудовы чалавекам свету, стварэння культуры, мыслення і дзеяння. Гэта сучасная форма арганізацыі мыслення, у якой пераадольваецца разрыў паміж тэорыяй і практыкай, здымаюцца праблемы падзелу на навуковыя дысцыпліны і эклектычнасць міждысцыплінарных штудый, вырашаюцца пытанні няспыннага росту ведаў і немагчымасці чалавека знайсці арыенціры і падмуркі для мыслення і дзейнасці ў сучасным свеце.

Школы Магістраў Гульні ствараюць дадатковую ступень у структуры адукацыі Лятучага ўніверсітэта, якая разлічана на супольную інтэлектуальную працу невялікіх групаў у шчыльнай камунікацыі з Настаўнікамі – беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі.

Для каго? Кожная Школа вызначае сваё кола адмыслоўцаў, якім прапануецца “прасунуты” узровень і супраца ў вызначаным накірунку. Агульнымі патрабаваннямі з’яўляюцца: амбіцыі і развітае ўяўленне, каб ствараць новыя сэнсы і практыкі; устаноўка “Думаць Беларусь” (накіраванасць на “практыку мыслення” і “практычнае мысленне”); прыняцце ідэяў і прынцыпаў супольнага стварэння новага Універсітэта.

Як трапіць? “Школы Магістраў Гульні” прадугледжваюць строгі адбор і фармаванне невялікіх групаў. Кожная Школа будзе праводзіць адбор па асабістых крытэрах і формах. Пасля падачы заяўкі з вамі звяжацца адміністратар і прызначыць час сумоўя.

Што ў выніку? Паспяховае заканчэнне Школы будзе адзначацца наданнем выпускнікам тытулу “Магістар Гульні”, што запачаткуе новую генерацыю мысляроў і стваральнікаў Беларусі.

Усе школы разлічаны на два з паловай гады: са студзеня 2016-га па травень 2018-га года.

МЕТАДАЛАГІЧНАЯ ШКОЛА прапануе засваенне, развіццё і практыкаванне сучасных формаў супольнага мыслення і выбудовы будучыні праз практыку і развіццё ідэяў. Кіраўнікі Школы – Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская

ШКОЛА ГІСТОРЫІ ІДЭЙ арыентавана на выбудову інтэлектуальнага кантэксту, звязкі традыцыі і сучасных умоваў мыслення на памежжы гісторыі філасофскай думкі, інтэлектуальнай і культурнай гісторыі.  Кіраўнік Школы – Ігар Бабкоў.

ШКОЛА ВКЛ звернецца да спадчыны, каб пераўтварыць веды пра мінуўшчыну ў актуальны жывы падмурак цяперашняга самаразумення, культуры і пабудовы будучыні. Кіраўнік Школы – Алег Дзярновіч.

ШКОЛА САЦЫЯЛЬНА-ФІЛАСОФСКАЙ АНАЛІТЫКІ паглыбіцца ў выбудову сацыяльнага ўяўлення пра беларускае грамадства, стварэнне тэкстаў, у якіх схопліваецца сучаснасцьАрганізатары Школы – супольнасць “Беларускай Філасофскай прасторы”

  • Усе заняткі бясплатныя

  • Заняткі першага і другога ўзроўня будуць праходзіць па вечарох і пераважна ў працоўныя дні

  • Па дадатковых пытаннях можэце звяртацца па адрасе flyuniby@gmail.com