На мінулым тыдні ў музеі Азгура адбылася прэм’ера спектакля “Anti[gone]” у пастаноўцы Аляксандра Марчанкі. Гэты спектакль – “спараджэнне” першага з адбыўшыхся ў Беларусі семінара “Адказнасць. Каштоўнасці. Будучыня”, праведзенага па тэхналогіі Аспен-семінараў. Тэхналогія гэтая на першы погляд вельмі простая: эксперты і лідэры з розных сфер збіраюцца разам, каб на працягу некалькіх дзён чытаць, абмяркоўваць і асэнсоўваць з розных перспектыў важныя філасофскія тэксты. Адзін з “правадыроў” Аспен-тэхналогіі ў Беларусі Андрэй Ягораў назваў Аспен-семінары “культуратэрапіяй сацыяльных разрываў”, маючы на ўвазе іх асноўную функцыю, якая дазваляе аднаўляць сувязі паміж людзьмі з вельмі розных сфер і пластоў грамадства праз апеляцыю да базавых тэкстаў, каштоўнасцяў і сэнсаў культуры. “Anti[gone]” дэманструе, відаць, іншы не менш важны эфект – ліквідацыю разрываў у трансляцыі культуры.
Пастаноўка спектакля “Антыгона” паводле п’есы Сафокла – адзін з базавых элементаў правядзення Аспен-семінараў, аднак за межы самога семінара гэтыя пастаноўкі выходзяць рэдка. Пра з’яўленне спектакля “Anti[gone]” яго рэжысёр, Аляксандр Марчанка, ў інтэрвью “Культпрасвету” распавядае так: “У нашых бурных спрэчках (падчас семінара – заўв. рэд.) мы вырашылі паспрабаваць адшукаць гісторыі з сённяшняга дня, якія былі б сугучныя з узаемаадносінамі і канфліктамі з п’есы Сафокла. І толькі потым, калі семінар скончыўся, у мяне асабіста паўстала адчуванне каштоўнасці таго, што распавядалі ўдзельнікі, для больш шырокага кола людзей. Мне здаецца, гэта нейкая альтэрнатыва сёньняшняй грамадзянскай супольнасці, якая, скажам так, прадстаўлена ў мас-медыя. Ёсць адзін дзіўны момант: тыя людзі, якія бачныя нам, яны ж нябачныя большасці людзей. Мы жывем і не ведаем, што, аказваецца, ёсць людзі, побач з якімі можа быць цікава і можа адбывацца нешта важнае ў чалавечым сэнсе. Але калі мы неспадзявана дастанем сябе са сваёй «кансервавай банкі», мы ўбачым зусім іншых людзей, зусім іншыя гісторыі, іншыя праблемы, іншую інтанацыю”.
Сам спектакль разгортваецца ў двух нібы паралельных прасторах – прасторы сцэны, дзе ў сольным выкананні Дар’і Новік(яна ж аўтар музыкі) гучыць тэкст Сафокла, і прама ў залі сярод гледачоў (як быццам у жыцці), у маналогах нашых сучаснікаў-суграмадзян. У гэтай ролі выступілі ўдзельнікі семінара – публічныя персоны і вядомыя актывісты: Раман Касціцын, Крысціна Марчук, Іван Ведзенін, Андрэй Аляксандраў, Марына Штрахова, Уладзімір Шаблінскі, Марына Калініна, Алесь Крот, Андрэй Ягораў, Таццяна Вадалажская.
“Эклектыка жанраў – оперы і эстэтыкі экспертнага тэатра – спачатку бянтэжыць і насцярожвае, здаецца надуманай і нязручнай. Але менавіта гэты прыём прымушае глядзець, слухаць і шукаць сувязі – паміж чароўным космасам эпохі Антыгоны і нашай “сумнай” сучаснасцю, якая ў выніку перамагае гісторыю”, – піша ў “Беларускім журнале” Таццяна Арцімовіч.
Наогул, хто каго “перамагае” – тэма, якая гучыць у шматлікіх водгуках на спектакль, хоць гэтае пытанне, падаецца, народжана ня столькі самой пастаноўкай, колькі правакацыйным анонсам, які сапраўды запытваў: “Ці стануць яны (рэальныя людзі з іх рэальнымі гісторыямі – заўв. рэд.) пратаганістамі або галоўнай гераіняй застанецца Антыгона?”. Але ў “Anti[gone]” героі з розных эпох не ваююць адзін з адным, насупраць, гісторыі нашага часу ўплятаюцца і па-іншаму раскрываюць усе тыя драмы і канфлікты, якія прыпісаў сваім героям Сафокл. Сённяшнія “героі” “Anti[gone]” адказваюць на ўсе тыя ж пытанні, якія мы прызвычаіліся называць “вечнымі”, і назваўшы іх так, адмовіліся лічыць сваімі. А яны тут, паўстаюць перад намі, патрабуюць адказу і выбару – і нам даводзіцца адказваць і выбіраць.
Апісваючы пастаноўку як своеасаблівы варыянт “тэатра экспертаў”, Таццяна Арцімовіч заключае: “Усе разам эксперты ўяўляюць сабой хор як важнейшы персанаж антычнай трагедыі. Толькі ў сучаснасці гэты хор больш не ананімны і некалектыўны. Гэта галасы індывідуальнасцяў, кожны з якіх можа і павінен быць пачуты, і гэтыя галасы гучаць не з “кафедры”– сцэнічнай пляцоўкі, але даносяцца з залі – яны сярод нас. Гэта і ёсць сучасная Антыгона, чыё цела распадаецца на мноства цел рознага полу і ўзросту, з татуіроўкамі, дрэдамі ці без, рознымі біяграфіямі і сістэмамі каштоўнасцяў”.
Наступны раз пастаноўку “Anti[gone]” можна будзе ўбачыць толькі ўвосень. Магчыма, напачатку верасня, але ўжо дакладна – у межах фестываля “Тэарт” у кастрычніку. І гэта будзе ўжо, напэўна, трохі іншы спектакль – магчыма, некалькі зменіцца склад удзельнікаў, ды і іх гісторыі кожны раз гучаць крыху па-іншаму. Тлумачачы, чаму ён практычна не ўмешваецца ў тое, што і як распавядаюць ўдзельнікі “Anti[gone]”, Аляксандр Марчанка сказаў: “Гэта ж жывыя людзі, яны самі сведкі свайго жыцця”. Калі і ёсць у нас у чым перавага перад той, сафоклаўскай, Антыгонай – дык менавіта ў гэтым.